Выбрать главу

3 тэатра здзяцінелую суперзорку, прыкладна праз паўгадзіны, прывезлі ў рэстаран гатэля «Юбілейны», каб пад яе промнямі і з яе блаславення падняць чаркі за горад-герой Менск, які ўрэшце атрымаў сваю заслужаную ўзнагароду, якую чакаў з 1974 года. А тутэйшыя апраўдалі тым, што лепш позна, чым ніколі.

Сталы ламаліся ад заморскага і айчыннага пітва, якому адпавядала за­кусь. За імі ўжо сядзела найвышэйшае і вышэйшае партыйнае чынавенства і нудзілася тым, што зорка недзе затрымалася ў дарозе, а без яе святую трапе­зу нельга было распачынаць. Пацелі і слязіліся бутэлькі, вызваліўшыся ад лядовых камер. Падтайваў лядок пад шампанскім, падсыхала на вольным паветры ікорка. Балычкі, паляўнічыя каўбаскі, заліўныя язычкі, салацікі і іншыя прысмакі чакалі свайго незайздроснага лёсу.

Яго пад мікіткі прывялі ў залу і пасадзілі за доўгім сталом, які звычайна называюць сталом прэзідыума і за якім сядзяць толькі самыя-самыя на чале з найсамейшым. Пакуль найсамейшы тэпаў ад парога да гэтага стала, чэлядзь наладзіла авацыю і, як мне здавалася, не столькі ад «верноподданнических чувств-с», колькі ад «предвкушения-с» звыклага кайфу ад напояў закусі і прамоў. Калі па-праўдзе, то да прамоў і тостаў справа не дайшла, хоць яны загадзя не толькі меркаваліся, але і пісаліся. 3 дапамогаю асістэнтаў-ад’ютантаў наш імператар устаў на свае ногі. Зала заціхла ў чаканні нуднай і коснаязыкай прамовы яго вялікасці. А яго вялікасць нечакана адсунула ўбок паперкі і пайшла на экспромт просты, як аглобля:

— Ну что, товарищи, врежем?!

Зала ўзвыла ад захаплення мужыцкай прастатой правадыра і па яго добраму прыкладу ўрэзала да донцаў. У засмучанага і разгубленага Пятра Міронавіча, відаць, было ўдакладняючае алаверды, але сказаць яго ён не паспеў Не паспеў пачуць віншаванняў і ў свой адрас. Правадыр намагаўся падняцца i, як той знакаміты арганчык, апісаны Салтыковым-Шчадрыным, заладзіў:

— Домой... Я хочу домой!.. И не возражайте, если я хочу! — і скіраваўся да выхада.

Ніхто «не возражал». Пётр Міронавіч адступіў убок. Слугі амаль вынеслі нямоглага да машыны. Да чыгуначнага вакзала картэж з маскоўскімі гасцямі праводзіла высокае рэспубліканскае чынавенства. Астатнія ж, праявіўшы здаровы сэнс, засталіся на сагрэтых седалах і пілі да раніцы «за себя и за того парня».

Пра самаадчуванне Пятра Міронавіча падчас гэтакіх урачыстасцяў і пас­ля «высочайшего посещения» можна не гаварыць. Яно не прынесла яму ні радасці, ні светлых перспектыў Здавалася, што абгаворы, здагадкі, плёткі запоўнілі ўсю затхлую прастору правінцыі. Адносна П.М.Машэрава сталі выстройвацца неверагодныя праекты і пражэкты, аж да тых, што дні яго на пасадзе Першага «сочтены». Каму ўся гэта свістапляска была патрэбна, здагадацца няцяжка. Абывацеля нібы рыхтавалі да развітання са сваім героем, якога вялікі госць не «удостоил» сваім начлегам, а з’ехаў, можна сказаць, не развітаўшыся.

Маральны тэрор з першапрастольнай актывізаваўся і ўзрос. I асабліва пас­ля таго, як Пётр Міронавіч прыняў дэлегацыю сенатараў кангрэса ЗША. Кіраўнік той дэлегацыі, дарэчы, наш зямляк са Слоніма, вярнуўшыся ў Вашынгтон, у адказе карэспандэнту на пытанне, хто можа быць пераемнікам састарэлага Брэжнева, нібы адказаў што ў Палітбюро ўсе архістарыя. Ёсць, маўляў там толькі адзін адукаваны, інтэлігентны і яшчэ не стары Пётр Машэраў з правінцыі.

Калі гэтага на самай справе і не было, то павінна было б быць выдумана ў асяродку членаў і кандыдатаў у члены Палітбюро ці ў апараце ЦК КПСС, дзе з нецярпеннем чакаліся вялікія кадравыя перамены і безумоўна ж распрацоўваліся сцэнарыі гэтых перамен. Паралельна са сцэнарыямі прыдумляліся і анекдоты пра састарэлага Ільіча. Гісторыя даўно засведчыла і сёння пацвярджае геніяльнасць расійскага чынавенства ў закулісных кадравых інтрыгах і дварцовых пераваротах.

Варта ўспомніць плёткі і, як бы мовіць, больш радыкальнага кшталту. Пляткар-прафесіянал нібы пытаўся: чаму гэта Машэраў не загінуў у час арышту яго немцамі ў 41-м? Чаму гэта яны толькі патрымалі яго пад арыштам і адпусцілі? Не трэба быць вялікім дэтэктывам, каб здагадацца, што такія плёткі вакол такога чалавека фіксаваліся службай і клаліся на паперу, а паперы, магчыма, клаліся на стол аб’екту плётак. А Аўхімовіч занатаваў гэта невыпадкова, бо пра інтрыгі ведаў. I ці не быў наш Першы пад каўпаком нашага Мюлера? Незадоўга да гібелі Пётр Міронавіч расказаў Івану Яўцеевічу Палякову, што ён быў у палоне ў немцаў і ўтрымліваўся ў Барысаўскім канцлагеры. I яшчэ сказаў што ён хутка памрэ. I павісне пытанне, а як П.М.Машэраў вызваліўся з канцлагера, які быў у ведамстве абвера?..