Адхіляючыся ад Чудакова і Веласіпедкіна, якія кінуліся яму насустрач, подбегам трухае Ночкін. Кабінет Пабеданосікава.
Пабеданосікаў (круціць і дзьме ў вяртушку)
Цьфу! Іван Міканорыч? Здароў. Іван Міканорыч! Я цябе папрашу два білеты. Ну так, міжнародным. Як, ужо не загадваеш? Цьфу! З гэтай нагрузкай проста адрываешся ад мас. Патрэбен білет, дык невядома, каму тэлефоніць! Алё, алё! (Да машыністкі.) На чым спыніліся?
Ундэртон
«I так, таварышы...»
Пабеданосікаў
«I так, таварышы, Аляксандр Сямёныч Пушкін, непераўзыдзены аўтар як оперы «Яўгені Анегін», так і п’есы той жа назвы...»
Ундэртон
Даруйце, таварыш Пабеданосікаў, але вы спачатку пусцілі трамвай, потым усадзілі туды Талстога, а цяпер улез Пушкін — без усякага трамвайнага прыпынку.
Пабеданосікаў
Які Талстой? Пры чым тут трамвай?! Ах, так, так! З гэтымі пастаяннымі прывітаннямі... Папрашу без пярэчанняў! Я тут вытрымана і ўдасканалена пішу на адну тэму і без усялякіх ухілаў у бок, а вы... I Талстой, і Пушкін, і нават, калі хочаце, Байрон — гэта ўсё, хаця і ў розныя часы, аднак саюбілейшчыкі, і наогул. Я, можа, напішу адзін агульны кіруючы артыкул, а вы маглі б потым, без усякіх скрыўленняў самакрытыкі, разрэзаць артыкул па асобных пытаннях, калі вы наогул на сваім месцы. Але вы наогул больш думаеце, як пафарбаваць губкі і прыпудрыцца, і вам не месца ў маёй установе. Даўно пара з ліку маладых камсамолак арабочыць сакратарыят. Папрашу-с сягоння ж...
Уваходзіць Бельвядонскі.
Добрага здароўя, добрага здароўя, таварыш Бельвядонскі! Заданне выканана? Ударным парадкам?
Бельвядонскі
Выканана, безумоўна, выканана. Амаль не сплюшчыўшы вачэй, так сказаць, у сацыялістычным спаборніцтве з самім сабой, але выканана ўсё паводле сацыялістычнага заказу і авансу на ўсе трыста працэнтаў. Будзьце ласкавы, таварыш, глянуць на вашу будучую мэблю?
Пабеданосікаў
Прадэманструйце!
Бельвядонскі
Калі ласка! Вы, бясспрэчна, ведаеце і бачыце, як сказаў славуты гісторык, што стылі бываюць розных Луёў. Вось гэта Луі Каторз Чатырнаццаты [88], празваны так французамі пасля рэвалюцыі сорак восьмага года за тое, што ішоў непасрэдна пасля трынаццатага. Затым вось Луі Жакоп [89], і, нарэшце, дазволю сабе і параю, як найбольш сучаснае, Луі Мове Гу [90].
Пабеданосікаў
Стылі нішто сабе, чыста падабраныя. А як цана?
Бельвядонскі
Усе тры Луі — прыблізна па адной цане.
Пабеданосікаў
Тады, я думаю, мы спынімся на Луе Чатырнаццатым. Аднак, зразумела, згодна з патрабаваннем РСІ аб зніжэнні кошту, прапаную вам у спешным парадку выпрастаць у крэслаў і канап ножкі, паздымаць золата, пафарбаваць пад мораны дуб і параскідаць там і сям савецкі герб на спінках і іншых вытырклых месцах.
Бельвядонскі
Чароўна! Звыш пятнаццаці Людовікаў было, а да гэтага дадумацца не маглі, а вы адразу — па-бальшавіцку, па-рэвалюцыйнаму! Таварыш Пабеданосікаў, дазвольце мне прадоўжыць ваш партрэт і адлюстраваць вас як наватара-адміністратара, а таксама размеркавальніка крэдытаў. Турма і ссылка па вас плачуць, часопіс [91] само сабой. Музей рэвалюцыі па вас плача: арыгінал туды — адарвуць з рукамі! А копіі з невялікай растэрміноўкай і пры ўтрыманні з пэнсіі расхапаюць удзячныя таварышы па службе. Дазвольце?
Пабеданосікаў
Ні за што! Для такіх глупстваў я, безумоўна, ад стырна ўлады адрывацца не магу, аднак, калі неабходна для паўнаты гісторыі і калі на хаду, не прыпыняючы працы, то калі ласка. Я сяду тут, за пісьмовым сталом, але ты адлюструй мяне рэтраспектыўна, гэта значыць, як быццам бы на кані.
Бельвядонскі
Каня вашага я ўжо дома намаляваў па памяці, натхняўся на скачках і нават, ці паверыце, у патрэбных месцах сам у люстэрка глядзеўся. Мне застаецца вас да каня прысабачыць. Дазвольце адсунуць убок кошык з паперкамі. Якая сціпласць пры такіх заслугах! Ачысціце мне лінію вашай баявой нагі. Ах, як чабаток чыста блішчыць, проста — хоць лізні. Толькі ў Мікель Анжэла [92] сустракалася такая чыстая лінія. Вы ведаеце Мікель Анжэла?
Пабеданосікаў
Анжэлаў, армянін?
Бельвядонскі
Італьянец.
Пабеданосікаў
Фашыст?
Бельвядонскі
Што вы?
Пабеданосікаў
88
Луі Каторз Чатырнаццаты.— Размова ідзе пра Людовіка XIV, караля Францыі ў 1643 —1715 гадах. Каторз (франц. guatorze) — чатырнаццаты. Такім чынам Бельвядонскі вымаўляе слова «чатырнаццаты» два разы запар.
89
Луі Жакоп.— Жакоб — прозвішча вядомых французскіх майстроў мастацкай мэблі (XVIII—XIX вв.), але нікога з іх не звалі Луі. Бельвядонскі называе кожны стыль мэблі іменем Луі.
91
Турма і ссылка.— Часопіс Усесаюзнага таварыства былых паліткатаржнікаў і ссыльна-пасяленцаў называўся «Катарга і ссылка».