Выбрать главу
Апошняе радыё!

7-мы газетчык

Пытанні гісторыі —                              для ўсіх навіна: Ці зваліць                адна папяроса                                      слана!

8-мы газетчык

Сумна да слёз                       і смешна да колік: Даём тлумачэнне                            слова «алкаголік!»!

VI

Матавыя шкляныя двухстворкавыя дзверы, праз сцены прасвечваюць металічныя часткі медыцынскіх апаратаў. Перад сцяной стары прафесар і пажылая асістэнтка, у якой яшчэ захаваліся характэрныя рысы Зоі Бярозкінай. Абое ў белым, бальнічным.

Зоя Бярозкіна

Таварыш! Таварыш прафесар, прашу вас, не рабіце гэтага эксперымента. Таварыш прафесар, зноў пойдзе буза...

Прафесар

Таварыш Бярозкіна, вы сталі жыць успамінамі і загаварылі незразумелай мовай. Суцэльны слоўнік вымерлых слоў. Што такое «буза»? (Шукае ў слоўніку.) Буза... Буза... Буза... Багема, бюракратызм, богашукальніцтва [36], бублікі, Булгакаў [37]... Буза — гэта род дзейнасці людзей, якія заміналі ўсякаму роду дзейнасці...

Зоя Бярозкіна

Гэтая ягоная «дзейнасць» пяцьдзесят год таму назад ледзь не каштавала мне жыцця. Я нават дайшла да... спробы самагубства.

Прафесар

Самагубства? Што такое «самагубства»? (Шукае ў слоўніку.) Самаабкладанне [38], самаўладства, самарэклама, самаўшчыльненне... Знайшоў «самагубства». (Здзіўлена.) Вы стралялі ў сябе? Прыгавор? Суд? Рэўтрыбунал?

Зоя Бярозкіна

Не... Я сама.

Прафесар

Сама? Ад неасцярожнасці?

Зоя Бярозкіна

Не... Ад кахання.

Прафесар

Глупства... Ад кахання трэба масты будаваць і дзяцей раджаць. А вы... Так! Так! Так!

Зоя Бярозкіна

Вызвальце мяне, я, дапраўды, не магу.

Прафесар

Гэта і ёсць... Як вы сказалі... Буза. Так! Так! Так! Так! Буза! Грамадства прапануе вам выявіць усе, якія маюцца ў вас, пачуцці для максімальнай лёгкасці пераадолення размарожваемым суб’ектам пяцідзесяці анабіёзных [39] год. Так! Так! Так! Так! Ваша прысутнасць вельмі, вельмі патрэбна. Я рад, што вы знайшліся і прыйшлі. Ён — гэта ён! А вы — гэта яна! Скажыце, а вейкі ў яго былі мяккія? На выпадак паломкі пры хуткім размарожванні.

Зоя Бярозкіна

Таварыш прафесар, як жа я магу запомніць вейкі, якія былі пяцьдзесят год таму назад...

Прафесар

Як? Пяцьдзесят год таму назад? Гэта ўчора!.. А як я помню колер валасоў на хвасце мастадонта [40] паўмільёна год таму назад? Так! Так! Так!.. А вы не памятаеце,— ён моцна раздзімаў ноздры пры ўдыханні ва ўзрушанай кампаніі?

Зоя Бярозкіна

Таварыш прафесар, як жа я магу памятаць?! Ужо трыццаць год ніхто не раздзімае ноздраў у такіх выпадках.

Прафесар

Так! Так! Так! А вы не дасце даведку адносна аб’ёма страўніка і печані, на выпадак выдзялення магчымай наяўнасці спірту і гарэлкі, якія могуць успыхнуць пры неабходным высокім вальтажы?

Зоя Бярозкіна

Адкуль я магу запомніць, таварыш прафесар? Памятаю, быў нейкі жывот...

Прафесар

Ах, вы нічога не памятаеце, таварыш Бярозкіна! Прынамсі, хоць ці быў ён парывісты?

Зоя Бярозкіна

Не ведаю... Магчыма, але... толькі не са мной.

Прафесар

Так! Так! Так! Баюся, што мы адмарожваем яго, а адмерзлі пакуль што вы. Так! Так! Так! Ну-с, пачынаем.

Націскае кнопку, шкляныя дзверы ціха разыходзяцца. Пасярэдзіне, на аперацыйным стале, бліскучая ацынкаваная скрынка чалавечых памераў. Каля скрынкі краны, пад кранамі вёдры. Да скрынкі ідуць электраправады. Цыліндры кісларода. Вакол скрынкі шэсць урачоў, белых і спакойных. Перад скрынкай на авансцэне шэсць фантанных умывальнікаў. На нябачным дроце, як на паветры, шэсць уціральнікаў.

Прафесар (пераходзіць ад урача да ўрача, гаворыць)

(Першаму.)

Ток уключыць па майму сігналу.

(Другому.)

Давядзіце цеплыню да 36,4, пятнаццаць секунд кожная дзесятая.

(Трэцяму.)

Падушкі кісларода напагатове?

(Чацвёртаму.)

Ваду выпускаць паступова, замяняючы лёд паветраным ціскам.

вернуться

36

Богашукальніцтва — рэакцыйнае рэлігійна-філасофскае вучэнне, якое ўзнікла ў перыяд рэакцыі пасля рэвалюцыі 1905—1907 гадоў.

вернуться

37

Булгакаў М. А. (1891 —1940) — аўтар п’есы «Дні Турбіных», якая выклікала ў Маякоўскага адмоўную ацэнку.

вернуться

38

Самаабкладанне — добраахвотнае абкладанне ўзносамі на задавальненне мясцовых гаспадарчых і культурных патрэб, устаноўленае самім насельніцтвам.

вернуться

39

Анабіёзны — ад слова анабіёз: стан арганізма, які працягвае жыць, але не выяўляе знешніх прыкмет жыцця.

вернуться

40

Мастадонт — жывёла з групы хобатавых, якая вымерла.