Выбрать главу

Аднаго пагрузілі, уся каробка папсавана. Відаць, бэлькай праламаная. Проста ў морг. (Ідзе.)

4-ты пажарнік

Пагрузілі... Адно абгарэлае цела невядомага пола з відэльцам у галаве.

1-шы пажарнік

Пад печкай знойдзена былая жанчына з драцяным вяночкам на патылічных касцях.

3-ці пажарнік

Знойдзен невядомы даваеннага складу цела з касай у руках,— відавочна, пры жыцці бандыт.

2-гі пажарнік

Сярод жывых няма нікога... Сярод трупаў не далічваецца адзін, так што, на падставе невыяўлення, думаю — спалымнеў нашчэнт.

1-шы пажарнік

Ну і ілюмінацыя! Проста тэатр, толькі ўсе дзейныя асобы згарэлі.

3-ці пажарнік

Вязла іх з вяселля карэта, Пад крыжам чырвоным вязла [34].

Гарніст склікае пажарнікаў. Строяцца. Маршыруюць па тэатры, выкрыкваюць.

Пажарнікі

Таварышы, помніце:                                гарэлка — яд. П’яныя спаляць                         рэспубліку-сад! Жывучы з камінамі                              і з прымусáмі, Спаліце дом                     і згарыце самі! Сон выпадковы —                           прычына пажараў, На сон            не чытайце                              Надсóна і Жарава! [35]

V

Вялізная зала пасяджэнняў, якая ўздымаецца амфітэатрам да столі. Замест людскіх галасоў — радыёраструбы, побач некалькі рук, якія вісяць так, быццам высоўваюцца з аўтамабіляў. Над кожным раструбам каляровыя электрычныя лямпы, пад самай столлю экран. Пасярэдзіне трыбуна з мікрафонам. Па баках трыбуны размеркавальнікі і рэгулятары галасоў і святла. Два механікі — стары і малады — нешта ладкуюць у цёмнай аўдыторыі.

Стары (змятае раскалмачанай з пёраў шчоткай пыл з раструбаў)

Сягоння важнае галасаванне. Змаж маслам і правер галасавальны апарат земляробчых раёнаў. Апошні раз была замінка. Галасавалі са скрыпам.

Малады

Земляробчыя? Добра! Цэнтральныя змажу. Пратру замшай горла смаленскім апаратам. На мінулым тыдні зноў пахрыпвалі. Трэба падвінціць рукі службовым штатам сталіц, а то ў іх нейкі ўхільчык: правая за левую чапляецца.

Стары

Уральскія заводы гатовы. Металургічныя курскія ўключым, там правялі новы апарат на шэсцьдзесят дзве тысячы галасоў другой групы электрастанцыі Запарожжа. З імі нішто сабе, праца лёгкая.

Малады

А ты яшчэ памятаеш, як раней было? Смешна, мабыць?

Стары

Мяне раз мамка на руках на пасяджэнне насіла. Народу зусім мала — чалавек тысячу сабралася, сядзяць, як дармаеды, і слухаюць. Пытанне было нейкае важнае і спрэчнае, адным голасам прайшло. Маці была супроць, а прагаласаваць не змагла, бо мяне на руках трымала.

Малады

Ну, вядома! Саматужніцтва!

Стары

Раней такі апарат і не спатрэбіўся б. Бывала, чалавеку першаму руку падняць трэба,— каб яго заўважылі, дык ён яе пад нос старшыні тыцкае, да самай наздры падносіць абедзве, шкадуе толькі, што не старажытная багіня Ізіда, а то б у дванаццаць рук галасаваў. А многія ратаваліся. Пра аднаго расказвалі, што ён нейкую важную дыскусію ўсю ў нужніку прасядзеў — галасаваць баяўся. Сядзеў і задумваўся, шкуру, значыць, службовую бярог.

Малады

I збярог?

Стары

Збярог!.. Толькі па другой спецыяльнасці прызначылі. Бачаць любоў да прыбіральняў, дык яго там галоўным прызначылі пры мыле і ўціральніках.

Гатова?

Малады

Гатова!

Збягаюць уніз да размеркавальных дошчак і правадоў. Чалавек у акулярах і з бародкай, расчыніўшы дзверы, роўным крокам узыходзіць на эстраду, спіной да аўдыторыі, падымае рукі.

Прамоўца

Уключыць адначасова ўсе раёны федэрацыі!

Стары і малады

Ёсць!

Адначасова загараюцца ўсе чырвоныя, зялёныя і сінія лямпачкі аўдыторыі.

Прамоўца

Алё! Алё! Гаворыць старшыня інстытута чалавечых ажыўленняў. Пытанне апублікавана тэлеграмамі, абмеркавана,— простае і яснае. На скрыжаванні шэсцьдзесят другой вуліцы і семнаццатага праспекта былога Тамбова будаўнічая брыгада, прарываючы грунт, на глыбіні сямі метраў знайшла засыпаны зямлёй абледзянелы склеп. Праз лёд фенамена прасвечвае замарожаная чалавечая фігура. Інстытут лічыць магчымым ажыўленне індывідуума, які замёрз пяцьдзесят год таму назад.

вернуться

34

Вязла іх з вяселля карэта, пад крыжам чырвоным вязла — гл. заўв. на стар. 28.

вернуться

35

Жараў А. А. (1904—1984) — савецкі паэт.