Выбрать главу

Высветлім розніцу думак.

Інстытут лічыць, што кожнае жыццё рабочага павінна быць выкарыстана да апошняй секунды.

Прасвечванне паказала на руках істоты мазалі, якія былі паўстагоддзя таму назад адзнакай працоўнага. Нагадваем, што пасля войн, якія пранесліся над светам, грамадзянскіх войн, якія стварылі федэрацыю зямлі, дэкрэтам ад 7 лістапада 1965 года жыццё чалавека недатыкальнае. Даводжу да вашага ведама пярэчанні эпідэмічнай секцыі, якая баіцца пагрозы распаўсюджання бактэрый, што напаўнялі былыя істоты былой Расіі. З поўным усведамленнем адказнасці прыступаю да галасавання. Таварышы, памятайце, памятайце і яшчэ раз памятайце:

Мы       галасуем                      чалавечае жыццё!

Лямпы гаснуць, прарэзлівы званок, на экране загараецца рэзалюцыя, якая паўтараецца прамоўцам.

«У імя даследавання працоўных звычак рабочага чалавецтва, у імя нагляднага параўнальнага вывучэння побыту патрабуем ажыўлення».

Галасы паловы раструбаў: «Правільна, прыняць!», частка галасоў: «Далоў!» Галасы змаўкаюць раптоўна. Экран гасне. Другі званок, загараецца новая рэзалюцыя. Прамоўца паўтарае.

«Рэзалюцыя санітарна-кантрольных пунктаў металургічных і хімічных прадпрыемстваў Данбаса. Каб пазбегнуць небяспекі распаўсюджання бактэрый падхалімства і зазнайства, характэрных для дваццаць дзевятага года, патрабуем пакінуць экспанат у замарожаным стане».

Галасы раструбаў: «Далоў!» Адзінокія выгукі: «Правільна!»

Ёсць яшчэ рэзалюцыі і дадаткі?

Загараецца трэці экран, прамоўца паўтарае.

«Земляробчыя раёны Сібіры просяць ажыўляць восенню, па сканчэнні палявых работ, для аблягчэння магчымасці прысутнасці шырокіх мас жадаючых».

Пераважная колькасць галасоў-труб: «Далоў!», «Адхіліць!» Лямпы загараюцца.

Стаўлю на галасаванне: хто за першую рэзалюцыю, прашу падняць рукі!

Падымаецца пераважная большасць жалезных рук.

Апусціць! Хто за папраўку Сібіры?

Падымаюцца дзве рэдкія рукі.

Сход федэрацыі пастанавіў: «А-жы-віць!»

Гул усіх раструбаў: «Ура!» Галасы сціхаюць.

Пасяджэнне скончана!

З двух расхінутых дзвярэй урываюцца рэпарцёры. Прамоўца прыпыняецца, потым радасна кідае на ўсе бакі: Ажывіць! Ажывіць! Ажывіць!! Рэпарцёры выцягваюць з кішэняў мікрафоны, на хаду крычаць.

1-шы рэпарцёр

Алё!!! Хваля 472,5 метра... «Чукоцкія навіны»... Ажывіць!

2-гі рэпарцёр

Алё! Алё!!! Хваля 376 метраў... «Віцебская вячэрняя праўда».... Ажывіць!

3-ці рэпарцёр

Алё! Алё! Алё! Хваля 211 метраў... «Варшаўская камсамольская праўда»... Ажывіць!

4-ты рэпарцёр

«Армавірскі літаратурны панядзелак». Алё! Алё!

5-ты рэпарцёр

Алё! Алё! Алё! Хваля 44 метры. «Паведамленні чыкагскага савета»... Ажывіць!

6-ты рэпарцёр

Алё! Алё! Алё! Хваля 115 метраў... «Рымская чырвоная газета»... Ажывіць!

7-мы рэпарцёр

Алё! Алё! Алё! Хваля 78 метраў... «Шанхайская бедната»... Ажывіць!

8-мы рэпарцёр

Алё! Алё! Алё! Хваля 220 метраў... «Мадрыдская батрачка»... Ажывіць!

9-ты рэпарцёр

Алё! Алё! Алё! Хваля 11 метраў... «Кабульскі піянер»... Ажывіць!

Газетчыкі ўрываюцца з гатовымі адбіткамі.

1-шы газетчык

Размарозіць                    ці не размарозіць? Артыкулы                 ў вершах і ў прозе!

2-гі газетчык

Сусветная анкета па важнейшай тэме — Аб магчымасці заноса падхалімскіх эпідэмій!

3-ці газетчык

Артыкул пра даўнія                              гітары і рамансы I іншыя спосабы                          аблапошвання масы!

4-ты газетчык

Апошнія навіны!!! Інтэрв’ю! Інтэрв’ю!

5-ты газетчык

Навуковы веснік —                              усё незвычайна! — З поўным пералікам                                так званых лаянак!

6-ты газетчык