Прысыпкін (бярэ кнігу, адкідвае)
Не, гэта не для сэрца, трэба такую, каб замірала...
Зоя Бярозкіна
Вось другая — нейкага Мусаліні [50]: «Пісьмы з ссылкі».
Прысыпкін (бярэ, адкідвае)
Не, гэта ж не для душы. Адчапіцеся вы з вашымі грубымі агіткамі. Трэба, каб шчыпала...
Зоя Бярозкіна
Не ведаю, што гэта такое? Замірала, шчыпала... Шчыпала, замірала.
Прысыпкін
Што ж гэта? За што мы стараліся, кроў пралівалі, калі мне, гегемону, значыцца, у сваёй кампаніі ў новавывучаным танцы і растанцавацца нельга?
Зоя Бярозкіна
Я паказвала рухі вашага цела нават дырэктару цэнтральнага інстытута рухаў. Ён кажа, што бачыў нешта гэтакае на старых калекцыях парыжскіх паштовак, а цяпер, кажа, пра такое і спытацца няма ў каго. Ёсць дзве бабулі — памятаюць, але паказаць не могуць па прычынах рэўматычных.
Прысыпкін
Дык для чаго ж я сабе патомную прыгожую адукацыю выпрацоўваў? Працаваць жа я ж і да рэвалюцыі мог.
Зоя Бярозкіна
Я вазьму цябе заўтра на танец дзесяці тысяч рабочых і работніц, будуць рухацца на плошчы. Гэта будзе вясёлая рэпетыцыя новай сістэмы палявых работ.
Прысыпкін
Таварышы, я пратэстую!!! Я ж не для таго размёрз, каб вы мяне цяпер засушылі. (Зрывае коўдру, усхопліваецца, хапае згорнуты стос кніг і вытрасае яго з паперы. Хоча падзерці паперу і раптам углядаецца ў літары, перабягае ад лямпы да лямпы.) Дзе? Дзе вы гэта ўзялі?..
Зоя Бярозкіна
На вуліцах усім раздавалі... Мусіць, у бібліятэцы ў кнігі паклалі.
Прысыпкін
Выратаваны!!! Ура!!!
(Кідаецца да дзвярэй, як флагам, развявае паперкай.)
Зоя Бярозкіна (адна)
Я пражыла пяцьдзесят год наперад, а магла памерці пяцьдзесят год назад праз такую погань...
ІХ
Заалагічны сад. Пасярэдзіне на п’едэстале клетка, задрапіраваная матэрыямі і сцягамі. Па-за клеткай два дрэвы. За дрэвамі клеткі сланоў і жырафаў. Злева ад клеткі трыбуна, справа — узвышэнне для ганаровых гасцей. Усюды музыканты. Групамі падыходзяць гледачы. Распарадчыкі з бантамі расстаўляюць падышоўшых — па роду заняткаў і ўзросту.
Распарадчык
Таварышы замежныя карэспандэнты, сюды! Бліжэй да трыбун! Саступіце ўбок і дайце месца бразільцам! Іх аэракарабель зараз прызямляецца на цэнтральным аэрадроме. (Адступае, любуецца.) Таварышы негры, стойце ўперамежку з англічанамі прыгожымі каляровымі групамі, англасаксонская белізна яшчэ больш падкрэсліць вашу аліўкавасць... Студэнты вузаў — налева, да вас накіраваны тры бабулі і тры старыя з саюза стогадовых. Яны будуць дапаўняць тлумачэнні прафесараў апавяданнямі сведкаў.
Уязджаюць на калясках стогадовыя старыя.
1-я старая
Як зараз помню...
1-шы стары
Не, гэта я помню як зараз!
2-я старая
Вы помніце, як зараз, а я помню, як раней.
2-гі стары
А я як зараз помню, як раней.
3-я старая
А я помню, як яшчэ раней, зусім, зусім рана.
3-ці стары
А я помню і як зараз і як раней.
Распарадчык
Ціха, сведкі, не шапяляйце! Расступіцеся, таварышы, дарогу дзецям! Сюды, таварышы! Хутчэй! Хутчэй!!!
Дзеці (маршыруюць калонай з песняй)
Распарадчык
Грамадзяне, якія жадаюць зрабіць экспанатам прыемнасць, а таксама выкарыстаць іх у навуковых мэтах, хай маюць ласку набываць дазіраваныя экзатычныя прадукты і навуковыя прыборы выключна ў афіцыйных служыцеляў заасада. Дылетантства і гіпербала ў дозах — смяртэльныя. Просім карыстацца толькі гэтымі прадуктамі і прыборамі, выпушчанымі цэнтральным медыцынскім інстытутам і гарадскімі лабараторыямі дакладнай механікі.