Два капельдынеры спыняюць Веласіпедкіна, які рвецца ў першы рад.
Капельдынер
Грамадзянін, а грамадзянін, вас ветліва просюць, вымятайцеся вы адсюль. Куды вы лезеце?
Веласіпедкін
Мне трэба ў першы рад...
Капельдынер
А бясплатных пірожных вам не трэба? Вас ветліва просюць, грамадзянін, а грамадзянін? У вас білет у рабочай паласе [112], а вы ў чыстую публіку прэцеся.
Веласіпедкін
Я іду ў першы рад да таварыша Пабеданосікава па справе.
Капельдынер
Грамадзянін, а грамадзянін, у тэатр для прыемнасці ходзюць, а не па справе. Вам ветліва кажуць, каціцеся адсюль кілбасой.
Веласіпедкін
Прыемнасць — справа паслязаўтрашняя, а я па справе, па сённяшняй, і, калі будзе трэба, не толькі першы — мы вам усе рады перавернем з ложамі.
Капельдынер
Грамадзянін, вам ветліва кажуць, вымятайцеся адсюль! За гардэроб не плацілі, праграму не купілі, ды яшчэ без білета!
Веласіпедкін
Ды я не глядзець прыйшоў. З маёй справай я і па партыйнаму білету сюды прайду... Я да вас, таварыш Пабеданосікаў!
Пабеданосікаў
Чаго вы гарлаеце? I хто гэта такі? Нейкі Пабеданосікаў?!!
Веласіпедкін
Жарты прэч, кіньце іграць! Вы і ёсць ён, і я да вас, каторы і ёсць галоўначпупс Пабеданосікаў.
Пабеданосікаў
Трэба-с даведацца калі не імя і па бацьку, дык хаця б прозвішча, перш чым звяртацца да вышэйстаячага адказнага таварыша.
Веласіпедкін
Дык калі ты адказны, ты і адказвай, чаму ў цябе ў канцылярыі замарожваюць вынаходку Чудакова? У нас у наяўнасці хвіліны. Няшчасце будзе непапраўнае. Адпусціце зараз жа грошы, вынесем дослед на месца з максімальным узвышшам і...
Пабеданосікаў
Што за лухта? Які Чудакоў? Якія ўзвышшы? I я наогул сам сягоння выязджаю на ўзвышшы Каўказа.
Веласіпедкін
Чудакоў — гэта вынаходнік...
Пабеданосікаў
Вынаходнікаў многа, а я адзін, і наогул прашу не турбаваць мяне хаця б у рэдкія, урэгуляваныя адпаведнымі інстанцыямі мінуты адпачынку. Зайдзіце ў пятніцу.
Рэжысёр энергічна махае рукой Веласіпедкіну.
Веласіпедкін
Да цябе зойдуць — і не ў пятніцу, а сягоння, і не я, а...
Пабеданосікаў
Няхай заходзіць хто сабе хоча, і не да мяне, а да майго намесніка. Калі ў загадзе аб’яўлена аб маім адпачынку, значыцца, мяне няма. Трэба разумець канструкцыю нашай канстытуцыі. Гэта недапушчальна!
Веласіпедкін (да Івана Іванавіча)
Утлумачце яму, утэлефоньце яму, вы ж абяцалі!
Іван Іванавіч
Прыставаць са справамі да асобы, якая знаходзіцца ў адпачынку! Надзвычай цікава! У вас ёсць тэлефон? Я пазваню Мікалаю Аляксандравічу [113]. Трэба шанаваць здароўе старых адказных, пакуль яны яшчэ маладыя.
Рэжысёр
Таварыш Веласіпедкін, заклінаю вас, не рабіце скандалу! Ён жа не з п’есы. Ён проста падобны, і малю вас, каб яны не здагадаліся. Вы атрымаеце поўнае задавальненне па ходу дзеяння.
Пабеданосікаў
Бывайце, таварыш! Нечага сказаць, называецеся рррэвалюцыйным тэатрам, а самі раздражняеце... як гэта вы сказалі?.. бударажыце, ці што, адказных работнікаў. Гэта не для мас, і рабочыя і сяляне гэтага не зразумеюць, і добра, што не зразумеюць, і растлумачваць ім гэтага не трэба. Што вы з нас нейкіх дзейных асоб робіце? Мы хочам быць бяздзейнымі... як яны называюцца? — гледачамі. Не-ее! Наступны раз я пайду ў другі тэатр!
Іван Іванавіч
Так, так, так! Вы бачылі «Вішнёвую квадратуру» [114] А я быў на «Дзядзьку Турбіных» [115]. Надзвычай цікава!
Рэжысёр (Веласіпедкіну)
Вы што нарабілі? Вы ж ледзь не сарвалі спектакль. Калі ласка, на сцэну!
П’еса працягваецца!
IV ДЗЕЯ
Сцэна пераплецена ўваходнымі лесвіцамі. Павароты лесвіц, пляцоўкі і дзверы кватэр. На верхнюю пляцоўку выходзіць апрануты і з чамаданамі Пабеданосікаў. Спрабуе плячом прыціснуць дзверы, але Поля адчыняе палавінку і выбягае на пляцоўку. Кладзе руку на чамадан.
Поля
Што ж, я так і застануся?.. Не смешна!
Пабеданосікаў
Я прашу цябе спыніць гэтую размову. Якое сямейнае мяшчанства! Кожны ўрач скажа, што для поўнага адпачынку патрэбна вырваць сябе, іменна сябе, а не цябе, з прывычнага асяроддзя, ну, і я еду аднавіць важны для дзяржавы арганізм, умацаваць яго ў розных гарыстых мясцовасцях.
112
Рабочая паласа — месцы ў тэатрах, якія аддаваліся ў распараджэнне рабочых арганізацый.
113
Мікалай Аляксандравіч — намёк на Н. А. Сямашка (1874—1949) — першы народны камісар аховы здароўя (1918—1930).
114
«Вішнёвая квадратура» — злучэнне назваў п’ес з рэпертуара Маскоўскага Мастацкага тэатра — «Вішнёвы сад» А. П. Чэхава і «Квадратура круга» В. П. Катаева (пастаноўка 1928 года).
115
«Дзядзька Турбіных» — злучэнне назваў п’ес з рэпертуара Маскоўскага Мастацкага тэатра — «Дзядзька Ваня» А. П. Чэхава і «Дні Турбіных» М. А. Булгакава (пастаноўка 1926 года).