Данііл Хармс
Па-першае і па-другое
– Вось, – сказаў Ваня, паклаўшы на стол сшытак, – давай пісаць казку.
– Давай, – адказала Аленка і села на крэсла.
Ваня ўзяў аловак і напісаў:
“Жыў-быў кароль...”
Тут Ваня задумаўся і падняў вочы да столі. Аленка зазірнула ў сшытак і прачытала, што напісаў Ваня.
– Такая казка ўжо ёсць, – сказала Аленка.
– А адкуль ты ведаеш? – спытаў Ваня.
– Ведаю, таму што чытала, – адказала Аленка.
– Ну, і пра што там гэтая казка? – спытаў Ваня.
– Ну, пра тое, як кароль піў гарбату з яблыкамі і раптам падавіўся, а каралева стукнула яго па спіне, каб кавалачак яблыка выскачыў назад з горла. А кароль падумаў, што каралева б'ецца, і стукнуў яе шклянкай па галаве. Тады каралева раззлавалася і стукнула караля талеркай. А кароль стукнуў каралеву міскай. А каралева стукнула караля крэслам. А кароль ускочыў і стукнуў каралеву сталом. А каралева паваліла на караля буфет. Але кароль вылез з-пад буфета і шпурнуў у каралеву каронай. Тады каралева схапіла караля за валасы і выкінула яго ў акенца. Але кароль залез назад у пакой праз другое акно, схапіў каралеву і запхнуў яе ў печку. Але каралева вылезла праз комін на дах, потым спусцілася па громаадводзе ў сад і праз акно вярнулася назад у пакой. А кароль у гэты час раскладаў агонь, каб спаліць каралеву. Каралева падкралася адзаду і піхнула караля. Кароль паляцеў у печку і там згарэў. Вось і казка ўся, – сказала Аленка.
– Вельмі дурная казка, – сказаў Ваня. – Я хацеў напісаць зусім іншую.
– Ну, пішы, – адказала Аленка.
Ваня ўзяў аловак і напісаў:
“Жыў-быў разбойнік...”
– Чакай! – крыкнула Аленка. – Такая казка ўжо ёсць!
– Я не ведаў, – адказаў Ваня.
– Ну як жа, – сказала Аленка, – няўжо ты не ведаеш, як адзін разбойнік, ратуючыся ад варты, ускочыў на каня, ды з размаху пераваліўся на другі бок і ўпаў на зямлю. Разбойнік падняўся, пагразіў кулаком, скокнуў на каня і зноў перамахнуў праз яго і паляцеў на зямлю. Тады разбойнік выхапіў з-за паса пісталет, стрэліў з яго ў паветра і зноў скокнуў на каня, але з такой сілай, што зноў перамахнуў праз яго і пляснуўся аб зямлю і зламаў сабе нагу. А конь адышоў убок. Разбойнік, накульгваючы, падбег да каня і стукнуў яго кулаком па лобе. Конь збег. У гэты час прыскакалі вартавыя, схапілі разбойніка і адвялі яго ў вязніцу.
– Ну, значыць, пра разбойніка я пісаць не буду, – сказаў Ваня.
– А пра каго тады будзеш? – спытала Аленка.
– Я напішу казку пра каваля, – сказаў Ваня.
Ваня напісаў:
“Жыў-быў каваль...”
– Такая казка таксама ёсць! – закрычала Аленка.
– Ну? – сказаў Ваня і паклаў аловак.
– Дык вось, – сказала Аленка, – жыў-быў каваль. Каваў ён аднойчы падкову і так замахнуўся малатком, што малаток сарваўся з дзяржальна, вылецеў у акно, забіў чатырох галубоў, стукнуўся аб пажарную вежу, адляцеў убок, разбіў акно ў дамку брандмайстра і вылецеў на вуліцу, зваліў на зямлю ліхтарны слуп, збіў з ног прадаўца марозіва і стукнуў па галаве Карла Іванавіча Шустэрлінга, які на хвілінку зняў капялюш, каб праветрыць сваю патыліцу. Стукнуўшыся аб галаву Карла Іванавіча Шустэрлінга, малаток паляцеў назад, зноў збіў з ног прадаўца марозіва, скінуў з даху двух катоў, што зацята біліся, перавярнуў карову, забіў чатырох вераб'ёў і зноў заляцеў у кузню, і сеў наўпрост на сваё дзяржальна, якое каваль яшчэ працягваў трымаць у правай руцэ. Усё гэта адбылося так хутка, што каваль нічога не заўважыў і працягваў далей каваць падкову.
– Ну, значыцца, калі пра каваля казку ўжо напісалі, тады я напішу казку пра самога сябе, – сказаў Ваня і напісаў:
“Жыў-быў хлопчык Ваня...”
– Пра Ваню таксама ёсць казка, – сказала Аленка. – Жыў-быў хлопчык Ваня, і вось аднойчы пайшоў ён да...
– Чакай, – сказаў Ваня, – я хацеў напісаць казку пра самога сябе.
– І пра цябе ўжо казку напісалі, – сказала Аленка.
– Не можа быць! – сказаў Ваня.
– А я табе кажу, што ёсць, – сказала Аленка.
– Ды дзе ж яна ёсць? – здзівіўся Ваня.
– А вось купі часопіс “Чыж” нумар сем і там прачытаеш казку пра самога сябе, – сказала Аленка.
Ваня купіў “Чыжа” №7 і прачытаў вось гэтую самую казку, якую толькі што прачытаў ты.
Па-першае, заспяваў я песеньку і пайшоў.
Па-другое, падыходзіць да мяне Пецька і кажа: “Я з табой пайду”. І мы абодва пайшлі, прыпяваючы песенькі.
Па-трэцяе, ідзем мы і бачым – стаіць на дарозе чалавек, ростам з вядро.