Прысыпкін
А! Ну-ну-ну!
Баян
Дык вось, калі картэ́ж пад’едзе, я вам спяю эпіталáму Гіменея [7].
Прысыпкін
Што ты плявузгаеш? Якія яшчэ такія Гімалаі?
Баян
Не Гімалаі, а эпіталаму пра бога Гіменея. Гэта такі бог кахання быў у грэкаў, ды не ў гэтых жоўтых, азвярэлых згоднікаў Венізеласаў [8], а ў старажытных, рэспубліканскіх.
Прысыпкін
Таварыш Баян, я за свае грошы патрабую, каб было чырвонае вяселле і ніякіх багоў! Паняў?
Баян
Ды што вы, таварыш Скрыпкін, не тое, што паняў, а сілай, згодна Плеханаву, дазволенага марксістам уяўлення я праз як бы прызму бачу вашу класавую, узвышаную, чароўную і поўную захаплення ўрачыстасць!.. Нявеста вылазіць з карэты — чырвоная нявеста... уся чырвоная,— упарылася, значыцца; яе выводзіць чырвоны пасаджоны бацька, бухгалтар Ерыкалаў,— ён якраз мужчына тлусты, чырвоны, апаплексічны,— уводзяць гэта вас чырвоныя шаферы, увесь стол у чырвоных шынках і бутэлькі з чырвонымі галоўкамі.
Прысыпкін (спачувальна)
Во! Во!
Баян
Чырвоныя госці крычаць «горка, горка», і тут чырвоная (ужо цяпер жонка) працягвае вам чырвоныя-чырвоныя губкі...
Зоя (збянтэжана хапае за рукавы абодвух. Абое здымаюць яе рукі, збіваюць пстрычкамі пыл)
Ваня! Пра што ён? Што пляце гэтая каракаціца ў гальштуку? Якое вяселле? Чыё вяселле?
Баян
Чырвоны працоўны шлюб Эльзевіры Давыдаўны Рэнесанс і...
Прысыпкін
Зоя
Ваня! А я? Як жа гэта: пагуляўся і адцураўся?
Прысыпкін (адхіляе працягнутую руку)
Разалія Паўлаўна (вырываецца з магазіна, трымаючы селядцы над галавой)
Кіты! Дэльфіны! (Гандляру селядцамі.) Ану, пакажы, ану, параўнай твайго смаўжа! (Параўноўвае; селядзец латочніка большы; пляскае рукамі.) На хвост даўжэй?! За што змагаліся, а, грамадзянін Скрыпкін? За што мы забілі гасудара імператара і прагналі пана Рабушынскага, а? У магілу мяне ўгоніць савецкая ваша ўлада... На хвост, на цэлы хвост даўжэй!..
Баян
Паважаная Разалія Паўлаўна, параўнайце з другога канца,— ён жа і большы толькі на галоўку, а навошта вам галоўка,— яна ж непрыдатная для яды, адрэзаць і выкінуць.
Разалія Паўлаўна
Вы чулі, што ён сказаў? Галоўку адрэзаць! Гэта вам галоўку адрэзаць, грамадзянін Баян: нічога не ўбавіцца і нічога не каштуе, а яму адрэзаць галоўку каштуе дзесяць капеек на кілё. Ну! Дамоў! Мне вельмі патрэбен прафесіянальны саюзны білет у доме, але дачка на даходлівым прадпрыемстве — гэта таксама вам не бык на палачцы.
Зоя
Жыць хацелі, працаваць хацелі... Значыць, усё...
Прысыпкін
Грамадзянка! Наша любоў ліквідавана. Не замінайце свабоднаму грамадзянскаму пачуццю, а то я міліцыю паклічу.
Зоя, з плачам, учапілася за рукаў. Прысыпкін вырываецца. Разалія Паўлаўна становіцца паміж ім і Зояй, губляе пакупкі.
Разалія Паўлаўна
Чаго трэба гэтай лахудры? Чаго вы чапляецеся за майго зяця?
Зоя
Ён мой!
Разалія Паўлаўна
А!.. Яна такі з дзіцём! Я ёй заплачу аліменты, але я ёй разаб’ю морду!
Міліцыянер
Грамадзяне, спыніце гэтую агідную сцэну!
ІІ
Інтэрнат для моладзі. Вынаходнік сапе за чарцяжом. Хлопец на ложку, на краю ложка дзяўчына. Ачкарык уткнуўся галавой у кнігу. Калі расчыняюцца дзверы, бачны калідор з дзвярыма і лямпачкі.
Босы хлопец (крычыць)
Дзе боты? Зноў боты спёрлі. Што ж мне іх на ноч у камеру хавання ручнога і нажнога багажа на Курскі вакзал адносіць, ці што?
Прыбіральшчык
Гэта ў іх Прысыпкін да сваёй вярблюдзіхі на спатканне патопаў. Надзяваў — лаяўся. У апошні раз, кажа, а вечарам, кажа, з’яўлюся ў абноўленым выглядзе, больш адпавядаючым майму новаму сацыяльнаму становішчу.
Босы
Погань!
Малады рабочы (прыбірае)
I смецце ж пасля яго стала нейкае як бы панскае, далікатнае. Раней што? Бутля з-пад піва ды хвост воблы, а зараз бляшаначкі Тэжэ ды стужачкі шматкалёрныя.
7
«...я вам спяю эпіталаму Гіменея».— Эпіталама (грэч.) — вясельная песня з пажаданнем шчасця маладым. Адзін з улюбёных нумароў канцэртнага рэпертуара — «Эпіталама Гіменею» з оперы А. Г. Рубінштэйна «Нерон».
8
Венізелас Элефтэрый (1864—1936) — грэчаскі буржуазны палітычны дзеяч; неаднаразова быў прэм’ер-міністрам.
9
Крыху змененыя радкі з верша Івана Малчанава «Спатканне». На гэты верш Маякоўскі адказаў вершам «Пісьмо да каханай Малчанава, пакінутай ім...».
10
«Мы разышліся, нібы ў моры караблі» — радок з раманса «Караблі» (сл. і муз. Б. А. Празароўскага, Ленінград, 1925, выданне аўтара).