Выбрать главу

Прымоўклі і ўсе, хто быў у салоне. Я сядзеў насупраць Пятра Міронавіча. У руках была аматарская кінакамера. Калі пачаў накручваць спружыну камеры, ён кінуў на яе вокам. А я папытаўся больш на мігі, чым словамі, ці можна мне яго паздымаць. У навушніках ён не мог чуць голасу, але зразумеў маё жаданне, і толькі павекамі даў зразумець, што не пярэчыць. Я не вельмі назаляў, але тое, што хацелася зрабіць, зрабіў. «Мой» Машэраў атрымаўся зусім не падобны на таго, якога мы бачылі на сходах, мітынгах і дэманстрацыях. Шкада толькі, што стужка па тэхнічных прычынах не можа быць выкарыстана на шырокім экране.

Канцавым пунктам нашага падарожжа над партызанскім краем былі Віцебскія, а больш дакладна — «Суражскія вароты». У вайну гэта быў шырокі пралом у нямецкай абароне, праз які партызаны хадзілі за фронт, а дыверсійныя групы з-за фронту ў партызанскую зону. Праз гэтыя ж вароты ратаваліся нашы людзі ад палону і загубы. Было што расказаць кінамайстрам.

Мясцовыя жыхары вёсачкі, якая ляжала ля тых «варот», ужо чакалі госця і сабраліся на роўным пляцы, дзе павінен быў прызямліцца верталёт. На­роду было шмат, але ў асноўным жанчыны і дзеці, і, вядома ж, мясцовае начальства. Як толькі высокі госць выйшаў з машыны, маладжавая жанчына кінулася да яго і літаральна павісла на шыі. Расточкам яна была па плячо высокаму Пятру Міронавічу. Ён крышку нахіліўся, а яна вельмі таропка пачала цалаваць яго ў шчокі, лоб. А потым прыціснулася галавою да грудзей, заціхла, і плечы яе ўздрыгнуліся. Жанчына плакала, смяялася і гаварыла вельмі ўсхвалявана:

— Пецечка, родненькі, як жа даўно ты ў нас не быў!..

— Таму, як бачыш, і прыляцеў на крылах.

— А ці надоўга? Можа б, заначаваў?! Я дужа ладнай самагоначкі выціснула,— і папярхнулася сваімі словамі, калі пачула дружны рогат мясцовых начальнікаў, якія назіралі сцэнку.

— На жаль, ненадоўга я,— з сумам сказаў госць і патлумачыў жанчыне: — Да заходу сонца машына павінна падняцца ў паветра. Такая ў лётчыка інструкцыя.

— Хіба што інструкцыя,— неяк адразу пагасла жанчына.

— Ты не бядуй, я ў другі раз на самагоначку загляну,— пажартаваў Пётр Міронавіч, а нам патлумачыў што Марыя была медсястрой у яго атрадзе.

Я вельмі пашкадаваў, што не ўзяў у паездку прафесійнага кінааператара, бо спадзяваўся, што рэжысёр Клімаў будзе мець свайго. Такія выпадкі і сцэнкі не паўтараюцца.

Наогул жа, Пётр Міронавіч не любіў кінатэлевізійнага суправаджэння. I можа, таму, што ведаў і бачыў, як яго калегі па Палітбюро пунктуальна вядуць свой уласны кіналетапіс. Памятаю і добрую вывалачку, якую я атрымаў ад яго за тое, што не забяспечыў кіназдымку пасадкі ў самалёт Гейдара Аліева, калі той пакідаў Беларусь пасля ўрачыстасцяў прысвечаных нейкай важнай беларускай падзеі. Яго памочнік мне назвоньваў пасля гэтага з паўгода, пакуль я не сабраў усе фотаздымкі і фотастужкі, дзе быў «запечатлен» Гейдар Аліевіч.

На вялікі жаль, звычайных, натурных, па-чалавечы цёплых кінакадраў пра Пятра Міронавіча засталося нямнога. А сюжэты былі непаўторныя і па форме, і па зместу і ляжалі, як кажуць, на паверхні. Аднойчы, калі ён збіраўся на верталётную вылазку ў раёны Палесся, я папрасіў дазволу накіраваць туды «ў заса­ду» кінааператараў. Ён катэгарычна забараніў мне гэта рабіць. А я не паслухаўся і па маршруту яго экспедыцыі зрабіў дзве засады. Адзін з трафеяў той заса­ды — кінакадры, дзе Пётр Міронавіч надзіва спрытна закручвае анучу і абуваецца ў гумовыя боты, каб разам з палешукамі прайсці пракос праз балацянку... Пасля ўжо з гэтай балацянкі ён і ўвойдзе ў дакументальны фільм пра яго.

Самавольства мае з засадамі кінааператараў абышлося без вывалачкі, і, асмялеўшы, я папытаў у Пятра Міронавіча дазволу «паздымаць» на кінакамеру юбілейную ўрачыстасць, калі сябры-паплечнікі і саслужыўцы прыйдуць у яго кабінет, каб павіншаваць з шасцідзесяцігоддзем. Адказ быў катэгарычны: не! I толькі калі да яго зайшлі загадчыкі аддзелаў ЦК, а ў кабінеце было ўжо даволі многа кветак, юбіляр, звяртаючыся да мяне, сказаў у добрым настроі:

— Калі ўсё гэта хараство, усю гэту прыгажосць я перавязу ў Дразды і зраблю добрую экспазіцыю на прыступках, прышлі свайго аператара, няхай здыме. Кветкі яны і ёсць кветкі і, на жаль, жывуць нядоўга...

— А пры іх — вы з сям’ёю, з унучкамі...

— Не,— адказаў, нібы шкадуючы, а я адчуў, што трэба адчапіцца.

Кветкі, якія і адцвітаюць, і вянуць, былі зазняты. Толькі кветкі... Пройдзе больш за 19 гадоў, і я даведаюся, чаму Пётр Міронавіч не захацеў здымацца з сям’ёю на фоне кветак. Даведаюся, што, прагледзеўшы кінастужку, на якой былі зазняты кветкі, ён скажа: «Цяпер я ведаю, як мяне будуць хаваць...»