Выбрать главу

Мне сёння здаецца, што ад дурноты сваіх маскоўскіх шэфаў Пётр Міронавіч часам ратаваўся ў вельмі звычайных, чалавечых, добрых справах. На ўсіх яго не хапіла, але паасобным людзям усё ж шанцавала. А можа, і ён тады-сяды гуляў у дэмакрата, бо ў гэту гульню і да сёння, і сёння гуляюць усе правадыры-правіцелі без выключэння — толькі адны гуляюць таленавіта, а другія бяздарна.

Аднаго разу Пётр Міронавіч прызнаўся:

— Прыслаў мне пісьмо рускі паэт Віктар Бокаў. Мы з ім не былі знаёмы ні асабіста, ні праз яго паэзію. Давялося прачытаць тое, што знайшоў. Паэзія аказалася проста выдатнай — глыбокай, лірычнай, нейкай асабліва шчымлівай. Многае проста хацелася завучыць на памяць. Словам, усхвалявала па-сапраўднаму. Даўно не адчуваў такога душэўнага ўзрушэння. А можа, добрыя вершы пад настрой трапілі... рашыў я напісаць пісьмо Бокаву.

Атрымалася яно даволі доўгім, нешта накшталт рэцэнзіі, толькі вельмі ўзнёслай. Калі астыў і перачытаў рашыў опус свой не пасылаць. Пабаяўся, што паэт можа падумаць: чаго гэта ён, партыйны функцыянер, узяўся мае вершы аналізаваць.

Карацей кажучы, усумніўся. А да цябе будзе такая просьба... Бокаў піша, што сустрэўся яму недзе ў тайзе надзвычай цікавы і таленавіты малады мас­так. Каранямі з Беларусі. Хацеў бы вярнуцца на зямлю продкаў. Часова прыпыніўся ў Мінску. Просіць знайсці яму хоць які вугал пад жытло і майстэрню. Пераконвае, што не пашкадуем.

Паэты — народ шчыры. А такога ўзроўню, як Віктар Бокаў лгаць не будзе. Словам, знайдзі мастака, пазнаёмся, усё вывучы, потым уражаннем сваім са мною падзелішся.

Знайшоў я таго мастака. Аказаўся ён вельмі маладым і даволі сціплым хлопцам. Паказаў некалькі сваіх работ і цэлы канверт слайдаў з іншых твораў што засталіся ў Сібіры. Тыя слайды я і прынёс Пятру Міронавічу. Мно­гае яму спадабалася, нешта падалося незавершаным, эскізным, але цікавым па задуме... Вырашана было падтрымаць юнака і хадайнічаць перад гарвыканкамам аб аднапакаёвай кватэры. У хуткім часе да кватэры ўдалося знайсці і галубніцу для майстэрні.

Прайшло пасля таго месяцы два-тры, і прыйшоў да мяне мастак з невялічкай карцінай, акантаванай у просценькую рамку. Назавем яе ўмоўна «Балерына перад выхадам на сцэну». Творца і наважыўся падарыць яе Пятру Міронавічу. На добрую памяць.

Гэта ўжо было больш складана, чым здабыць кватэру. Як Пётр Міронавіч успрыме сам факт дарэння? Ці не шугане ён мяне разам з мастацкім творам? I я пайшоў на маленькую хітрасць. Званю Пятру Міронавічу і кажу, што прыйшоў бокаўскі мастак, цікавую карцінку прынёс. Можа, ёсць час паглядзець?

— Ты ж мяне не ў карцінную галерэю запрашаеш. А на адну карціну час знайду. Заходзь.

Я пайшоў адзін, прыхапіўшы карціну.

— А дзе мастак? — пытае.

— У прыёмнай,— кажу і адразу паказваю твор, каб ён на час забыўся пра мастака.

— Выдатная работа. I дзяўчына прыгожая.— I ўжо ў захапленні: — Умеюць жа людзі падгледзець такое хараство! I як падгледзець!.. Талент! Безумоўна талент! Кліч, я яго павіншую... Далібог харошая работа!

— Справа ў тым,— кажу,— што гэгу работу ён хоча падараваць вам... Але вельмі саромеецца.

— Як падараваць? — губляецца Пётр Міронавіч.— Ты з гэтым не жартуй! Я ў майстэрнях многіх мастакоў пабываў але такога не было...

— Ну, а гэты сам прынёс,— спрабую я звесці гаворку на жарт. — Не возьмеце — пакрыўдзіце хлопца. Ён мне паказаўся вельмі шчырым і даволі баязлівым. Не прыме, кажа, Пётр Міронавіч падарунак — згару ад сораму.

— А ты згарэць не баішся?

Раімся, як лепш паступіць. Я пераконваю, што няма тут нічога незвычайнага ці страшнага. Чалавек хоча выказаць сваю павагу. I падарунак зроблены яго ўласнымі рукамі. Бачу, у такой сітуацыі Пётр Міронавіч, бадай што, ніколі не быў. I прынцыпаў сваіх мяняць не хоча, і хлопца пакрыўдзіць баіцца. Урэшце ён здаецца на мае ўгаворы і сам ідзе ў прыёмную, каб запрасіць госця да сябе. Дзякаваць Богу, усё заканчваецца лепшым чынам. Сёння гэта карціна адзінока і сіратліва вісіць у адным з пакояў яго былой гарадской кватэры.

П.М.Машэраў разбіраўся і ў прозе, і ў паэзіі, і ў оперы, і ў балеце, і ў жывапісе. Ён не жаліўся, як гэта робяць яго «спадкаемцы», на занятасць дзяржаўнымі справамі. Многа чытаў, праглядаў усе фільмы нашай кінастудыі, не прапускаў цікавыя спектаклі, наведваў усе больш-менш значныя выставы, шчыра радаваўся ўдачам творчых людзей. Напярэдадні першага паказу знакамітай серыі карцін Міхаіла Андрэевіча Савіцкага «Лічбы на сэрцы» пазваніў мне па ўнутраным тэлефоне, сказаў, што зараз жа едзем у Палац мастацтваў паглядзець экспазіцыю выставы да яе адкрыцця, што пра паездку па­куль ніхто не павінен ведаць. (Пра карціны было многа размоў, і Пётр Міронавіч нікога лішняга не хацеў бачыць у зале Палаца.) Мінут пяць-сем у нас пайшло на пераезд ад ЦК да Палаца. Мінут пяць у зале не было нікога, апрача мастацтвазнаўца Эмы Грамыкі. Пётр Міронавіч паздароўкаўся з ёю, але просьбу правесці экскурсію не выказаў. Ад карціны да карціны прайшоў адзін. Да некаторых вяртаўся і зноў ішоў далей да новых твораў а іх было больш за 10. У гэты момант у зале з’явіўся адзін, а потым і другі мастак, і яшчэ адзін «аматар» выяўленчага мастацтва. Пётр Міронавіч незадаволена паморшчыўся. Відаць, якраз іх ён і не хацеў тут бачыць. Усе трое бесцырымонна абкружылі яго і пачалі даваць свае знішчальныя каментарыі работам Савіцкага. Бестактоўнасць і некарэктнасць «крытыкаў» абурыла Пятра Міронавіча, і ён рэзка перапыніў няпрошаных субяседнікаў: