Я быў нават і без вусоў, калі пачаў стукацца да вас. Таварыш Аптымістэнка, з гэтым неабходна скончыць. Мы ідзём да самога галоўначпупса, нам патрэбен сам Пабеданосікаў.
Аптымістэнка
Нэ трэба. Нэ трэба вам ёго турбаваць. Я жэ ж вас магу асабістаўласна цалкам задаволіць. Усё ў парадку. На вашу справу маецца поўнае рашэнне.
Чудакоў (перапытвае радасна)
Поўнасцю задаволіць? Праўда?
Веласіпедкін (перапытвае радасна)
Поўнае рашэнне? Так? Зламалі, значыцца, бюракратаў? Так? Здорава!
Аптымістэнка
Ды што вы, таварыш! Які ж можа быць бюракратызм перад чысткай? [85] У мяне ўсё на індыкатары без уваходных і выходных, па найноўшай картачнай сістэме. Раз — шукаю вашу скрынку. Раз — хапаю вашу справу. Раз — у руках поўная рэзалюцыя — вось, вось!
Усе ўтыкаюцца ў паперу.
Я ж казаў — поўнае рашэнне. Вось! Ад-мо-віць.
Першы план гасне. Асвятляецца кабінет.
Пабеданосікаў (перагортвае паперы, дазвоньваецца па вяртушцы [86]. Мімаходзь дыктуе)
«...I так, таварышы, гэты набатны, рэвалюцыйны заклікальны трамвайны званок павінен звонам гудзець у сэрцы кожнага рабочага і селяніна. Сягоння рэйкі Ільіча звяжуць «Плошчу імя дзесяцігоддзя савецкай медыцыны» з былой апорай буржуазіі «Сянным рынкам». (У тэлефон.) Так. Алё, алё-о!.. (Дыктуе далей). «Хто ездзіў у трамваі да 25 кастрычніка? Дэкласіраваныя інтэлігенты, папы і дваране. За колькі ездзілі? Яны ездзілі за пяць капеек станцыю. У чым ездзілі? У жоўтым трамваі. Хто будзе ездзіць цяпер? Цяпер будзем ездзіць мы, працаўнікі сусвету. Як мы будзем ездзіць? Мы будзем ездзіць з усімі савецкімі выгодамі. У чырвоным трамваі. За колькі? Усяго за дзесяць капеек. I так, таварышы...» (Тэлефонны званок. У тэлефон.) Так, так, так. Няма? На чым мы спыніліся?
Машыністка Ундэртон
На «I так, таварышы...».
Пабеданосікаў
Так, так... «I так, таварышы, памятайце, што Леў Талстой — найвялікшы і незабыўны мастак пяра. Яго спадчына мінулага блішча нам на мяжы двух светаў, як вялікая мастацкая зорка, як цэлае сузор’е, як самае вялікае з вялікіх сузор’яў — Вялікая Мядзведзіца. Леў Талстой...»
Ундэртон
Даруйце, таварыш Пабеданосікаў. Вы там пра трамвай пісалі, а тут вы чамусьці Льва Талстога ў трамвай на хаду ўпусцілі. Наколькі можна разумець, тут якоесьці парушэнне літаратурна-трамвайных правіл.
Пабеданосікаў
Што? Які трамвай? Так, так... З гэтымі пастаяннымі прывітаннямі і прамовамі... Папрашу без заўваг у рабочы час! Для самакрытыкі вам адведзена насценная газета. Працягваем... «Нават Леў Талстой, нават гэтая найвялікшая мядзведзіца пяра, калі б ёй удалося глянуць на нашы дасягненні ў выглядзе вышэйадзначанага трамвая, нават яна заявіла б перад тварам сусветнага імперыялізму: «Не магу маўчаць. Вось яны, чырвоныя плады ўсеагульнай і абавязковай асветы». I ў гэтыя дні юбілею...» Што за агіднасць! Кашмар! Выклікаць мне сюды таварыша... грамадзяніна бухгалтара Ночкіна.
Кабінет Пабеданосікава гасне. Зноў чарга ля кабінета. Урываюцца Чудакоў і Веласіпедкін.
Веласіпедкін
Таварыш Аптымістэнка, гэта здзек!
Аптымістэнка
Ды не так жэ ж, ніякага здзеку нэма. Слухалі — пастанавілі: адмовіць. Не ўваходзіць ваша вынаходка ў перспектыўны план на бліжэйшы квартал.
Веласіпедкін
Дык жа не на адным тваім бліжэйшым квартале сацыялізм будуецца!
Аптымістэнка
Ды не замінайце вы са сваімі фантазіямі нашай дзяржаўнай дзейнасці! (Да ўвайшоўшага Бельвядонскага.) Калі ласка! Шпарце! Рассыпайцеся! (Да Чудакова.) Ваша прапанова не ўвязана з НКШЗ [87] і нэ трэба найшырэйшым рабочым і сялянам.
Веласіпедкін
Пры чым тут НКШЗ? Што за галавацяпства!
Чудакоў
Безумоўна, нельга прадбачыць наперад усёй грандыёзнасці вынікаў, і магчыма, магчыма з цягам часу прыстасаваць з карысцю маю вынаходку і да транспартных задач — пры максімальнай хуткасці і амаль па-за часам...
Веласіпедкін
Ну, так, так, можна і з НКШЗ узгадніць. Напрыклад, сядаеце вы ў тры гадзіны ночы, а ў пяць раніцы — ужо ў Ленінградзе.
Аптымістэнка
Ну вось, а я што сказаў? Адмовіць! Нежыццёва. I нашто нам быць у пяць раніцы ў Ленінградзе, калі ўсе ўстановы яшчэ жэ ж закрытыя? (Загараецца чырвоная лямпачка тэлефона. Слухае, крычыць.) Ночкіна — да таварыша Пабеданосікава!
85
Чыстка — маецца на ўвазе партыйная чыстка і чыстка савецкага апарата, якая праводзілася ў 1929 годзе.
86
Вяртушка.— У той час была толькі адна аўтаматычная тэлефонная станцыя,— яна абслугоўвала вышэйшыя ўрадавыя ўстановы і адказных работнікаў, што ўзначальвалі асобныя ведамствы. Аўтаматычны тэлефонны апарат называлі вяртушкай.