Выбрать главу

Веласіпедкін

Яму? Яму не патрэбны, яму напляваць на чырвонцы. Я толькі што для яго збегаў у Дзяржбанк і прыйшоў увесь у чырвонцах. Нават брыдка. Праз кішэню ціснуць. Вось тут натыканы купюры па два, вось тут па тры, а ў гэтых дзвюх кішэнях дык адны дзесяцічырвонцавыя. Ол райт! Гуд бай! [82] (Трасе Кічу руку, абнімае яго абедзвюма рукамі і ў захапленні праводзіць да дзвярэй.)

Мезальянсава

Я вельмі прашу вас — крышачку тактоўней: з вашымі камсамольскімі замашкамі наспее, калі яшчэ не наспеў, велізарны міжнародны канфлікт. Гуд бай — да пабачэння.

Іван Іванавіч (паляпваючы па плячы Чудакова і развітваючыся)

Я таксама ў вашы гады... Лес сякуць — трэскі ляцяць. Нам патрэбен, патрэбен савецкі Эдысон. (Ужо з дзвярэй.) У вас няма тэлефона? Ну, нічога, я абавязкова скажу Нікандру Пірамідонавічу.

Маментальнікаў (дробненька тупае, напявае)

Эчэленца, загадайце...

Чудакоў (да Веласіпедкіна)

Гэта добра, што ёсць грошы.

Веласіпедкін

Грошай няма!

Чудакоў

Значыцца... Як жа гэта — няма грошай? Я не разумею, нашто тады хваліцца і гаварыць... А тым больш адмаўляцца, калі робяцца салідныя прапановы з боку іншаземных...

Веласіпедкін

Хоць ты і геній, а дурань! Ты хочаш, каб твая ідэя абжалезілася і ўляцела да нас з Англіі празрыстым, нябачным у часе дрэдноутам — раптоўна біць па нашых заводах і Саветах?

Чудакоў

А і то ж праўда, праўда... Як жа гэта я яму ўсё расказаў? А ён яшчэ ў блакнот упісваў! А ты чаму ж мяне не спыніў? Сам яшчэ да дзвярэй вядзеш, абнімаешся!

Веласіпедкін

Дурань! Я яго не так сабе абнімаў. Былая беспрытульшчына прыдалася. Я не яго — я кішэню яго абнімаў. Вось ён, блакнот англійскі. Згубіў блакнот англічанін.

Чудакоў

Брава, Веласіпедкін! Ну, а грошы?

Веласіпедкін

Чудакоў, я пайду на ўсё. Я буду кусаць глоткі і глытаць кадыкі. Я буду біцца так, ажно шчокі будуць ляцець у паветры. Я пераконваў, я гарлаў на гэтага Аптымістэнку. Ён гладкі і паліраваны, як дачны шар. На яго люстранай чысціні адно начальства адбіваецца, ды і тое дагары нагамі. Я амаль заагітаваў бухгалтара Ночкіна. Але што можна зрабіць з гэтым праклятым таварышам Пабеданосікавым? Ён проста плюшчыць кожнага сваімі заслугамі і стажам. Ты ведаеш яго біяграфію? На пытанне: «Што рабіў да 17-га года?» — у анкетах ставіў: «Быў у партыі». У якой — невядома, і невядома, што ў яго — «бэ» ці «мэ» ў дужках стаяла [83], а можа, ні бэ, ні мэ не было. Потым ён уцёк з турмы, засыпаўшы варце тытунём вочы. А цяпер, праз дваццаць пяць год, сам час засыпаў яму вочы тытунём драбніц і мінут, вочы яго слязяцца ад здаволення і бесклапотнасці. Што можна ўбачыць такімі вачамі? Сацыялізм? Не, толькі чарніліцу ды прэс-пап’е.

Фоскін

Таварышы, што ж я — слінаю буду залітоўваць, ці што? Тут яшчэ двух паставіць трэба. Дзвесце шэсцьдзесят рублёў мінімаксам.

Поля (убягае, размахвае пачкамі)

Грошы — смехата!

Веласіпедкін (Фоскіну, перадае грошы. Фоскін выбягае)

Ну, гані! На таксі гані! Хапай матэрыял, памочнікаў — і назад. (Да Полі.) Ну, што, угаварыла начальства па сямейнай лініі?

Поля

Хіба з ім можна проста? Смехата! Ён сіпіць папяровым удавам кожны раз, калі вяртаецца дамоў, цяжарны рэзалюцыямі. Не да пацехі. А ёсць Ночкін... гэта такі бухгалтарчык у яго ўстанове, і я яго бачу ўсяго першы раз... Прыбягае сёння ў абед, пакет тыцкае, перадайце, кажа... сакрэтна... Смехата! А мне, кажа, да іх нельга... з выпадку магчымасці падазрэння ў саўдзеле... Ці ж смешна?

Чудакоў

Можа быць, гэтыя грошы...

Веласіпедкін

Так! Тут ёсць над чым падумаць, штосьці мне здаецца... Але што ж! Усё роўна! Заўтра высветлім.

Уваходзяць Фоскін, Двойкін і Тройкін.

Гатова?

Фоскін

Ёсць!

Веласіпедкін (зграбаючы ўсіх)

Ну, гайда! Шпарце, таварышы!

Чудакоў

Так, так... Правадкі злітаваны. Ізаляцыйныя перагародкі ў парадку. Напружанне выверана. Здаецца, можна. Першы раз у гісторыі чалавецтва... Адступіце! Уключаю... Раз, тва, тры!

Бенгальскі выбух, дым. Усе адхіснуліся, праз секунду зноў — прылівам да месца выбуху. Чудакоў выхоплівае, апякаючыся, кавалак празрыстай шкляністай паперы з адбітым, пашматаным ражком.

вернуться

82

Ол райт! Гуд бай! (англ. All right! Good bye!) — Вельмі добра! Да пабачэння!

вернуться

83

...невядома, што ў яго — «бэ» ці «мэ» ў дужках стаяла — г. зн. невядома, быў Пабеданосікаў бальшавіком — членам РСДРП(б) — ці меньшавіком.