— Ён будзе жыць, — зноў паўтарыла Кандраціха.
— Ну дык вылечы яго, — нядобрая ўсмешка скрывіла вусны Данілы, — а мы табе і грошай, і прадуктаў пакінем. Так я кажу, хлопцы?
Старая прамаўчала, нічога не адказала ратніку. А калі той наважыўся яшчэ нешта сказаць, кіўнула галавой: «Нясіце!» і першай пакрочыла ў бок недалёкага лесу.
Жыла Кандраціха ў невялікай, замшэлай паўзямлянцы амаль на самым узлеску. Разам з ёй гэтае дзіўнае жытло падзялялі стары кот і беспародны, незразумелай масці, сабака. Старая кінула на лаву парваны, пагрызены мышамі кажух. Пачакала, пакуль мужчыны пакладуць на яго параненага, сказала, каб як мага найхутчэй прынеслі ёй жбанок мёду, касу цыбулі, часнаку, маку, гаршчок мядзведжага тлушчу, жытнюю муку, крупы, рэпу, моркву і капу грошай.
— А грошы табе навошта? — здзівіўся патрабаванням шаптухі Даніла. — Што ты з імі ў лесе рабіць будзеш?
Кандраціха знізу ўверх паглядзела на ратніка. Яе цёмныя вочы слязіліся.
— Вы сягоння тут, а заўтра шукай вас па свеце, — нібы шолахам ветру данёсся да яго яе адказ. — А не спатрэбяцца грошы — у зямлю закапаю, дзівасіл на іх расце добра.
У той жа дзень старая вядзьмарка атрымала ўсё, што прасіла, а на наступны войска знялося з месца і пакрочыла ў кірунку Полацка. Перад тым, як сысці, да яе жытла пад’ехаў на кані Даніла.
— Як там Якуб, бабуля? — не вітаючыся пацікавіўся ён у старой, якая сустрэла яго з драўлянымі начоўкамі ў руках. — Можа, ужо ачуняў мой сябар?
— На ўсё воля Божая, — адказала тая і, прашаптаўшы нейкія словы, выліла з начовак у крапіву акрываўленую ваду. — А турбаваць хлопца дарэмна не трэба, прыйдзе час і ён сам ачуняе.
Зараз, днём, шаптуха выглядала зусім не так, як ноччу. І інакш, чым учора, калі Даніла прывёз ёй прадукты і грошы. За гэты час яна моцна змянілася: яшчэ больш сагнулася, быццам на яе плечы лёг няведама які цяжар. Яна схуднела, здаецца, усохла, пачарнела з твару і толькі цёмныя, калючыя вочы па-ранейшаму блішчэлі сярод маршчын. Старая глянула на яго, і ратнік скурай адчуў вар’яцкае ззянне яе вачэй.
— Восенню будзем вяртацца назад — заеду, — каб хутчэй пазбавіцца ад непрыемнага пачуцця, паабяцаў Даніла. — Праведаю Якуба, а заадно і цябе, старая ведзьма. Пагляджу, на што ты патраціла нашы грошы, — з гэтымі словамі ён прышпорыў свайго жарабца і хутка схаваўся за дрэвамі.
— Не прыедзеш ты сюды, галубок, бо жыць табе засталося не больш за месяц, — прашаптала старая і, падхапіўшы начоўкі, знікла за дзвярыма зямлянкі.
2
Жнівень 1579 года быў сыры і стылы. Частыя дажджы расквасілі дарогі, затапілі лугі і паплавы, зрабілі няўтульным лес. У перамешанай з конскім гноем дарожнай твані вязлі ногі людзей і коней. Рухацца па такіх дарогах, нешта перавозіць стала амаль немагчыма. І вада! Вада была паўсюль: халодная, яна чвякала ў ботах, зацякала за каўнер, зябкімі змейкамі вілася па спіне і хутка змочвала адзенне да апошняй ніткі. Толькі агонь ратаваў ратніка, толькі ён даваў чалавеку цяпло і магчымасць прыгатаваць гарачую ежу — паратунак ад прастуды і іншых хвароб.
Ішоў пяты дзень аблогі Полацка войскамі караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. Мінула шаснаццаць гадоў, як горад захапілі войскі маскоўскага цара Івана Васільевіча. Увесь гэты час Літва збіралася з сіламі, каб вызваліць яго. Шаснаццаць гадоў спадзяванняў і расчараванняў, крапатлівай падрыхтоўкі і веры ў перамогу. Шаснаццаць гадоў жыцця! А тут — на табе, яшчэ такое надвор’е.
Аблога зацягвалася. Перапоўненыя вадой равы і набрынялая вільгаццю зямля не давалі магчымасці ліцвінам і палякам падабрацца да сцен горада, падцягнуць штурмавыя вежы і лесвіцы. Мокрыя дубовыя бярвёны гародняў не загараліся ад распаленых ядраў і адно злосна шыпелі, што выклікала злосць у ліцвінскіх гарматнікаў і смех у маскавітаў.
У дадатак да ўсяго пачасціліся перабоі з прадуктамі харчавання. З жахам адзначаў для сябе ваявода ліцвінска-польскага войска Мікалай Радзівіл Руды, што яго воінства ўсё больш і больш апаноўвае нявер’е ў перамогу. Ён разумеў, што бяскорміца і непагадзь нішчаць салдацкую волю, што праз дзень-другі не ўтрымаеш сваіх вояў ні сілай, ні золатам, ні страхам пакарання. Думаў, што недалёка той час, калі яны, галодныя, пакінуць свае пазіцыі, зняславяць ліцвінскую зброю і яе старадаўнюю доблесць. «Пракляты дождж!» — гэтымі словамі ён пачынаў свой дзень, імі ж яго і заканчваў.
Асабліва абуралася нямецкая пяхота. Не вельмі хацеў Радзівіл наймаць гэтых ратнікаў на службу. Капрызныя і пыхлівыя, сквапныя да грошай яны прыўнеслі ў ліцвінскае войска бязладдзе. Здарылася так, што зараз у нямецкім лагеры пачалася крываўка. Каб спыніць распаўсюджванне гэтай хваробы, вечарам немцы вельмі моцна напіліся. Яны, нават не выставіўшы варты, заваліліся спаць. А ноччу ў іх лагеры пачалася незразумелая мітусня. Там чуліся чалавечыя перадсмяротныя стогны, разам з тым — жахлівае нейкае рыканне... Здавалася, у начной цемры на людзей абрынулася нейкая пачвара і пачала пазбаўляць іх жыццяў.