Выбрать главу

Фармальна? Фармальна. Праўдзіва? Праўдзіва.

Гэта і ёсць мастацтва крывадушнасці.

Спачуванні ад ЦК кампартый, Вярхоўных Саветаў і Саветаў Міністраў саюзных рэспублік таксама будуць, але ў асноўным без уласных подпісаў кіраўнікоў гэтых высокіх устаноў. I гэта ўжо зусім не дзіўна — раз на пахаванне нельга паехаць, то навошта ж рызыкаваць з уласнымі подпісамі? Праўда, Д.Кунаеў з Казахстана, А.Э.Вос з Латвіі і Э.А.Шэварднадзе з Грузіі ўсё ж рызыкнуць і падпішуцца ўласнаручна.

Расійскую дзяржаву на пахаванні будзе прадстаўляць Старшыня Вярхоўнага Савета РСФСР М.А.Ясноў. КПСС — сакратар ЦК па ідэалогіі М.В.Зімянін. Ён скажа казённую, трафарэтна-фармальную прамову ў духу некралога і не больш за тое, хоць заўсёды лічыўся не толькі земляком нябожчыку, але і пабрацімам па партызанска-камсамольскіх справах. Гэта той самы Зімянін, які дзесяцігоддзямі зайздросціў П.М.Машэраву, раўнаваў яго да высокай пасады і да якога ў Пятра Міронавіча, мякка кажучы, былі стрыманыя адносіны.

Пасля пахавання «пламенного коммуниста, известного деятеля Комму­нистической партии и Советского государства... партийная принципиальность и человечность, личное обаяние и скромность» якога «снискала ему» і гэтак далей пры поўнай інфармацыйнай блакадзе імя нашага героя знікне з ужытку так званымі СМІ і не будзе ўпамінацца гадоў дзесяць.

Чаму? 3 якое прычыны? Пахавалі ж яго не за агароджай могілак...

Было такое ўражанне, што наступнікі яго тут, у «Северо-Западном крае России», баяцца ценю свайго папярэдніка як чорт ладану, у той самы час калі звычайныя людзі абкладваюць яго магілу тысячамі велікодных яек...

Як некалі пісаў Францыск Скарына, «тайна сія над розумам маім...».

...Пётр Міронавіч дужа любіў слова «паісціне». Мне і хочацца скончыць гэты сумны аповед словамі: паісціне неспавядзімы шляхі твае, Госпадзі... Драматургічная ж логіка паказвае, што ў гібелі П.М.Машэрава не ўсё можна успрымаць адназначна. Але гэта ўжо іншы сюжэт. I іншая, між іншым, версія гібелі...