Выбрать главу

(Пятаму.)

Накрыўку адкрыць адразу.

(Шостаму.)

Наглядаць праз люстра стадыі ажыўлення.

Урачы нахіляюць галовы ў знак яснасці, разыходзяцца па сваіх месцах.

Пачынаем.

Уключаецца ток, сочаць за тэмпературай. Капае вада. Каля маленькай правай сценкі з люстрам уважліва-напружаны доктар.

6-ты ўрач

З’яўляецца натуральная афарбоўка!

Паўза.

Вызвалены ад ільду!

Паўза.

Грудзі вібрыруюць!

Паўза.

(Спалохана.)

Прафесар, звярніце ўвагу на ненатуральную парывістасць...

Прафесар (падыходзіць, углядаецца, супакойліва)

Рухі нармальныя, чухаецца,— напэўна, ажываюць уласцівыя падобным індывідуумам паразіты.

6-ты ўрач

Прафесар, незразумелая рэч; рухам левай рукі аддзяляецца ад цела...

Прафесар (узіраецца)

Ён зросся з музыкай, яны называлі гэта «чулай душой». У старадаўнасці жылі Страдыварыус і Уткін [41]. Страдыварыус рабіў скрыпкі, а гэта рабіў Уткін, і называлася гэта гітарай.

Прафесар аглядае тэрмометр і апарат, які рэгіструе ціск крыві.

1-шы ўрач

36,1.

2-гі ўрач

Пульс 68.

6-ты ўрач

Дыханне выраўнена.

Прафесар

Па месцах!

Урачы адыходзяць ад скрынкі. Накрыўка ў адзін момант адкінулася, са скрынкі падымаецца ўскудлачаны і здзіўлены Прысыпкін, азіраецца, прыціскаючы гітару.

Прысыпкін

Ну, і выспаўся! Даруйце, таварышы, вядома, выпімшы быў. Гэта якое аддзяленне міліцыі?

Прафесар

Не, гэта зусім другое аддзяленне. Гэта — аддзяленне ад ільду скурнага покрыва, якое вы адмарозілі...

Прысыпкін

Чаго? Гэта вы чагой-та адмарозілі. Яшчэ пабачым, хто з нас былі п’яныя. Вы, як спецы-дактары, заўсёды самі каля спіртоў аціраецеся. А я сябе, як асоба, заўжды засведчыць здолею. Дакументы пры мне. (Выскачыў са скрынкі, вывернуў кішэні.) 17 руб. 60 кап. пры мне. У МОПР? [42] Заплаціў. У Асаавіяхім? Унёс. «Далоў непісьменнасць»? Калі ласка. Гэта што? Выпіска з загса! (Свіснуў.) Ды я ж учора ажаніўся! Дзе вы цяпер, хто вам цалуе пальцы? [43] Ну і ўсыплюць мне дома! Распіска шафераў тут. Прафсаюзны білет тут. (Позірк падае на каляндар, трэ вочы, азіраецца з жахам.) 12 мая 1979 года! Гэта ж за колькі ў мяне ў прафсаюз не плочана! Пяцьдзесят год! Даведак жа, даведак запатрабуюць! Губаддзел! ЦК! Божачка! Жонка!!! Пусціце! (Цісне ўсім рукі, кідаецца да дзвярэй.)

За ім занепакоеная Бярозкіна. Дактары абступаюць прафесара.

Xорам

Гэта што ён такое рукамі вырабляў? Соваў і трэс, трэс і соваў...

Прафесар

У старажытнасці быў такі антысанітарны звычай.

Шэсць урачоў і прафесар задумліва мыюць рукі.

Прысыпкін (натыкаецца на Зою)

Якія вы, грамадзяне, уласна кажучы, ёсць? Хто я? Дзе я? Ці не маці вы Зоі Бярозкінай будзеце?

Выццё сірэны павярнула прысыпкінскую галаву.

Куды я папаў? Куды мяне папалі? Што гэта?.. Масква?.. Парыж?.. Н’ю-Йорк?.. Рамізнік!!!

Выццё аўтамабільных сірэн.

Ні людзей, ні коней! Аўтадоры, аўтадоры, аўтадоры!!! [44] (Прыціскаецца да дзвярэй, чухаецца спіной, шукае пяцярнёй, паварочваецца, бачыць на белай сцяне клапа, які перапоўз туды з каўнерыка.)

Клоп, клопік, клапуньчык!!! (Перабірае струны, пяе.) Не пакідай, пабудзь са мною...[45] (Ловіць клапа пяцярнёй; клоп знік.) Мы разышліся, бы ў моры караблі... Уцёк! ...Адзін! Але няма адказу мне, ізноў адзін я... Адзін!!! Рамізнік, аўтадоры... Вуліца Луначарскага, 17! Без рэчаў!!! (Хапаецца за галаву, падае ў непрытомнасці на рукі Зоі Бярозкінай, якая выбягае насустрач з дзвярэй.)

VII

Сярэдзіна сцяны — трохкутнік сквера. У скверы тры штучныя дрэвы. Першае дрэва: на зялёных квадратах-лістах — вялізныя талеркі, на талерках мандарыны. Другое дрэва — папяровыя талеркі, на талерках яблыкі. Трэцяе — зялёнае, з яловымі шышкамі,— адкрытыя флаконы духоў. Бакі — шкляныя і абліцаваныя сцены дамоў. Па баках трохкутніка — доўгія лаўкі. Уваходзіць рэпарцёр, за ім чацвёра: мужчыны і жанчыны.

Рэпарцёр

вернуться

41

Страдыварыус і Уткін — Страдыварыус (Страдывары) Антоніо (1644—1737) — італьянскі скрыпічны майстар. Уткін I. П. (1903—1944) — савецкі паэт; яго верш «Гітара» меў папулярнасць у часткі моладзі тых год. Выступаючы на сходзе Федэрацыі аб’яднанняў савецкіх пісьменнікаў у Доме Герцэна 22 снежня 1928 года, Маякоўскі гаварыў:

«Было два славутых імені: Страдыварыус і Уткінарыус. Адзін вырабляў скрыпкі, а другі вырабляў гітары. Чаму выраб скрыпак і гітар я павінен лічыць для сваёй мастацкай пралетарскай свядомасці характэрным?»

вернуться

42

МОПР (Міжнародная арганізацыя дапамогі барацьбітам рэвалюцыі), Асаавіяхім — таварыства садзейнічання абароне і авіяцыйна-хімічнаму будаўніцтву, «Далоў непісьменнасць» — масавае добраахвотнае таварыства.

вернуться

43

«Дзе вы цяпер, хто вам цалуе пальцы» — радкі з песенькі «Ліловы негр», якую склаў і выконваў артыст А. Н. Вярцінскі.

вернуться

44

Аўтадор — масавае таварыства садзейнічання развіццю аўтамабільнага транспарту, трактарнай і дарожнай справы.

вернуться

45

«Не пакідай, пабудзь са мною...» — пачатковыя словы раманса.