Выбрать главу

Па-дзевятае, прачнуліся мы зранку і надумалі далей дарогу працягваць. Тут раптам маленькі чалавек і кажа: “Ведаеце што? Досыць нам з гэтым чоўнам і машынай цягацца. Хадзем лепей пешкі”. – “Пешкі я не пайду, – сказаў доўгі чалавек, – пешкі хутка стомішся”. – “Гэта ты, дзяцюк такі, стомішся?” – засмяяўся маленькі чалавек. – “Канечне, стамлюся, – сказаў доўгі, – вось бы мне сякога-такога каня пад сябе знайсці”. – “Які ж табе конь падыходзіць? – уткнуўся Пецька. – Табе не каня, а слана трэба”. – “Ну, тут дык слана не дастанеш, – сказаў я, – тут не Афрыка”. Толькі я гэта сказаў, раптам чуем на вуліцы брэх, шум і крыкі. Паглядзелі ў акно, бачым – вядуць па вуліцы слана, а за ім народ валіць. Ля самых слановых ног бяжыць маленькі цюцька і брэша на ўсю моц, а слон ідзе спакойна, ні на каго ўвагі не звяртае. “Вось, – кажа маленькі чалавек доўгаму, – вось табе акурат і слон. Сядай і едзь”. – “А ты на цюцьку сядай. Якраз па тваім росце”, – сказаў доўгі чалавек. – “Праўда, – кажу я, – доўгі на слане паедзе, маленькі на цюцьку, а я з Пецькам на асле”. І пабеглі мы на вуліцу.

Па-дзесятае, выбеглі мы на вуліцу. Я з Пецькам на асла сеў, маленькі чалавек ля брамы застаўся, а вялікі за сланом пабег. Дабег ён да слана, заскочыў на яго і да нас павярнуў. А цюцька ад слана не адстае, брэша і таксама да нас бяжыць. Толькі да брамы дабег, тут маленькі чалавек злаўчыўся і скокнуў на сабаку. Так мы ўсе і паехалі. Спераду доўгі чалавек на слане, за ім я з Пецькам на асле, а адзаду маленькі чалавек на цюцьку. І ўсім нам добра, і ўсе мы песенькі насвістваем.

Выехалі мы з гораду і паехалі, а куды прыехалі і што там з намі здарылася, пра гэта мы вам наступным разам раскажам.

***
І

Аднойчы леў, слон, жырафа, алень, страус, лось, дзікі конь і сабака паспрачаліся, хто з іх хутчэй за ўсіх бегае.

Спрачаліся, спрачаліся і ледзь не пабіліся.

Пачуў Грыша Апельсінаў, што звяры спрачаюцца, і кажа ім:

– Эх вы, дурныя звяры! Дарма вы спрачаецеся! Вы лепей наладзьце спаборніцтва. Хто першы вакол возера аббяжыць, той, значыць, і бегае хутчэй за ўсіх.

Звяры згадзіліся, толькі страус сказаў, што ён не ўмее вакол возера бегаць.

– Ну і не бегай, – сказаў яму лось.

– А вось і пабягу! – сказаў страус.

– Ну і бяжы! – сказала жырафа.

Зверы пашыхтаваліся ў шэраг, Грыша Апельсінаў махнуў сцягам, і звяры пабеглі.

ІІ

Леў некалькі разоў скокнуў, стаміўся і пайшоў пад пальмамі адпачыць.

Астатнія звяры далей бягуць. Наперадзе страус нясецца, а за ім лось і жырафа.

Вось страус спужаўся, каб яго жырафа і лось не абагналі, павярнуў да іх галаву і крыкнуў:

– Гэй, слухайце! Давайце з возера ўсю ваду вып'ем! Усе звяры вакол возера пабягуць, а мы проста па сухім дне ўпоперак пабяжым і раней за ўсіх прыбяжым!

– І праўда! – сказалі лось і жырафа, спыніліся і пачалі ваду з возера піць.

А страус падумаў сабе:

– Вось дык дурні! Няхай яны ваду п'юць, а я далей пабягу.

І страус пабег далей, ды толькі забыў галаву павярнуць і, замест таго, каб наперад бегчы, пабег назад.

ІІІ

А лось і жырафа пілі, пілі, пілі, пілі, урэшце жырафа кажа:

– Я больш не магу.

І лось кажа:

– Я таксама больш не магу.

Пабеглі яны далей, ды ўжо хутка бегчы не могуць. Так іх ад вады разнесла.

А слон убачыў гэта і давай смяяцца!

Стаіць і смяецца! Стаіць і смяецца!

А сабаку па дарозе блохі заелі. Сеў ён і давай часацца! Сядзіць і чэшацца! Сядзіць і чэшацца!

Так што першымі алень і дзікі конь прыбеглі.

IV

А слон усё стаіць ды смяецца, стаіць ды смяецца!

V

А сабака ўсё сядзіць ды чэшацца, сядзіць ды чэшацца!

VI

А жырафа ўсё бяжыць!

VII

А слон усё смяецца!

VIII

А сабака ўсё чэшацца!

***

– Ты быў у заапарку?

– Быў.

– Бачыў ільва?

– Гэта з хобатам?

– Не, гэта слон, леў не такі.

– А, з двума гарбамі.