— Не трэба больш так рабіць, — вось і ўсё, што ён сказаў Данілу.
У той жа дзень Даніла загінуў ад варожай кулі.
А адвячоркам да Якуба падышоў Барыс Жаба.
— Паслухай, Якубе, — пачаў ротмістр пасля таго, як яны абодва схаваліся ад нуднай імжы пад густым клёнам. — Некалі мы сябравалі, разам хадзілі за перакоп, елі з аднаго катла верашчаку. А зараз? Даніла загінуў, ты жывы, але змяніўся...
— Я нежывы, Барыс.
— А які ты?
— Нежывы.
— Як нежывы? — Жаба спадзяваўся, што яго сябар жартуе, паспрабаваў злавіць яго позірк, але той быў сур’ёзны і глядзеў некуды ў бок лесу. — Ты ж ясі, як усе, размаўляеш, ездзіш на кані... Дарэчы, куды ты ўсё ездзіш? Каго палюеш? Раней ты любіў вайну, а зараз цябе і на аркане пад сцены крэпасці не зацягнеш. Што з табой, братка?
— Раней я бараніў жывых ад жывых, а зараз бараню жывых ад нябожчыкаў.
— А навошта нас бараніць ад нябожчыкаў? — дурнавата рагатнуў Барыс і тут жа асекся, бо ўрэшце ўбачыў пустыя вочы сябра і зразумеў, што той не жартуе. — Ад якіх нябожчыкаў?
— Ад Валенрода.
— Ад Крывавага Фрыдрыха? Дзе ж ты яго знойдзеш, калі ён загінуў сто пяцьдзясят гадоў таму?
— Я яго бачу кожны дзень і зараз не я яго, а ён мяне шукае. Чакае, калі на небе канчаткова вырашаць ягоны лёс і я вызвалю яго спакутаваную душу, адпушчу яе на суд Божы.
— Навошта ж ён зараз забірае людскія жыцці?
— Некалі ён па сваёй волі пераблытаў паняцці дабра і зла, паставіў сябе на адну прыступку з Богам.
— Ты апраўдваеш яго дзеянні і ў той жа час хочаш забіць яго!
— Я не маю права ні асуджаць яго, ні апраўдваць. Я павінен выканаць рашэнне іншых і выратаваць яго ад яго ж самога, бо сто пяцьдзясят гадоў адлучэння — гэта ўжо занадта страшэннае пакаранне нават для такога грэшніка, як Валенрод. А ён жа некалі быў ратнікам Божым.
Сказаўшы гэта, Якуб з Залесся падхапіўся на ногі і накіраваўся да сваёй цярплівай кабылкі.
— Мяне Фрыдрых чакае, — замест развітання прагучалі яго словы.
4
У канцы месяца ўрэшце выглянула сонца і амаль у той жа дзень ліцвіны падпалілі сцяну крэпасці. «Прасіце літасці ў нашага караля», — крычалі яны праз вялізны пралом у сцяне маскавітам, аднак тыя не спяшаліся гэтага рабіць, чакалі падмогі ад свайго цара.
Баторый злаваўся. «Не хочаце па-добраму, будзе па-дрэннаму!» — вырашыў ён і загадаў безупынку, днём і ноччу, абстрэльваць замак. Ад распаленых ядраў загараліся вежы, і хутка высокія языкі полымя палыхалі ў розных кутках замка. Чужынцы ўжо не супраціўляліся, а іх ваяводы са сваім уладыкам епіскапам Кіпрыянам зачыніліся ў Сафійскім саборы, бо ведалі, што ліцвіны не адважацца апаганіць сцены храма смертазабойствам.
І ўсё ж раніцай трыццатага жніўня маскавіты не вытрымалі, выкінулі белую анучу ў знак капітуляцыі і паддаліся на каралеўскую ласку. Толькі ўладыку Кіпрыяна і некалькіх, найбольш палахлівых ваяводаў давялося сілай выцягваць з Сафіі, мабыць, так яны баяліся не Божай, а чалавечай кары за свае злачынствы перад палачанамі, таму і не выходзілі самі.
А вечарам кароль склікаў сваіх ваяводаў, каб пачуць ад іх пра страты і набытыя трафеі. Ён уважліва слухаў сваіх памочнікаў і дарадцаў, некаторыя лічбы ўдакладняў, задаволена чмокаў губамі. І яму было чаго радавацца — больш за трыццаць гармат, трыста гакаўніц, шэсцьсот ручніц-мушкетаў папоўнілі арсенал каралеўскага войска. Выслухаўшы звесткі аб людскіх стратах, Баторый спахмурнеў і загадаў адслужыць памінальныя службы ва ўсіх полацкіх цэрквах.
— А што будзем рабіць з палонам? — у канцы нарады пацікавіўся Радзівіл. — Ці, можа, даруем ім іх злачынствы?
— За злачынствы іх судзіць будзе пан Езус, а сапраўдны ваяр — літасцівы ваяр! — загадкава адказаў кароль і закончыў нараду.
Раніцай наступнага дня Баторый аб’явіў сваё рашэнне наконт палонных. Кароль быў занадта літасцівы да чужынцаў, дараваў усім ім волю і дазволіў кожнаму з іх, хто не жадае застацца ў Літве, узяць з сабой столькі асабістых рэчаў, колькі той зможа панесці на сабе. Што тут пачалося: захопнікі абдзіралі аклады старажытных абразоў, ламалі крыжы на алтарах і цэрквах, адрывалі пазалочаныя вокладкі кніг бібліятэкі Сафійскага сабора. Усё гэта яны чаплялі на сябе, а зверху, не зважаючы на спёку, яшчэ накідвалі нарабаваныя раней футры. А каб на чужынцаў не напалі па дарозе азлобленыя немцы ці ўгорцы, Баторый загадаў Радзівілу Рудому выдзеліць для іх аховы эскадрон казакоў Барыса Жабы.
Радзівіл не зразумеў свайго валадара, аднак скарыўся каралеўскай волі.
Наступным днём палонных пасадзілі на калёсы і адправілі з Полацка ў Масковію.
Адышоўшы ад горада на даволі значную адлегласць, тыя канчаткова паверылі, што выратаваліся з Божай ласкі. Але чамусьці пачалі лаяць ліцвінаў, абражаць іх годнасць, мову і веру.