Іван Іванавіч
Так, так, так! Вы ідзіце ў яго ўстанову. Дырэктывы выконваюцца, цыркуляры праводзяцца, рацыяналізацыя наладжваецца, паперы гадамі ляжаць у поўным парадку. Для просьбаў, скаргаў і адносін — канвеер. Сапраўдны куток сацыялізма. Надзвычай цікава!
Рэжысёр
Але, таварыш, дазвольце...
Пабеданосікаў
Не дазволю!!! Не маю права і нават здзіўляюся, як гэта наогул вам дазволілі! Гэта нават дыскрэдытуе нас перад Еўропай. (Мезальянсавай). Гэта вы не перакладайце, калі ласка...
Мезальянсава
Ах, не, не, ол райт! Ён толькі што наеўся ікры на банкеце і цяпер дрэмле.
Пабеданосікаў
А каго вы нам супрацьпастаўляеце? Вынаходніка? А што ён вынайшаў? Тормаз Вестынгаўза ён вынайшаў? Самапішучую ручку ён выдумаў? Трамвай без яго ходзіць? Рацыялярыю ён канцылярызаваў?
Рэжысёр
Што?
Пабеданосікаў
Я кажу, канцылярыю ён рацыяналізаваў? Не! Тады аб чым крык? Летуценнікаў нам не трэба! Сацыялізм — гэта ўлік!
Іван Іванавіч
Так, так. Вы бывалі ў бухгалтэрыі? Я бываў у бухгалтэрыі — усюды лічбы і лічбы, і маленькія, і вялікія, самыя розныя, а пад канец усе адна з адною збягаюцца. Улік. Надзвычай цікава!
Рэжысёр
Таварыш, не зразумейце нас кепска. Мы можам памыляцца, але мы хацелі паставіць наш тэатр на службу барацьбы і будаўніцтва. Паглядзяць — і за працу, паглядзяць — і ўсхвалююцца, паглядзяць — і выкрыюць.
Пабеданосікаў
А я вас папрашу ад імя ўсіх рабочых і сялян мяне не бударажыць. Падумаеш, будзільнік! Вы павінны мне лашчыць вуха, а не бударажыць, ваша справа радаваць вока, а не бударажыць.
Мезальянсава
Так, так, лашчыць...
Пабеданосікаў
Мы хочам адпачыць пасля дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці. Назад, да класікаў! [103] Вучыцеся ў найвялікшых геніяў праклятага мінулага. Колькі разоў я вам казаў. Памятаеце, як спяваў паэт:
Мезальянсава
Ну, безумоўна, мастацтва павінна адлюстроўваць жыццё, прыгожае жыццё, прыгожых жывых людзей [105]. Пакажыце нам прыгожых жыўчыкаў на прыгожых ландшафтах і наогул буржуазнае разлажэнне. Нават, калі гэта патрэбна для агітацыі, дык і танец жывата. Або, скажам, як ідзе на прагнілым Захадзе свежая барацьба са старым бытам. Паказаць, напрыклад, на сцэне, што ў іх у Парыжы жанаддзела [106] няма, а затое факстрот, ці якія спадніцы новага фасону носіць стары лядашчы свет — сконапельбо-монд [107]. Зразумела?
Іван Іванавіч
Так, так! Зрабіце нам прыгожа! У Вялікім тэатры нам пастаянна робяць прыгожа. Вы былі на «Чырвоным маку» [108]? Ах, я быў на «Чырвоным маку». Надзвычай цікава! Усюды з кветкамі крыляюць, пяюць, танцуюць розныя эльфы [109] і... сіфіліды.
Рэжысёр
Сільфіды, вы хацелі сказаць?
Іван Іванавіч
Так, так, так! Гэта вы добра заўважылі — сільфіды. Трэба распачаць шырокую кампанію. Так, так, так, лятаюць розныя эльфы... і цвэльфы [110]... Надзвычай цікава!
Рэжысёр
Даруйце, але эльфаў было ўжо шмат, і іх далейшае размнажэнне не прадугледжана пяцігодкай. Ды і па ходу п’есы яны нам нейк не падыходзяць. Але адносна адпачынку я вас, безумоўна, разумею, і ў п’есу будуць уведзены адпаведныя змены ў выглядзе бадзёрых і грацыёзных дадатковых уставак. Вось, напрыклад, і так званы таварыш Пабеданосікаў, калі даць яму шчыкатлівую тэму — можа ўсіх разрагатаць. Я зараз жа зраблю пару ўказанняў, і роля проста разалмазіцца. Таварыш Пабеданосікаў, вазьміце ў рукі якія-небудзь тры-чатыры прадметы, напрыклад, ручку, подпіс, паперу і партмаксімум [111], і зрабіце некалькі жанглёрскіх практыкаванняў. Кідайце ручку, хапайце паперу — стаўце подпіс, бярыце партмаксімум, лавіце ручку, бярыце паперу — стаўце подпіс, хапайце партмаксімум. Раз, два, тры, чатыры. Раз, два, тры, чатыры. Сав-дзень — парт-дзень — бю-ра-кра-та. Сав-дзень — парт-дзень — бю-ра-кра-та. Дасягае?
Пабеданосікаў (з захапленнем)
Выдатна! Бадзёра! Ніякага ўпадніцтва — нічога не прыніжае. На гэтым можна і спыніцца.
103
«Назад да класікаў!» — укладваючы гэтыя словы ў вусны Пабеданосікава, Маякоўскі намякае на спробы некаторых дзеячаў мастацтва адмежавацца ад савецкай сучаснасці, схаваўшыся за класікаў.
104
«Пасля розных пасяджэнняў...» — перафразіроўка наступных вершаў з паэмы М. Ю. Лермантава «Дэман»:
105
«Жывых людзей...» — Намёк на «лозунг» «жывога чалавека», які быў высунуты крытыкам В. В. Ярмілавым і прапагандаваўся РАПП (Расійскай асацыяцыяй пралетарскіх пісьменнікаў) у канцы дваццатых гадоў. «Лозунг» гэты скіроўваў літаратуру ўбок ад палітычнай накіраванасці.
109
Эльфы, цвэльфы — у міфалогіі лёгкія, паветраныя істоты; распаўсюджаныя персанажы балетаў.
110
Цвэльфы — такога слова ў рускай мове няма; Іван Іванавіч заблытаўся ў іншаземных словах: па-нямецку «эльф» — адзінаццаць, цвёльф — дванаццаць.
111
Партмаксімум — стаўка заработнай платы, вышэй якой не магла аплочвацца праца члена партыі.