Выбрать главу

— Дзякуй! Як-небудзь сам разбяруся,— і ўжо мякка і добразычліва да Эмы Грамыкі.— А калі не здолею, мне дапаможа вось гэта мілая жанчына,— і ўзяў яе пад руку.

Крытыкі, што называецца, адразу «адвалілі», а экскурсію-агляд павяла Грамыка. Пётр Міронавіч нічога ў яе не пытаўся, не перапыняў. Ён толькі слухаў і глядзеў, глядзеў і слухаў. Відаць было, што карціны зрабілі на яго вельмі моцнае ўражанне і па-сапраўднаму ўсхвалявалі. Дарэчы, у мяне ёсць каля дзесятка аматарскіх здымкаў пра тое, як Машэраў глядзіць Савіцкага. Іх выпадкова зрабіў малады мастак з Віцебска.

Да машыны Пётр Міронавіч ішоў моўчкі. I ў машыне таксама маўчаў. Толькі каля танка-помніка, што каля самага будынка ЦК, вымавіў:

— Нарэшце ён вырваўся.— I нібы схамянуўся.— Міхаіл Андрэевіч нарэшце вырваўся. — I зноў маўчанне.

Адбылося прызнанне майстра. Пазней яго вынікам было адкрыццё спецыяльнай карціннай галерэі «Лічбаў на сэрцы» ў будынку Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А тады, у машыне, падумалася: хто ж гэта і навошта паведаміў тым двум мастакам і «аматару» выяўленчага мастацтва з ін’яза, што П.М.Машэраў паехаў у Палац мастацтваў калі пра тое ведалі толькі ён і я? Нават ахоўніка не было з намі...

Дарэчы, пра асобную ахову Пятра Міронавіча. На той час мы не ведалі такіх паняццяў як спецназ, АМАП, асобы міліцэйскі батальён, мабільная брыгада МУС, міліцэйскі шчыт, шлем, бронежылет для ахоўніка і ахоўваемага. Усё гэта шчасце разам з трэніраванымі на людзей ваўкадавамі прыйдзе паз­ней. Нічога пералічанага, акрамя палкоўніка Сазонкіна — абаяльнага і добразычлівага чалавека,— пры Пятру Міронавічу не было, калі не лічыць напарніка-зменшчыка Сазонкіна і міліцэйскага паста ў пад’ездзе дома, дзе жыла сям’я Першага сакратара ЦК КПБ і кандыдата ў члены Палітбюро ЦК КПСС. Тут ужо хочаш ці не хочаш, а будзеш цярпець ахову. Тут ужо была інструкцыя і парадак па інструкцыі. I тым не менш ён вельмі часта не браў ахоўніка ні ў машыну, ні ў верталёт, з якога не вылазіў вясну, лета і восень. Любіў футбол, але не выходзіў на футбольнае поле ці лёд у буцах ці з клюшкай. Спартландыю з Беларусі не рабіў, лядовымі палацамі не захапляўся. 3 усіх «уцех» быў у яго верталёт з маскоўскім экіпажам.

Муж маёй сястры Павел Станішэўскі, былы бухгалтар калгаса імя Фалько з Дзяржыншчыны, без асаблівага здзіўлення расказваў, як аднойчы на ўскрайку жытняга поля раннім ранкам спусціўся верталёт, з якога выйшаў Машэраў, памахаў майму сваяку рукой, каб той яго пачакаў, парукаўся пры сустрэчы, і яны накіраваліся да камбайна, які чакаў, пакуль асядзе начная раса. I ніякіх ахоўнікаў вакол яго не было. I сам ён не баяўся, што бухгалтар выстраліць у яго з шарыкавай ручкі, а камбайнер кінецца з гаечным ключом. Пагаманілі мужчыны пра сялянскія справы і развіталіся па-людску. Камбайнер пачаў жніво, а ён паляцеў, каб зноў апусціцца дэсантам там, дзе яго менш за ўсё чакала мясцовае начальства. I не набываў ён сабе ні ўласнага самалёта, ні цеплахода, ні камуфляжнай ці маршальскай формы, і ніхто не прымушаў мінчукоў закрываць форткі і вокны, калі ён ехаў па вуліцы свайго горада, скажам, на МТЗ ці МАЗ. Не забараняліся і прыпынкі аўтамашын на Паркавай магістралі...

I на той раз, калі мы з ім суправаджалі ў падарожжы па партызанскіх раёнах вядомага кінарэжысёра Элема Клімава, які збіраўся здымаць фільм «Ідзі і глядзі!» па сцэнарыі Алеся Адамовіча, у верталёце не было ахоўнікаў ні ў жылетах, ні без жылетаў. Адзін Сазонкін. Верталёт спакойна ішоў над азёрна-ляснымі прасторамі партызанскага краю. Пётр Міронавіч быў у добрым настроі, ахвотна і ўзбуджана расказваў рэжысёру пра баі, блакады, перамогі і паражэнні, пакуль не прытаміўся, — строкат матора абцяжарваў гаворку. А калі верталёт трапіў пад нізкія дажджавыя хмары і зямля ахуталася ў шэрую смугу, Пётр Міронавіч замаўчаў, надзеў навушнікі і паглыбіўся ў нейкія свае невясёлыя думы.