Выбрать главу

...Косткі бразнулі на вуглі і ўзнялі гурбы іскарак. З шыпячым шкварчэннем на вуглях задымілася сэрца мядзьведзя. Праз колькі хвілінаў мармытання і шэптаў, вядзьмарка ўзвізгнула і замаўчала... Потым паволі ўзняла касматую галаву і з выдыхам прамовіла:

– Хлопчык. Але гэта вельмі рэдкія знакі. Бачу, трубіць у вялізны рог і валіць кашлатых вояў. Таму дай яму імя Рогвал. Ён адпомсціць у паўночных фіордах за твайго сваяка і завалодае землямі конунгаў. Ён дапаможа брату, твайму другому сыну, які будзе біцца як тур на поўдні і пабудуе горад у свой гонар. Рогвал пераможа ўсіх ворагаў Гардарыкі, але спасцігне смерць ад закаханага мсціўца. Бачу спаленне княства, забойства яго і ягоных сыноў. Ягоная дачка, твая ўнучка – яе назавуць таксама ў гонар ваярскага рога – паедзе праз няволю княжыць у Кійгард. Яе сыны, твае праўнукі, будуць вялікімі конунгамі на поўдні і на поўначы, але не здолеюць жыць мірна між сабою. Дочкі яе, твае праўнучкі, стануць жонкамі вялікіх уладарных каралёў і пачнуць славутыя роды. Бачу, твой унук, вуглі паказваюць імя Озас, вернецца на твае землі і пачне вялізны род, які будзе кіраваць доўга. Праўнук тваёй унучкі будзе славутым конунгам-Чараўніком. Памяць пра тваіх нашчадкаў будзе на вуснах многіх пакаленняў і ў працягу бязлічных вёснаў... Я стамілася...

– Вандроўнік да князя Боша.

– Адкуль ён, якога народу?

– Кажа з Царова града. Яго перахапілі са світкамі, напісанымі па-рамейску. Распавядае, што ў Візантыі ведаюць пра твае, княжа, славутыя подзвігі – аб’яднанне плямёнаў, перамогу над готамі, нават пра стругавую бітву на Барысфене.

– Мы не можам проста так выйсці і пасяліцца за гарадзішчамі. Тым болей не можам загадаць гэта іншым родам. Гэта небяспечна. А раптам зноў нападуць па рацэ?

– Хай вайдалоты паварожаць на камянях, прынясуць ахвяру і скажуць, калі будзе наступная вайна.

– Паваражылі, вайны між намі больш не будзе. Сам Банца сабраў правадыроў і абвесціў пра звязак плямёнаў, а ў знак вечнага міру загадаў накаліць і загнуць рытуальны меч. Можам смела будавацца па берагах.

– А што рабіць з гарадзішчамі?

– Некалькі вёснаў будзем захоўваць у баявым стане, а потым, калі мір сапраўды працягнецца, зробім там сховішчы зерня.

– Але вайдалоты варажылі яшчэ на вясновых птушках. Яны ўбачылі, што прыйдуць да нас чужынцы, моцныя, ваяўнічыя і прынясуць сваю мову, паселяцца між намі і будуць гадаваць з намі сумесных дзетак, а далёка наперад знітуемся з імі ў адзінае племя і нават пачнем на іхняй мове спяваць…

Вогнепаклоннікі і іх святары з’явіліся не раптоўна. Пра іх даўно прыносілі звесткі палонныя з паўднёвых плямёнаў. Яшчэ да новых святароў усе ведалі пра Вышэйшае Сонца і Усемагутны Агмень, ставіліся да іх з павагай, але старыя культы, духі, багі і продкі шмат каленаў спрыялі, ахоўвалі і лекавалі.

Вогневікі пераконвалі спальваць нябожчыкаў, а не хаваць, пераконвалі перад выпальваннем ляды чыніць ахвяры агню, а не духу лесу, пераконвалі прызнаць Сонца вышэй і мацней за Маці-нараджальніцу! Многія роды не прынялі новае веры. Пачалася вайна з тымі, каго ўжо пераканалі. І кожны меў святарнае апраўданне забойства аднапляменніка і шчырае перакананне ў перавазе сваёй веры...

“Ціра плыве з поўначы і пачынаецца з вялікага возера, якое служыць мяжой між Скіфіяй і Неўрыдай... Гэтыя людзі, відаць, ведзьмакі. Скіфы і жывучыя між іх эліны, прынамсі, сцвярджаюць, што кожны неўр штогод на некалькі дзён пераўтвараецца ў ваўка, а затым зноў набывае чалавечае аблічча”.

Герадот, “Гісторыя”.

Ведзьмары забаранялі наведваць і нават згадваць пра могілкі былых людзей. Іх духам не прыносілі ахвяры, іх багам не пакланяліся. На думку ведзьмароў хадзіць там было небяспечна – можна было атрымаць хваробу праз гнеў нейкай стрывожанай душы. Рэчка падмывала бераг і могілкі паступова руйнаваліся. Разам са збялелымі косткамі з абрыву выпадалі старыя крамянёвыя сякеры. Былыя людзі былі настолькі дзікія, што нават не рабілі каменныя сякеры, не ведалі, як іх выточваць і як свідраваць адтуліны для асадкі.

Кошы з крамянёвымі камянямі перапраўлялі на дзяўбаных лодках. Той чужы прышлы род, што паспрабаваў пасяліцца на іхняй рацэ, навучыў здабываць крэмень глыбока ў зямлі. Гэта быў лепшы, якасны крэмень, а не той, што тубыльцы раней збіралі па беразе. З яго атрымлівалася вырабляць больш трывалыя і разнастайныя прылады і зброю.

Чужы род праз бойкі і напады выгналі са сваёй зямлі, а веды пра крамянёвыя шахты засталіся.