Выбрать главу

- Яго, значыць, бацька многа грашыў на сваiм жыццi, вельмi ж баб многа мяняў, як у смалакурнi служыў, ды яшчэ хварэў чорт ведае чым, дык ад гэтага i Павал выйшаў гэтакi нядошлы, як гнiлы. А яшчэ рызыкуе, будучы гэтакiм смаркачом.

- Бач, бач, - радасна раптам перабiвае сам сябе Тодар, - дальбог жа вунь, лiха яму, прыцiснуў, здаецца, да сябе, ды як галубiць... Эй, ты там, Алесь, асцярожна, а ты, Павал, чаму не глядзiш?!

Павал углядаецца наперад i бачыць, як чорная постаць Насцi, няясная ўночы, як голас хворага дзiцяцi, злiлася з постаццю Алеся, а пасля, як закрычалi ззаду, яна адсоўваецца ад яго - усё такая ж далёкая i зноў усё любая.

I такая глыбiня крыўды, злосцi i жадання паскардзiцца некаму з'яўляецца ў Паўла, што хочацца пакiнуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якiмi давялося ж то неяк разам з'ехацца, калi выязджалi з вёскi ў горад. Хочацца Паўлу пайсцi цёмным полем да таго месца, дзе за чорнымi дзiвоснымi абрысамi нечага начнога з'яўляецца маленькая ясная лапiнка, - гэта месяц, мусiць, спрабуе выбiцца з-за хмар. Робiцца там трохi святлей, вызначаюцца трохi шырокiя далi, завуць яны да сябе сваiм размахам i воляй, i там як бы няма нiкога такога злога, гадкага.

- Павал, Павал, глядзi, - зноў дабягае да Паўла голас Тодара з задняга воза, голас нейкi цвёрды, слiзкi, як мокрая гадзюка.

Павал на хаду паволi злазiць з воза; раптам чуе, як на пярэднiм возе пачынаюць рагатаць. Голас у Насцi бязвiнна-гуллiвы, без хiтрасцi: проста затым гэта рагоча яна, што смешна ёй; а рогат у Алеся страшны, як удар абухам па галаве, - i колькi ў iм самаздавальнення, жадання патаптаць усё сабе пад ногi, быць над усiм вышэй, i ўжо ўпэўненасць, што мацнейшы за ўсiх ён тут.

Павал паволi прывязвае лейцы да аглабiны i чакае задняга воза.

- Ты што, глядзець не хочаш? - падае голас Тодар. - Прамаргаў ты, браце, дзяўчыну, яшчэ як прамаргаў!

- Нiчога ты, Павал, браце, не варт, - дадае цвёрда Сёмка, - не варта было чапаць дзяўчыны, калi не чуў у сабе сiлы.

-Я яе не чапаў, - сказаў Павал.

- А ты яшчэ яе чапаць думаў?! - зарагаталi ўдвух. - А-я-яй, трэба-такi было табе яе зачапiць. Няхай бы ты ёй след свой пакiнуў, каб памятавала цябе навек. Не трэба было баяцца. Ты цяпер да яе адно падкацiся ды прыстрой ёй што-небудзь, - Алесь багаты, чорт яго не возьме, яму прыплод нястрашны. А тым часам зусiм цяпер гэта табе нястрашна, калi паглядзець з другога боку, цяпер на Алесевай шыi ты лоўка можаш выехаць... Алесь, сюды iдзi!

Вырасла раптам з цеменi каля воза высокая постаць Алеся Мельгуна.

"Будуць душу разварочваць", - са смуткам думае Павал.

- Ну, я пайду на свой воз, падрамлю трохi, - сказаў ён.

- Ча-чаго ты, дурны, што, з людзьмi пабыць не хочаш? - схапiў яго за плячо Алесь i сам сеў на воз да Тодара i Сёмкi i ўсцягнуў Паўла.

Павал зразу адчуў звярыную радасць Алеся Мельгуна ад таго, што вось ён сядзiць блiзка з тым чалавекам, над якiм так удалося яму ўзяць верх, не далажыўшы да гэтага многа старанняў. Гэта была радасць звера, радасць жывёлы, без думак, без жаданняў, тупая i нiкчэмная.

I яшчэ, з вялiкаю крыўдаю, адчуў Павал, што гэты вось самы Алесь Мяльгун зусiм нават не хоча нiчога кепскага яму; калi нават трэба будзе, дык паможа яму ад шчырасцi, хоць можа пасля i пасмяецца; што гэта не можа ён адчуць таго, што здзекуецца разам з гэтымi вось людзьмi над iм; што ён повен захаплення ад жыцця, ад здарэнняў, ад падзей, ад самога сябе i не прыкмячае таго, што мучыць другога.

I ў гэтым была вялiкая крыўда.

- Ну, я пайду, - зноў сказаў Павал.

- Куды ты спяшаеш, - схапiў яго за руку Сёмка, давай закурым.

- Я ж не куру.

- Затым, мусiць, цябе i бабы не любяць, што ты не курыш, - загаварыў Тодар. - Бабы, брат, любяць. Ого-го! Каб ты курыў, каб быў як дуб моцны i як агонь гарачы, каб быў упарты, цяжкi на руку...

- У Паўла якраз нiчога гэтага няма, - усмiхнуўся Алесь.

-Я ж к гэтаму i гавару, - абазваўся Тодар.

Тады Павал саскочыў з воза i загаварыў iм тром.

- Браткi мае! Ну, я ведаю, што вы гэткiя моцныя, а я - хворы, дык нашто ж вы гэта мне гаворыце? Што я вiнаваты, што я такi, а вы такiя? Нашто вы мне душу разварочваеце? Ну, не хачу я нiчога гэтага. Ну, Насця нада мною насмяялася, дык я не крыўдую, бо яна здаровая, а я хворы. Можа гэта сухоты ў мяне? Я i так дажыву, калi так, свайго веку. Насцi я не хачу... Хiба слова я ёй калi аб гэтым казаў?! Дык вы з ёю, Алесь, любецеся, дык цi ж я што гавару? Куды я ёй? Можа ў мяне i пераварочвалася ўсё нутро ад жалю, ад крыўды, але ж я маўчаў - куды там мне. Я гэта ведаю... Ды нашто вы косцi бацькi майго варушыце? Мне пакутаваць за гэта аднаму, калi за гэта яшчэ. Хто яго ведае, ад чаго гэта ў мяне... Ну, i я хачу так, як усе, але што ж я вiнаваты? Каб я не хворы, дык цi ў мяне ўсё так было б? Нашто вы ўсё гэта гаворыце, чаму ты, дзядзька Тодар, на сябе не паглядзiш, а майго бацьку памiнаеш?

А яны ўсе ўтрох тады зарагаталi. Рагаталi зычна, шчыра, весела. Рогат iх быў - жаданне, вольнае ад жыццёвых пут - шырокi, i затаiў ён у сабе сiлу грубой, навальнай i нiкчэмнай перамогi дзiкай, тупой сiлы над усiм слабейшым... Была ў рогаце гэтая перамога над слабым Паўлам, над усялякiмi дробнымi перашкодамi, якiх так многа, i перамагаць, змагацца з якiмi ёсць i ўся можа мэта i ўвесь сэнс жыцця. Не было ў рогаце радасцi, была адна сiла здаровая, як камень, цяжкая, як зямля.