Выбрать главу

Дзяўчына

Кінь плявузгаць, хлопец гальштук купіў, дык яго ўжо Макданальдам [11] лаеце.

Xлопец

Макданальд і ёсць! Не ў гальштуку справа, а ў тым, што не гальштук да яго, а ён да гальштука прывязаны. Нават не думае — галавой пашавяліць баіцца.

Прыбіральшчык

Лакам дзіркі залёпвае; заспяшаўся, дзірку на шкарпэтцы відаць, дык ён нагу на хаду чарнільным алоўкам падмазваў.

Xлопец

Яна ў яго і без алоўка чорная.

Вынаходнік

Можа быць, не на тым месцы чорная. Лепш бы яму шкарпэткі пераадзець.

Прыбіральшчык

Адразу відно — вынаходнік! Патэнт заяўляй. Глядзі, каб ідэю не спёрлі. (Махнуў анучай па століку, падае бляшанка,— развальваюцца веерам карткі. Нагінаецца сабраць, падносіць да святла, заліваецца рогатам, склікае рукой таварышаў.)

Усе (перачытваюць, паўтараюць)

П’ер Скрыпкін! П’ер Скрыпкін!

Вынаходнік

Гэта ён сабе прозвішча вынайшаў. Прысыпкін. Ну, што такое, Прысыпкін? На што Прысыпкін? Куды Прысыпкін? Каму Прысыпкін? А П’ер Скрыпкін — гэта ўжо не прозвішча, а раманс!

Дзяўчына (летуценна)

А і праўда: П’ер Скрыпкін — гэта так цудоўна і так прывабна! Вы тут гагочаце, а ён, можа, культурную рэвалюцыю дома прарабляе.

Xлопец

Мордай ён ужо і Пушкіна перасягнуў. Вісяць бакі, як хвост у сабакі, нават не мые — раскудлаціць баіцца.

Дзяўчына

У Гары Піля [12] таксама гэтая культура па ўсёй шчацэ пушчана.

Вынаходнік

Гэта яго настаўнік па валасатай справе выхоўвае.

Xлопец

I на чым толькі ў таго настаўніка валасы трымаюцца: галавы ніякай, а кучаравасці — хоць прадавай. Ад сырасці, ці што такія заводзяцца?

Хлопец з кнігай

Н-е-е. Ён — пісьменнік. Што пісаў — не ведаю, а толькі ведаю, што славуты! «Вячорка» пра яго тры разы пісала: вершы, кажа, Апухціна [13] за свае прадаў, а той як пакрыўдзіўся, абвяржэнне прыслаў. Дурні — кажа — вы, няправільна ўсё,— гэта я ў Надсана [14] спісаў. Чыя з іх праўда — не ведаю. Друкаваць яго больш не друкуюць, а славуты ён цяпер вельмі — моладзь навучае. Каго вершам, каго спевам, каго танцам, каго так... грошы пазычаць...

Хлопец з мятлой

Не рабочая гэта справа мазоль лакам наганяць.

Слесар, засалены, уваходзіць у час гаворкі, мые рукі, уключаецца ў размову.

Слесар

Да рабочага ў яго ніякага дачынення, разлік сёння браў, жэніцца на дзяўчыне, цырульнікавай дачцэ — яна ж касірка, яна ж манікюрка. Кіпці яму цяпер падразаць будзе мадмуазель Эльзевіра Рэнесанс.

Вынаходнік

Эльзевір — шрыфт такі ёсць.

Слесар

Наконт шрыфтоў не ведаю, а корпус у яе — гэта, браце, рэч. Картачку бухгалтару для хуткасці разлікаў паказваў.

Ну і мілка, ну і цуды,— Адны грудзі па два пуды.

Босы

Уладзіўся!

Дзяўчына

Ага! Зайздрошчы бяруць?

Босы

А што ж, я таксама, калі тэхнарукам стану ды штодзённыя боты агораю, я таксама сабе лепшую кватэрачку паабнюхаю.

Слесар

Я табе вось што параю: ты фіраначкі сабе завядзі. Адхінуў фіраначку — на вуліцу паглядзеў. Зацягнуў фіраначку — хабар цяпнуў. Гэта толькі працаваць аднаму сумна, а курыцу есці аднаму весялей. Правільна? З акопаў такія таксама ўладжвацца бегалі, толькі мы іх шлёпалі. Ну што ж — гайда!

Босы

I пайду, і пайду. А ты што з сябе Карла Лібкнехта [15] строіш? Цябе з акна з кветачкамі паклікай, таксама, глядзі, прыпусцішся... Герой!

Слесар

Нікуды не пайду. Ты думаеш, мне гэтае лахманнё і смурод падабаюцца? Не. Нас, бачыш ты, многа. На ўсіх на нас нэпаўскіх дачок не набярэшся. Вось набудуем дамоў і рушым адразу... Адразу ўсе. Але мы з гэтай акопнай нары і з белымі сцягамі не вылезем.

Босы

Зарадзіў — акопы. Цяпер не дзевятнаццаты год. Людзям для сябе жыць хочацца.

Слесар

А што — не акопы?

Босы

Мані!

Слесар

Вошай — дзе ні крані.

Босы

Мані!

Слесар

А страляюць бязгучным порахам.

Босы

Мані!

Слесар

Вось жа Прысыпкіна з зіркастай дубальтоўкі падстрэлілі.

вернуться

11

Макданальд Джэмс Рамсей — кіраўнік англійскай партыі лейбарыстаў; некалькі разоў быў прэм'ер-міністрам.

вернуться

12

Гары Піль — нямецкі кінаакцёр, выканаўца галоўных роляў у шэрагу авантурных і салонных фільмаў; улюбёнец мяшчанскай публікі.

вернуться

13

Апухцін А. Н. (1841 —1893) — рускі паэт.

вернуться

14

Надсан С. Я. (1862 —1887) — рускі паэт.

вернуться

15

Лібкнехт Карл (1871—1919) — адзін з правадыроў германскага пралетарыяту і заснавальнікаў Камуністычнай партыі Германіі; па-зладзейску забіты контррэвалюцыянерамі.