Дырэктар з вентылятарам, у суправаджэнні двух служыцеляў, узбягае на эстраду. Служыцелі адцягваюць Скрыпкіна. Дырэктар праветрывае трыбуну. Музыка іграе туш. Служыцелі закрываюць клетку.
Дырэктар
Даруйце, таварышы... Даруйце... Насякомае стамілася. Шум і святло кінулі яго ў стан галюцынацыі. Супакойцеся. Нічога такога няма. Заўтра яно супакоіцца... Ціха, грамадзяне, разыходзьцеся да заўтрага. Музыка, марш!
Канец
ЛАЗНЯ
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ
Таварыш Пабеданосікаў — галоўны начальнік па ўмацаванню парадку справаўзгаднення, галоўначпупс.
Поля — яго жонка.
Таварыш Аптымістэнка — яго сакратар.
Ісак Бельвядонскі — партрэтыст, баталіст, натураліст.
Таварыш Маментальнікаў — рэпарцёр.
Містэр Понт Кіч — іншаземец.
Таварыш Ундэртон — машыністка.
Растратчык Ночкін.
Таварыш Веласіпедкін — лёгкі кавалерыст [56].
Тазарыш Чудакоў — вынаходнік.
Мадам Мезальянсава — супрацоўніца ВОКС.
Таварыш Фоскін
Таварыш Двойкін
Таварыш Тройкін
} рабочыя.
Просьбіты.
Старшыня дамкома.
Рэжысёр.
Іван Іванавіч.
Устаноўскі натоўп.
Міліцыянер.
Капельдынер.
Фасфарычная жанчына.
I ДЗЕЯ
Справа стол, злева стол. Адусюль звісаюць і ўсюды параскіданы чарцяжы. Пасярэдзіне таварыш Фоскін залітоўвае паветра паяльнай лямпай, Чудакоў пераходзіць ад лямпы да лямпы, пераглядвае чарцёж.
Веласіпедкін (убягаючы)
Што, усё яшчэ ў Каспійскае мора ўпадае подлая Волга?
Чудакоў (размахвае чарцяжом)
Так, але гэта цяпер ненадоўга. Гадзіннік закладвайце і прадавайце.
Веласіпедкін
Добра, што я яго яшчэ і не купіў.
Чудакоў
Не купляй! Не купляй нізашто! Хутка гэтая цікаючая плоская недарэчнасць будзе смяшнейшая, чым лучынка на Днепрабудзе, бездапаможнейшая, чым бык у аўтадоры.
Веласіпедкін
Унасякомілі, значыцца, Швейцарыю? [57]
Чудакоў
Ды не ляскай ты языком на дробных лічыльніках сённяшняй палітыкі! Мая ідэя больш грандыёзная. Волга чалавечага часу, у якую нас, як бярвенні ў сплаў, кідала наша нараджэнне, кідала борсацца і плысці па быстры,— гэтая Волга ад сёння і назаўсёды пакарылася нам. Я прымушу час і стаяць і імчаць у любым напрамку і з любой хуткасцю. Людзі здолеюць вылазіць з дзён, як пасажыры з трамваяў і аўтобусаў. З маёй машынай ты можаш спыніць секунду шчасця і цешыцца хоць і месяц, пакуль не надакучыць. З маёй машынай ты можаш узвіхрыць расцягнутыя марудныя гады гора, уцягнуць галаву ў плечы, і над табою, не закранаючы і не ранячы, сто разоў у мінуту будзе праносіцца снарад сонца, вынішчаючы чорныя дні. Глядзі, феерверачныя фантазіі Уэлса [58], футурыстычны мозг Эйнштэйна [59], звярыныя навыкі спячкі мядзведзяў і ёгаў [60] — усё, усё спрасавана, сціснута і зліта ў гэтай машыне.
Веласіпедкін
Амаль нічога не разумею і, ва ўсякім разе, зусім нічога не бачу.
Чудакоў
Да напні ж ты акуляры! Цябе слепяць гэтыя планкі плаціны і крышталю, гэты бляск прамянёвых спляценняў. Бачыш? Бачыш?..
Веласіпедкін
Ну, бачу...
Чудакоў
Глядзі, ты прыкмеціў гэтыя дзве лінейкі, гарызантальную і вертыкальную, з дзяленнямі, як на шалях?
Веласіпедкін
Ну, бачу...
Чудакоў
Гэтымі лінейкамі ты адмерваеш куб неабходнай прасторы. Глядзі, ты бачыш гэты колавы рэгулятар?
Веласіпедкін
Ну, бачу...
Чудакоў
Гэтым ключом ты ізалюеш уключаную прастору і адсякаеш ад усіх цяжараў усе патокі зямнога прыцяжэння і вось гэтымі дзіўнаватымі рычажкамі ўключаеш хуткасць і кірунак часу.
Веласіпедкін
Разумею! Здорава! Незвычайна!!! Гэта значыць — збіраецца, напрыклад, усесаюзны з’езд па пытанні аб суніманні ўзнімаемых пытанняў, ну, і, вядома, даецца слова для прывітання ад Дзяржаўнай акадэміі навуковых мастацтваў дзяржаўнаму таварышу Когану [61], і як толькі ён пачаў: «Таварышы, праз шчупальцы сусветнага імперыялізму чырвонай ніткай праходзіць хваля...» — я яго адгароджваю ад прэзідыума і запускаю час з хуткасцю паўтараста мінут у чвэрць гадзіны. Ён сабе пацее, вітае, вітае і пацее гадзіны паўтары, а публіка глядзіць: акадэмік ледзь рот разявіў — і ўжо пляскаюць у ладкі. Усе з палёгкай уздыхнулі, паднялі з крэсел свежанькія зады і гайда працаваць. Так?
56
У дзейных асобах.— Лёгкі кавалерыст.— «Лёгкай кавалерыяй» называліся добраахвотныя групы камсамольцаў, якія дапамагалі органам дзяржаўнага кантроля выяўляць недахопы ў дзейнасці ўстаноў і прадпрыемстваў.
57
«Унасякомілі, значыцца, Швейцарыю?» — Як вядома, Швейцарыя славіцца сваёй гадзіннікавай прамысловасцю.
58
Уэлс Герберт (1866—1946) — англійскі пісьменнік, аўтар шэрагу навукова-фантастычных раманаў, у тым ліку рамана «Машына часу».
61
Коган П. С. (1872—1932) — савецкі гісторык літаратуры і крытык, прэзідэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацкіх навук; Маякоўскі часта палемізаваў з ім.