Выбрать главу

— Цярпімае — можа быць, але не шчаслівае. I сам ён не мог быць шчаслівы. Як чалавек, як дасведчаная, высокаінтэлектуальная асоба, ён разумеў, не мог не разумець, што Масква яго ігнаруе, абражае, а народ наш рабуе і трымае ў заложніках на заходняй граніцы.

— Пачакай!

— Рабуе нахабна і даўно.

— Гэта вы ўжо занадта...

— Занадта тое, што 40 працэнтаў нацыянальнага даходу, ствараемага ў рэспубліцы, забірала Масква. А гэта не многа не мала — 10-12 мільярдаў долараў. I Машэраў не мог не ўсведамляць гэтага рабаўніцтва калоніі. Не мог, як мне здаецца, спакойна адрываць такія кавалкі, каб раны на целе краіны пасля гэтага не крывавелі. Ёсць такое паняцце — «унутраная эміграцыя». Безумоўна, яно не тычыцца Машэрава. Але тое, што ён — сын зямлі беларускай — не мог пры гэтай сітуацыі не быць ва «ўнутранай апазіцыі», мне здаецца фактам. Па аналогіі, калі на тое пайшло, з тымі ж Аліевым, Бразаўскасам, Шэварднадзе і іншымі.

— Адносна Машэрава вы памыляецеся. Ён не быў Бразаўскасам.

— Шкада! Мог бы і быць.

— Пры Машэраве Беларусь стала...

— Рэспублікай вялікай хіміі, высушанага Палесся, разбураных, абязлюдзелых вёсак і гіганцкіх свінакомплексаў, ад дзярма якіх захлыналіся зямля і людзі?

— А што было рабіць?

— Вы хочаце сказаць, што настала самая пара зноў «інтэгравацца» ў Расію, не думаючы ўжо не толькі пра плечы і шыю, але і пра галаву? Абы свінакомплексы і вялікая хімія функцыянавалі...

— Перапынім гаворку, а то пасварымся.

— Толькі адно пытанне, каб я мог сам з сабою яшчэ паразважаць! Пятру Міронавічу было душна ў той атмасферы, у якой ён жыў?..

— Давай адкладзем размову да новай сустрэчы...

Новай сустрэчы не было. А час няўмольна бяжыць. Метраном адстуквае не толькі мне, але і ўсім маім суайчыннікам, хто на гэты час жыве на сваёй зямлі, у сваёй Айчыне. У якую новую-старую пашчу ўпіхнуць-усунуць нас нашы новыя «лідэры-куміры»?! А пакуль не ўпіхнулі, пакуль мы яшчэ адносна самі па сабе, я зраблю спробу прааналізаваць паводзіны П.М.Машэрава на падставе пэўных фактаў яго ўласных выказванняў пры пэўных абставінах і акалічнасцях. Ну сапраўды ж цікава, ці быў лідэр каланіяльнай нацыі ў апазіцыі да метраполіі, ці быў асабіста шчаслівы, ці прынёс шчасце і дабрабыт свайму народу, які яго нарадзіў, зрабіў сваім героем і ўзнёс над сабою так высока. I сёння ён хацеў бы параўнаць яго з некім на яго погляд значным...

Шчаслівым Першы сакратар ЦК КПБ П.М.Машэраў быў пад той час, калі атрымаў ад цэнтра велізарныя, як тады здавалася, грошы на так званае «преобразование Полесья», а дакладней, на яго асушэнне. Злосным і раздражнёным ён быў, калі невялічкая групка пісьменнікаў і навукоўцаў выступіла супраць загубы краю. Ён не мог зразумець, як гэта адукаваныя, інтэлігентныя творцы не могуць зразумець і прыняць таго шчасця, якое ён нясе людзям спрадвеку забітага Палесся, якое вякамі гніе ў балоце. Ён быў сканфужаным, абураным і гнеўным на псеўданавуку і вучоных-меліяратараў, калі праз некалькі гадоў зразумеў, што загубіў цэлы край, нанёсшы яго прыродзе непапраўную шкоду, не атрымаўшы таго эфекту, на які разлічваў. А разбуранай апынулася не толькі прырода, але і спрадвечны ўклад жыцця палешукоў, іх традыцыйная культура, іх мараль. Расколіна, зробленая гіганцкім плугам акадэміка Мацапуры, прайшла намнога глыбей, чым разлічвалі энтузіясты «пре­образования».

На адным з пасяджэнняў бюро ЦК, дзе разглядаліся па-дурному створаныя праблемы, якія лепш было б назваць экалагічнай катастрофай, Пётр Міронавіч разгублена пытаўся:

— Што ж гэта за меліярацыя, паважаныя тэарэтыкі і практыкі, калі ў засуху на Палессі вады няма, а ў дажджлівае лета яе больш, чым трэба? Мы ж з вамі хацелі меліярыраваць землі, як гэта зрабілі ў Галандыі ці Прусіі, а на праверку аказалася, што проста асушылі, загубілі цэлы край! Адсюль і засухі, і пажары, і паводкі, і чорныя буры, і разор людзям, якія чакалі ад нас свайго мужыцкага шчасця, бо за вякі насядзеліся ў балоце!

Другім яго расчараваннем і скрухаю быў крах яго ж ідэі суцэльнай і хуткай так званай перабудовы сяла ў маштабах усёй рэспублікі. Але Савецкая імперыя на такія дробязі не магла траціцца. Былі ў яе і больш грандыёзныя затратныя планы ў космасе, на Месяцы, на Кубе, на Блізкім і Далёкім Усходзе, у Афрыцы і бог ведае дзе яшчэ. Асігнаванні цэнтра (у параўнанні з тым, што з рэспублікі выпампоўвалася) на грандыёзную па маштабах перабудову сялянскага быту і сельскагаспадарчай вытворчасці былі такімі мізэрнымі, што будаўніцтва некалькіх, адзінкавых, узорна-паказальных цэнтральных сядзіб калгасаў і саўгасаў накшталт тых жа Верцялішак ці Новага быту, зацягнулася на дзесяцігоддзі. А паколькі так званым неперспектыўным пасёлкам, вёскам і сёлам было забаронена ўсялякае развіццё, яны даволі хутка зачахлі і абязлюдзелі. Маладыя сталі разбягацца, хто куды мог: у свае беларускія гарады і райцэнтры, на «новабудоўлі камунізму», на лесараспрацоўкі Поўначы і Усходу і асабліва на нафтапромыслы Сібіры. А што ім яшчэ заставалася рабіць у сваёй вёсцы, калі да яе ўжо не цягнулі святло, тэлефон, радыёлінію, калі ліквідавалі за непатрэбаю пачатковыя школы, «укрупнили» бібліятэкі і клу­бы, закрылі фельчарскія пункты і крамы? Нават спраўны мужык, не кажучы ўжо пра ўдаву ці ветэрана, не мог, не меў права не толькі пабудаваць новую хату, але і адрамантаваць старую, пакласці новы дах, паставіць новы тын.