Выбрать главу

Фасфарычная жанчына

Машына часу яшчэ не зусім абсталяваная. Вам, як піянерам гэтага віду транспарту, давядзецца стаяць з усімі.

Пабеданосікаў

Пры чым тут піянеры? Піянерскі злёт скончаны [120], і папрашу ніколі больш не дакучаць мне з піянерамі. Гэтая кампанія праведзена! Я проста не паеду! Чорт ведае што такое! Трэба, нарэшце, навучыцца шанаваць старога гвардзейца, а то я выйду з гвардыі. Урэшце, я патрабую кампенсацыі за нявыкарыстаны адпачынак! Адным словам, дзе рэчы?

Двойкін штурхае ваганетку з перавязанымі стосамі папер, капялюшнымі скрынкамі, партфелямі, паляўнічымі стрэльбамі і шафай-куфрам Мезальянсавай. З чатырох вуглоў ваганеткі чатыры сетэры. За ваганеткай Бельвядонскі з чамаданам, скрынкай, пэндзлямі, партрэтам [121].

Фасфарычная жанчына

Таварыш, гэта што за агромністы універмаг?

Аптымістэнка

Ды не жэ ж. Гэта малюпасенькае абрастанне.

Фасфарычная жанчына

Ну, навошта вам? Хоць частку пакіньце!

Аптымістэнка

Вядома, таварыш. Поштай дашляце.

Пабеданосікаў

Папрашу без заўваг! Развесьце сабе насценную газету і заўважайце там. Я павінен прадставіць цыркуляры, ліцеры, копіі, тэзісы, перакопіі, папраўкі, выпіскі, даведкі, карткі, рэзалюцыі, справаздачы, пратаколы і іншыя апраўдальныя дакументы пры хаця б рэчавых сабаках. Я мог запрасіць дадатковы вагон-біс, але я не запрошваю згодна са сціпласцю ў асабістым жыцці. Не губляйце палітыкі далёкага прыцэлу [122]. Вам гэта таксама вельмі і вельмі спатрэбіцца. Атрымаўшы штаты, я перавяду канцылярыю ў агульнасусветны маштаб. Пашырыўшы штаты, я перавяду маштаб у міжпланетны. Спадзяюся, вы не хочаце абесканцылярыць і дэзарганізаваць планету?

Аптымістэнка (Фасфарычнай жанчыне)

Не пярэчце, грамадзянка. Шкада ж планеты.

Фасфарычная жанчына

Тады збірайцеся хутчэй!

Пабеданосікаў

Я папрашу вас не ўмешвацца не ў сваю кампетэнцыю. Гэта занадта! Папрашу не забываць — гэта мае людзі, і пакуль я не вызвалены, я тут разнайгалоўнейшы. Мне гэта абрыдла! Я буду скардзіцца ўсім на ўсе дзеянні літаральна ўсіх, як толькі вазьмуся за руль. Адступіцеся, таварышы. Стаўце рэчы сюды. Дзе партфель светла-жоўтага маладога цяляці з манаграмай? Аптымістэнка, збегайце! Не хвалюйцеся, пачакаюць! Я спыняю цягнік [123] па дзяржаўнай неабходнасці, а не дзеля нейкага глупства.

Аптымістэнка кідаецца, насустрач Поля з партфелем.

Поля

Калі ласка, не сыкай! Я прыбірала дома, як ты загадаў,— зараз вярнуся, дапрыбіраюся. Бачу — забыў. Думаю — важнае! Смехата! Прыбегла — калі ласка! (Перадае партфель.)

Пабеданосікаў

Прымаю партфель і прымаю да ведама. Трэба ўспамінаць раней! Наступным разам я буду разглядаць гэта як прарыў і паслабленне шлюбнай дысцыпліны. Праважатыя, выйдзіце. Бывай, Поля! Калі я ўладкуюся, я табе буду прысылаць трэць чаго-небудзь згодна з практыкай суда і аж да змены застарэлага заканадаўства.

Понт Кіч (уваходзячы і спыняючыся)

Кхе, кхе!

Мезальянсава

Пліз, сэр!

