Выбрать главу

Чудакоў

Фу, як брыдка! Чаго ты мне нейкага Когана соваеш? Я табе тлумачу вялікую справу сусветнай адноснасці, справу пераводу азначэння часу з метафізічнай субстанцыі [62], з ноўмена [63] ў рэальнасць, падлеглую хімічнаму і фізічнаму ўздзеянню.

Веласіпедкін

А я што кажу? Я тое ж і кажу: ты сабе пабудуй рэальную станцыю з поўным хімічным і фізічным уздзеяннем, а мы ад яе правядзём правады, ну, скажам, на ўсе курыныя інкубатары, за пятнаццаць хвілін будзем вырошчваць паўпудовую курыцу, а потым ёй пад крылца штэпсель, выключым час — і сядзі, курыца, і чакай, пакуль цябе не засмажылі і не з’елі.

Чудакоў

Якія інкубатары, якія курыцы?!! Я табе...

Веласіпедкін

Добра, добра, ты думай сабе хоць пра сланоў, хоць пра жырафаў, калі табе пра дробную жывёлу і думаць занізка. А мы ўсё гэта да нашых шэранькіх куранятак і самі прыстасуем...

Чудакоў

Ну, што за пашляціна! Я адчуваю, што ты са сваім практычным матэрыялізмам хутка з мяне самога курыцу зробіш. Толькі-толькі я размахнуся і хачу ляцець — ты з мяне пер’е выскубаеш.

Веласіпедкін

Ну, годзе, годзе, не гарачыся. А калі я ў цябе нават якое пяро і выскуб, ты даруй, я яго табе назад устаўлю. Лётай, лунай, фантазіруй, мы твайму энтузіязму памочнікі, а не перашкода. Ну, не злуйся, хлапчына, запускай, закручвай сваю машыну. Дзе памагаць, а?

Чудакоў

Увага! Я зараз крану кола, і час ірванецца і пусціцца сціскаць і мяняць прастору, заключаную намі ў клетку ізалятараў. Зараз я адбіваю хлеб ва ўсіх прарокаў, варажбітак і вешчуноў.

Веласіпедкін

Пачакай, Чудакоў, дай я стану сюды, можа, я праз пяць хвілін выйду з камсамольца ў гэтакія барадатыя Марксы. Альбо не, буду старым бальшавіком з трохсотгадовым стажам. Я табе тады ўсё адразу прапіхну.

Чудакоў (адцягваючы, спалохана)

Асцярожна, вар’ят! Калі ў наступальных гадах тут праляжа стальная ферма падземнай дарогі, то, папаўшы сваім шчуплым цельцам у занятую сталлю прастору, ты ўмомант ператворышся ў зубны парашок. I, магчыма, у будучым вагоны зрынуцца з рэек, а тут небывалым часатрасеннем у тысячу балаў да ўсіх чарцей раскідае наш падвал. Цяпер небяспечна пускацца туды, трэба дачакацца пасланых адтуль. Паварочваю павольна-павольна — усяго ў мінуту пяць год...

Фоскін

Пастой, таварыш, пачакай хвіліначку. Табе ўсё роўна круціць машыну. Зрабі ласку, усунь у тваю машыну маю аблігацыю, не дарма я за яе ўшчаперыўся і не прадаю,— можа, яна праз пяць мінут ужо сто тысяч выйграе.

Веласіпедкін

Здагадаўся! Тады ж туды ўвесь Наркамфін з Бруханавым [64] засунуць трэба, а то ж ты выйграеш, а яны ўсё роўна табе не павераць — табліцу спытаюць.

Чудакоў

Ну, вось, я вам у будучыню дзверы прабіваю, а вы на рублі спаўзлі... Фу, гістарычныя матэрыялісты!

Фоскін

Дурань, я ж для цябе з выйгрышам спяшаюся. У цябе на твой дослед ёсць грошы?

Чудакоў

Але... Грошы ёсць?

Веласіпедкін

Грошы?

Стук у дзверы. Уваходзяць Іван Іванавіч, Понт Кіч, Мезальянсава і Маментальнікаў.

Мезальянсава (Чудакову)

Ду ю спік інгліш? [65] Ах, ну, дык шпрэхен зі дэйч? [66] Парле ву франсэ, нарэшце? [67] Ну, я так і ведала! Гэта стамляюча вельмі. Я змушана рабіць традзюксіён [68] з нашай на рабоча-сялянскую. Масье Іван Іванавіч, таварыш Іван Іванавіч! Вы, безумоўна, ведаеце Івана Іванавіча?

Іван Іванавіч

Прывітанне, прывітанне, дарагі таварыш! Не губляйцеся! Я паказваю нашы дасягненні, як звычайна гаворыць Аляксей Максімавіч [69]. Я сам часам... але, разумееце, гэтая нагрузка! Нам, рабочым і сялянам, вельмі, вельмі патрэбен свой, чырвоны Эдысон [70]. Вядома, крызіс нашага росту, маленькія недахопы механізма, лес сякуць — трэскі ляцяць... Яшчэ адно намаганне — і гэта будзе ліквідавана. У вас ёсць тэлефон? Ах, у вас няма тэлефона! Ну, я скажу Мікалаю Іванавічу, ён не адмовіць. Але, калі ён адмовіць, можна пайсці да самога Уладзіміра Панфілыча, ён, безумоўна, пойдзе насустрач. Бо нават і Сямён Сямёнавіч мне пастаянна гаворыць: «Патрэбен,— кажа,— нам, рабочым і сялянам, патрэбен чырвоны, свой савецкі Эдысон». Таварыш Маментальнікаў, трэба распачаць шырокую кампанію.

вернуться

62

Метафізічная субстанцыя — ідэалістычнае паняцце аб сутнасці з’яў, спасцігаемай звышінтуітыўным шляхам.

вернуться

63

Ноўмен — у ідэалістычнай філасофіі — сутнасць рэчы, якая не пазнаецца з вопыту.

вернуться

64

Бруханаў Н. П. у той час быў народным камісарам фінансаў.

вернуться

65

Ду ю спік інгліш? (англ. Do you speak English?) — ці гаворыце вы па-англійску?

вернуться

66

Шпрехен зі дэйч? (ням. Sprechen sie deutsch?) — ці гаворыце вы па-нямецку?

вернуться

67

Парле ву франсэ? (франц. Parlez — vous français?) —  ці гаворыце вы па-французску?

вернуться

68

Традзюксіён (франц. Traduction) — пераклад.

вернуться

69

Нашы дасягненні... Аляксей Максімавіч».— Намёк на створаны А. М. Горкім часопіс «Нашы дасягненні».

вернуться

70

Эдысон Томас Алва (1847—1931) — амерыканскі вынаходнік, у прыватнасці аўтар некаторых вынаходстваў у галіне кінатэхнікі.