Выбрать главу

Поля

Я ж ведаю, ну, бачыла,— табе прынеслі два білеты. Я магла думаць... Ну, чым, чым я табе замінаю? Смехата!

Пабеданосікаў

Пакінь ты гэтыя мяшчанскія ўяўленні пра адпачынак. Мне на лодках катацца некалі. Гэта дробныя забаўкі для розных сакратароў. Плыві, мая гандола! [116] У мяне не гандола, а дзяржаўны карабель. Я табе не загараць еду. Я заўсёды абдумваю бягучы момант, а потым там... даклад, справаздача, рэзалюцыя — сацыялізм. Па маім грамадскім становішчы мне законам прысвоена стэнаграфістка.

Поля

Калі я тваёй стэнаграфіі перашкаджала? Смех! Ну, добра, ты перад другімі ханжыш, малюешся, але чаго ты мяне ашукваеш? Не смешна. Чаго ты мяне шырмай трымаеш? Пусці ты мяне, богам прашу, і стэнаграфуй хоць усю ноч! Смехата!

Пабеданосікаў

Цсс... Ты мяне кампраметуеш сваімі неарганізаванымі, а тым больш рэлігійнымі выкрыкамі. «Богам прашу». Цсс... Унізе жыве Казлякоўскі, ён можа перадаць Паўлу Пятровічу, а той знаёмы сем’ямі з Сямёнам Афанасычам.

Поля

Чаго хаваць? Пацеха!

Пабеданосікаў

Табе, табе трэба хаваць, хаваць свае бабскія, мяшчанскія, упадніцкія настроі, што ўтварылі такі няроўны шлюб. Ты ўдумайся хаця б перад тварам прыроды, на якую я еду. Удумайся! Я — і ты! Зараз не той час, калі дастаткова было ісці ў разведку побач і спаць пад адным шынялём. Я падняўся ўгору па разумовай, службовай і па кватэрнай лесвіцы. Трэба і табе ўмець самаадукоўвацца і дыялектычна лавіраваць. А што бачу я ў тваім абліччы? Перажытак мінулага, ланцуг старога быту!

Поля

Я табе замінаю? Чым? Смехата! Гэта ты з мяне зрабіў абшчыпаную квактуху.

Пабеданосікаў

Цсс!!! Хопіць гэтай рэўнасці! Сама бадзяешся па чужых кватэрах. Камсамольскія ўцехі, так? Думаеш, я не ведаю? Не магла сабе нават залётнікаў знайсці адпаведна майму грамадскаму становішчу. Шкадлівая спадніцаноска!

Поля

Сціхні! Не смешна.

Пабеданосікаў

Цсс!!! Я табе сказаў, унізе жыве Казлякоўскі. Зойдзем у кватэру. Гэта трэба, нарэшце, скончыць!

Ляпае дзвярыма, упіхваючы Полю ў кватэру. На ніжняй прыступцы паказваецца Веласіпедкін, за ім Чудакоў — пад цяжарам нябачнай машыны. Нябачную машыну падтрымліваюць Двойкін і Тройкін.

Веласіпедкін

Націскай, таварышы! Яшчэ прыступак дваццаць. Цягні ціха! Каб не схаваўся зноў за сакратароў і паперкі. Няхай гэтая бомба часу выбухне ў яго.

Чудакоў

Баюся, не паспеем данесці. Пралік у дзесятую секунды дасць розніцу ў цэлую гадзіну па нашаму часу.

Двойкін

Ты адчуваеш, як награваюцца часткі пад рукой? Шкло закіпае.

Тройкін

З майго боку планка напальваецца да немагчымасці. Пліта! Далібог, пліта! Ледзь трываю, каб не разняць далоні.

Чудакоў

Цяжар машыны павялічваецца з кожнай секундай. Я амаль магу паручыцца, што ў машыне матэрыялізуецца пабочнае цела.

Двойкін

Таварыш Чудакоў, тупай хутчэй! Падтрымліваць няма моцы. Агонь нясём!

Веласіпедкін (падбягае і падтрымлівае, апякаючыся)

Таварышы, не здавайцеся! Яшчэ прыступак дзесяць — пятнаццаць, ён тут побач, наверсе. О, чорт, пякельнае полымя! (Адрывае апечаную руку.)

Чудакоў

Цягнуць далей нельга. Відаць, застаюцца секунды. Хутчэй! Хоць бы да пляцоўкі! Звальвайце тут!

З дзвярэй выбягае Пабеданосікаў, зачыняе дзверы, потым стукае. Дзверы адчыняюцца, паказваецца Поля.

Пабеданосікаў

Ты, безумоўна, не хвалюйся. Ты, Полечка, памятай, ты сама можаш зразумець, што наша жыццё, маё жыццё можа ўладзіць толькі тваё добрае жаданне.

Поля

Маё? Сама? Не смешна!

Пабеданосікаў

Дарэчы, я забыў схаваць браўнінг. Ён мне, мабыць, не спатрэбіцца. Схавай, калі ласка. Помні, ён зараджаны, і, каб стрэліць, трэба ўсяго адвесці вось гэты засцерагальнік. Бывай, Полечка!

З трэскам зачыняе дзверы, прыціскае вуха да замочнай шчыліны, прыслухоўваецца. На ніжняй прыступцы паказваецца Мезальянсава.

Мезальянсава

Носік, ты скора?

Пабеданосікаў

Цс-с-с-с!!!

Грукат, выбух, стрэл. Пабеданосікаў расчыняе дзверы і кідаецца ў кватэру. На ніжняй пляцоўцы феерверкавы агонь. На месцы пастаўленага апарата — ззяючая жанчына са скруткам у ззяючых літарах. Гарыць слова «Мандат». Агульнае аслупяненне. Выбягае Аптымістэнка, на хаду падцягвае штаны, у пантофлях на босыя ногі, узброены.

вернуться

116

Плыві, мая гандола!» — Словы ў пачатку раманса Браўна.