Понт Кіч

Злодзей нахабна драў з ліп язмін дай нам плюньце білетэр...

Мезальянсава

Містэр Кіч хоча сказаць і гаворыць, што ён без білета, таму што не ведаў, які патрэбен — партыйны ці чыгуначны, але што ён згодны ўрастаць у любы сацыялізм, толькі каб гэта яму было прыбыткова...

Аптымістэнка

Пліз, пліз, сэр. Дарогай дамовімся.

Іван Іванавіч

Прывітанне! Наша вам і вашым і нашым дасягненням. Яшчэ адно апошняе намаганне — і ўсё будзе ліквідавана. Вы бачылі сацыялізм? Я зараз убачу сацыялізм — надзвычай цікава!

Пабеданосікаў

I так, таварышы... Чаму і на чым мы спыніліся?

Ундэртон

Мы спыніліся на «I так, таварышы...».

Пабеданосікаў

Так! Прашу слова! Бяру слова! I так, таварышы, мы перажываем той час, калі ў маім апараце вынайдзены апарат часу. Гэты апарат вызваленага часу вынайдзены іменна ў маім апараце, таму што ў мяне ў апараце было колькі каму хацелася вольнага часу. Сучасны бягучы момант характарызуецца тым, што ён момант стаячы. А паколькі ў стаячым моманце невядома, дзе заключаецца пачатак і дзе наступае канец, то я спачатку скажу заключнае слова, а потым уступнае. Апарат выдатны, апарату рад — рад і я і мой апарат [124]. Мы рады таму, што, калі мы едзем раз у год у адпачынак і не пусцім наперад год, мы можам быць у адпачынку кожны год два гады. I наадварот, цяпер мы палучаем пэнсію адзін дзень у месяц, але раз мы можам прапусціць увесь месяц у адзін дзень, то мы можам палучаць пэнсію кожны дзень увесь месяц. I так, таварышы...

вернуться

120

Піянерскі злёт скончаны.— Усесаюзны піянерскі злёт праходзіў у жніўні 1929 года.

вернуться

121

Для гэтай рэмаркі Маякоўскі, безумоўна, выкарыстаў наступную заметку «Праўды»: «На станцыю Фрунзе прыехаў Троцкі ў суправаджэнні сям’і ў спецыяльным мяккім вагоне. Публіка была ўражана шматлікасцю багажа Троцкага (звыш сямідзесяці месцаў) і наяўнасцю панскіх выгодаў, з якімі ехаў высланы з Масквы Троцкі. Асабліва звяртала на сябе ўвагу тая акалічнасць, што Троцкі прывёз з сабой паляўнічага сабаку і вялікі набор паляўнічага начыння.— Што за пан прыехаў? — пыталі на станцыі». («Праўда», 1928, № 37, 12 лютага).

вернуться

122

Палітыка далёкага прыцэлу — выраз Троцкага.

вернуться

123

«Я спыняю цягнік...» — Намёк на эпізод, які адбыўся ў 1929 годзе, калі А. В. Луначарскі пры ад’ездзе з Ленінграда па асабістых меркаваннях затрымаў адпраўку цягніка (гл. Пастанову ЦК ВКП(б) з прычыны незаконнай затрымкі тав. А. В. Луначарскім кур’ерскага цягніка, «Праўда», 1929, № 141, 22 чэрвеня).

вернуться

124

Апарат выдатны, апарату рад — рад і я і мой апарат.— Пісьменнік В. П. Катаеў паведаміў: «Пасля прачытання «Лазні» Маякоўскі сказаў мне: «Ведаеце, адкуль пайшла гэтая ігра слоў? З дзяцінства. Бацька купіў мне фатаграфічны апарат. У доме была сенсацыя. Я сказаў: «Мама рада, папа рад, што купілі апарат!» Гэта быў мой першы экспромт. (Пададзена ў літаграфаваным выданні: Жывы Маякоўскі. Размовы Маякоўскага. Выпуск 2-гі. Запісаў і сабраў А. Кручоных, М., 1930, стар. 13). Параўнай таксама ў вершы «Маленькая цаца з пушыстым хвастом».

Дети рады,                   папа рад — Окупился аппарат.