Выбрать главу

Маментальнікаў

Эчэленца [71], загадайце! Перад вамі ўвесь я — слых. Толькі нам зад-да-да-да-данне                                               дайце — Будзе выканана ўміг.

Мезальянсава

Масье Маментальнікáў, таварыш Маментальнікаў! Супрацоўнік! Папутчык! Бачыць — савецкая ўлада ідзе — далучыўся. Бачыць — мы ідзём — зайшоў. Убачыць — яны ідуць — пабяжыць.

Маментальнікаў

Зусім, зусім правільна — супрацоўнік. Супрацоўнік дарэвалюцыйнай і парэвалюцыйнай прэсы. Вось толькі рэвалюцыйная ў мяне, разумееце, неяк выпала. Тут белыя, там чырвоныя, тут зялёныя, Крым, падполле... Давялося гандляваць у крамцы. Не мая — бацькава, або нават, здаецца, проста дзядзькі. Сам я рабочы па пераконанню. Я заўсёды казаў, што лепш памерці пад чырвоным сцягам, чым пад плотам. Пад гэтым лозунгам можна аб’яднаць вялікую колькасць інтэлігенцыі майго складу. Эчэленца, загадайце — перад вамі ўвесь я — слых!

Понт Кіч

Кхе! Кхе!

Мезальянсава

Пардон! Даруйце! Містэр Понт Кіч, пан Понт Кіч. Брытанскі англасакс.

Іван Іванавіч

Вы былі ў Англіі? Ах, я быў у Англіі!.. Усюды англічане... Я якраз купіў кепку ў Ліверпулі і аглядаў дом, дзе нарадзіўся і жыў Антыдзюрынг [72]. Надзвычай цікава! Трэба распачаць шырокую кампанію.

Мезальянсава

Містэр Понт Кіч вядомы, вядомы і ў Лондане і ў Сіці [73] філатэліст. Філатэліст (сконапель, маркалюб — па-руску), і ён вельмі, вельмі цікавіцца хімічнымі заводамі, авіяцыяй, і наогул мастацтвам. Вельмі, вельмі культурны і кампанейскі чалавек. Нават мецэнат. Сконапель...[74], ну, як гэта вам перакласці?.. памагае, там, кінаработнікам, вынаходнікам... Ну, такі, такі, накшталт, як быццам, РСІ [75], толькі наадварот... Ву компрэнэ? Ён ужо глядзеў на Маскву з небаскроба «Известий» [76] (Нахрыхтэн) [77], ён ужо быў у Анатоль Васільіча [78], а цяпер, кажа, да вас... Такі культурны, таварыскі, нават нам ваш адрас паведаміў.

Фоскін

Насатая сволач: з нюхам!

Мезальянсава

Пліз [79], сэр!

Понт Кіч

Ай Іван, у дзверы рэвень, а зверы абедалі. Ай, ішоў у рай менекен, а янот у Індастан, пераперчыў ой зверы ізабрэтэйшэн.

Мезальянсава

Містэр Понт Кіч хоча сказаць на ўласцівай яму мове, што на яго туманнай радзіме ўсе, ад Макданальда [80] да Чэрчыля [81], зусім, зусім як зверы, зацікаўлены вашай вынаходкай, і ён вельмі, вельмі просіць...

Чудакоў

Ну, вядома, вядома! Мая вынаходка належыць усяму чалавецтву, і я, безумоўна, зараз жа... Я дужа, дужа рад. (Адводзіць іншаземца, які дастаў блакнот, паказвае і тлумачыць.) Гэта вось так. Але... але... але... Тут два рычажкі, а на паралельнай крышталёвай вымяральнай лінейцы... Так... так... так... от сюды! А гэта вось так... Ну, але...

Веласіпедкін (адводзіць Івана Іванавіча)

Таварыш, трэба падтрымаць хлопца. Я хадзіў усюды, куды «без дакладу не ўваходзіць», і гадзінамі тырчаў усюды, дзе «скончыў справу» і гэтак далей, і амаль начаваў пад шыльдай «Калі вы прыйшлі да занятага чалавека, дык пакіньце яго» — і ніякага выніку. Праз цяганіну і боязь асігнаваць дзесятак чырвонцаў гіне, можа быць, грандыёзная вынаходка. Таварыш, вы павінны з вашым аўтарытэтам...

Іван Іванавіч

Так, гэта жахліва! Лес сякуць — трэскі ляцяць. Я зараз жа проста ў Галоўнае ўпраўленне па ўзгадненню. Я скажу зараз жа Мікалаю Ігнатавічу... А калі ён адмовіць, я буду размаўляць з самім Паўлам Варфаламеічам... У вас ёсць тэлефон? Ах, у вас няма тэлефона! Маленькія недахопы механізма... Ах, якія механізмы ў Швейцарыі! Вы былі ў Швейцарыі? Я быў у Швейцарыі. Усюды адны швейцарцы. Надзвычай цікава!

Понт Кіч (кладзе блакнот у кішэню і паціскае Чудакову руку)

Дзед звёў у рай трам з дзверы ў дзверы лез і не дайшоў туга. Дуй Іван. Чэрвонцлі?..

Мезальянсава

Містэр Понт Кіч кажа, што калі вам патрэбны чырвонцы...

вернуться

71

Эчэленца (італ. Eccelenza) — ваша правасхадзіцельства.

вернуться

72

«Антыдзюрынг», дакладна: «Анты-Дзюрынг» — назва твора Ф. Энгельса, які рэзка крытыкаваў погляды нямецкага рэакцыйнага філосафа Е. Дзюрынга (1833—1921). Іван Іванавіч дэманструе сваю адсталасць, лічачы «Антыдзюрынга» чалавекам.

вернуться

73

Сіці — дзелавыя кварталы Лондана.

вернуться

74

Сконапель (франц. Ce gu'on appelle) — гэта значыць.

вернуться

75

РСІ — рабоча-сялянская інспекцыя, орган дзяржаўнага кантроля.

вернуться

76

Небаскроб «Известий» — шасціпавярховы будынак на плошчы Пушкіна ў Маскве, дзе змяшчалася і змяшчаецца зараз рэдакцыя газеты «Известия».

вернуться

77

Нахрыхтэн (ням. Nachrichten) — навіны.

вернуться

78

Анатоль Васільіч — Луначарскі Анатоль Васільевіч (1875—1933), народны камісар па асвеце ў 1917— 1929 гадах.

вернуться

79

Пліз, сэр (англ. Please, Sir) — калі ласка, васпане.

вернуться

80

Макданальд — гл. заўвагу да п’есы «Клоп».

вернуться

81

Чэрчыль Уінстан (1874—1965) — англійскі рэакцыйны палітычны дзеяч, займаў міністэрскія пасты.