Выбрать главу

Не ведаю.

Бельвядонскі

Не ведаеце?

Пабеданосікаў

А ён мяне ведае?

Бельвядонскі

Не ведаю... Ён таксама мастак.

Пабеданосікаў

А! Ну, ён мог бы і ведаць. Мастакоў многа, галоўначпупс — адзін.

Бельвядонскі

Аловак дрыжыць. Не перадаць дыялектыку характару пры агульнай бытавой сціпласці. Самапавага ў вас, таварыш Пабеданосікаў, тытанічная! Зіркніце вачыма цераз правае плячо і цераз самапішучую ручку-с. Дазвольце ўвекавечыць гэты міг.

Пабеданосікаў

Зайдзіце!

Уваходзіць Ночкін.

Пабеданосікаў

Вы?!

Ночкін

Я...

Пабеданосікаў

Дзвесце трыццаць?

Ночкін

Дзвесце сорак.

Пабеданосікаў

Прапілі?..

Ночкін

Прайграў.

Пабеданосікаў

Які жах! Неверагодна! Хто? Растратчык! Дзе? У мяне! У які час? У той час, калі я вяду маю ўстанову да сацыялізма па геніяльных слядах Карла Маркса і згодна з прадпісаннямі цэнтра...

Ночкін

Ну, што ж, Карл Маркс таксама ў карты пагульваў.

Пабеданосікаў

Карл Маркс? У карты? Ніколі!!!

Ночкін

Ну, вось, ніколі... А што пісаў Франц Мерынг? [93] Што ён пісаў на семдзесят другой старонцы сваёй капітальнай працы «Карл Маркс у асабістым жыцці [94]»? Гуляў! Гуляў наш вялікі настаўнік...

Пабеданосікаў

Я, вядома, чытаў і ведаю Мерынга. Па-першае, ён перабольшвае, а, па-другое, Карл Маркс сапраўды гуляў, але не ў азартныя, а ў камерцыйныя гульні.

Ночкін

А вось аднакласнік, знаўца і сучаснік, вядомы Людвіг Фейербах [95] піша, што і ў азартныя.

Пабеданосікаў

Ну, так, я чытаў, безумоўна, таварыша Феербахава. Карл Маркс калі-нікалі гуляў і ў азартныя, але не на грошы.

Ночкін

Не... На грошы...

Пабеданосікаў

Так, але на свае, а не на казённыя.

Ночкін

Дапусцім, кожны, хто штудзіраваў Маркса, ведае, што быў, праўда, аднойчы, памятны выпадак і з казённымі.

Пабеданосікаў

Вядома, гэты гістарычны выпадак прымусіць нас, у сувязі з гістарычным прэцэдэнтам, падысці больш уважліва да вашага ўчынку, але ўсё ж...

Ночкін

Ды кіньце вы бобу ў гаросе шукаць! Не гуляў ніколі Карл Маркс ані ў якія карты. Ды што мне вам расказваць! Хіба вы чалавека зразумееце? Вам толькі каб пунктам ды параграфам адпавядала. Эх ты, партфель напханы! Кліпса канцылярская!

Пабеданосікаў

Што? Здзекавацца? I са свайго непасрэднага, адказнага начальніка, і з пасрэднага... ды не, што я кажу! З безадказнага ценю Маркса... Не пускаць! Затрымаць!

Ночкін

Таварыш Пабеданосікаў, не турбуйце сябе званкамі, я сам у МУКВ [96] паведамлю...

Пабеданосікаў

Спыню! Не дазволю!

Бельвядонскі

Таварыш Пабеданосікаў! Які момант! Захавайце позу, як яна ёсць! Дайце ўвекавечыць гэтае вокамгненнечка!

Ундэртон

Ха-ха-ха!

Пабеданосікаў

Спачуванне? Растратчыку? Смяяцца? Ды яшчэ нафарбаванымі губамі?.. Вон! (Адзін, накручвае вяртушку.) Алё, алё! Фу, фу!.. Хто гэта! Аляксандр Пятровіч. Ды я ж цябе тры дні... Прайшоў? Віншую. Ну, як жа, як жа. Якія могуць быць сумненні!.. Як заўсёды, цэлымі днямі, цэлымі начамі... Так, нарэшце, сёння... Два білеты. Мяккія. Першы. Са стэнаграфісткай. Пры чым тут РСІ? Неабходна дадыктаваць справаздачу. Якое маюць значэнне дзвесце сорак рублёў туды і назад? Так, правядзём іх як сутачныя або яшчэ якія-небудзь. У спешным парадку, з кур’ерам... Ну, безумоўна, тваё прасуну... Вось, вось! Зялёны Мыс [97]... Мне. Ну, цісну руку, з адказным прывітаннем. (Кідае трубку. На матыў тарэадора [98].) Алё, алё!

Прыёмная. Чудакоў і Веласіпедкін наступаюць.

Аптымістэнка

Ды куды жэ ж вы прэцеся, нарэшце? Майце ж павагу да працы і дзейнасці дзяржаўнага персаналу.

Уваходзіць Мезальянсава. Ізноў кінуліся Чудакоў і Веласіпедкін.

Не... не... Без чаргі, згодна з тэлефанаграмай... (Праводзіць пад ручку, канфідэнцыяльна.) Усё гатова!.. А як жэ ж. Я яму расказаў са значэннем, што жонка яго па камсамольцах пайшла. Ён спачатку як раззлуецца! Не пацярплю, кажа, распусных заляцанняў без сур’ёзнага стажу і службовага базісу, а потым нават узрадаваўся. Сакратарку ўжо ліквідаваў па прычыне неэтычнасці губ. Ідзіце проста, не бойцеся! I пад кожным ёй лістком [99] быў ужо гатоў мясцком...

вернуться

93

Франц Мерынг (1846—1919) — адзін з заснавальнікаў Германскай камуністычнай партыі, відны публіцыст і гісторык.

вернуться

94

«Карл Маркс у асабістым жыцці» — такой працы ў Мерынга няма.

вернуться

95

Людвіг Фейербах (1804—1872) — нямецкі філосаф-матэрыяліст; аднакласнікам Маркса Фейербах не быў.

вернуться

96

МУКВ — Маскоўскае ўпраўленне крымінальнага вышуку.

вернуться

97

Зялёны Мыс — курорт каля Батумі.

вернуться

98

Матыў тарэадора — маецца на ўвазе папулярная арыя тарэадора з оперы Ж. Бізэ «Кармэн».

вернуться

99

«I пад кожным ёй лістком...» — перафраз радкоў з байкі I. А. Крылова «Страказа і муравей».