Выбрать главу

ПРАДМОВА

У гістарычнай навуцы ўмацавалася думка, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага ў сярэдзіне ХІІІ ст. бярэ пачатак ад заваёвы літоўскім князем Міндоўгам шэрагу беларускіх земляў, і ў першую чаргу так званай Чорнай Русі з гарадамі Новагародкам, Ваўкавыскам, Слонімам, Горадняй ды інш.[1]. Здавалася б, такое рэдкае ў навуцы аднадумства павінна трымацца на бясспрэчных гістарычных сведчаннях. Але некалі яшчэ М. Дашкевіч заўважыў, што «ў верагодных крыніцах не дайшло да нас ніякіх звестак аб пакарэнні Літвой гэтага ўчастка»[2]. З таго часу прайшло больш за 100 гадоў, а ў руках даследнікаў не з'явілася ніводнай крыніцы, якая б пацвярджала «літоўскую заваёву» як гэтай, так і якой-небудзь іншай беларускай зямлі[3].

Нават У. Пашута ў сваёй вялікай працы пра ўтварэнне Літоўскай дзяржавы, дзе можна было б чакаць дэталёвага разгляду гэтай гістарычнай падзеі, гаворыць пра яе мімаходзь: «У Чорнай Русі, якой Міндоўг авалодаў у 40-х гадах ХІІІ ст., выкарыстаўшы цяжкія для Рускай зямлі вынікі мангольскага нашэсця, княжыў яго сын Войшалк»[4]. І ўсё ж… гэты даследнік, кніга якога спрыяла яшчэ большаму ўмацаванню ў нашай гістарыяграфіі сцверджання пра літоўскую заваёву Беларусі, відаць, не быў упэўнены ў правільнасці гэтага ды іншых сваіх тэзісаў, звязаных з утварэннем і далейшай гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, калі палічыў патрэбным адзначыць: «Далейшыя поспехі нашай навукі, магчыма, прывядуць да перагляду прапанаваных тут аргументаў і высноваў. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым лепш»[5]. Так, перагляд неабходны. Сучасная гістарычная навука, перад якой ставіцца задача ліквідаваць усе «белыя плямы» нашага мінулага, не можа мірыцца з бяздоказнымі сцверджаннямі, і таму пытанне пра ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага павінна быць прыведзена ў адпаведнасць з праўдзівымі гістарычнымі сведчаннямі. 

1. НА ЎЗРОЎНІ ХVІ СТ.

Як паказвае досвед чалавецтва, часцей за ўсё тэндэнцыйна скажаецца пачатковая гісторыя той ці іншай дзяржавы. Так здарылася і з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, першыя старонкі якой да непазнавальнасці зацемненыя міфам пра «літоўскую заваёву» Беларусі. Ён мае даўнюю гісторыю. Яго ўзнікненне адносіцца да ХVІ ст., калі ішла зацятая барацьба Маскоўшчыны за беларускія землі (землі Вялікага Княства Літоўскага). Тады была выкарыстана не толькі вайсковая сіла, але і ідэалагічныя сродкі барацьбы. Патрэбна было абгрунтаваць «законныя правы» Масквы на Беларусь і Ўкраіну. Гэта і было адной з мэтаў літаратурна-публіцыстычнага твора «Сказание о князьях владимирских», які з'явіўся ў першай траціне ХVІ ст. Дзеля гэтага ў яго і быў улучаны раздзел «Родословие литовских князей», змест якога коратка зводзіцца да наступнага.

Ратуючыся ад татарскага пагрому Батыя, нейкі Віцянец, які нібыта быў родам са смаленскіх князёў, уцёк у Жамойць (так тут называецца Літва), пасяліўся там і ажаніўся з дачкой бортніка. Праз трыццаць гадоў ён быў забіты перуном. Пасля гэтага жонку Віцянца забраў ягоны раб конюх Гегіменік. І вось неўзабаве маскоўскі князь Юрый Данілавіч паслаў гэтага Гегіменіка «на Волоскую землю и на Киевьскую (г. зн. на Ўкраіну) и на обь сю страну Меньска (г. зн. у Беларусь)» браць з іх царскія даніны. Гегіменік, «мужь храбр зело и велика разума», беручы даніны, назбіраў шмат багацця, пачаў валодаць многімі землямі і дзякуючы нязгодам і міжусобіцам паміж рускімі князямі стаў першым вялікім літоўскім князем[6]. Палітычная мэта гэтай выдуманай гісторыі пра літоўскіх князёў Віценя — Віцянца і Гедзіміна[1] — Гегіменіка відавочная: літоўскія князі, выкарыстаўшы цяжкі для Русі час, самаўпраўна прысвоілі сабе беларускія і ўкраінскія землі і зараз павінны вярнуць іх законным гаспадарам — маскоўскім князям.

Зразумела, што ў Вялікім Княстве Літоўскім усё гэта не магло застацца без адказу. Тым больш што ў 1561 г. яно ўступіла ў Інфлянцкую (Лівонскую) вайну, і пагроза страты часткі беларускіх земляў стала рэальнасцю: на пачатку 1563 г. войскі Івана Жахлівага занялі Полацак. У гэты крытычны момант і з'явіліся летапісы, якія ў сучаснай навуцы прынята называць беларуска-літоўскімі, бо ў іх, як лічыў М. М. Улашчык, выкладаецца гісторыя Вялікага Княства Літоўскага і напісаны яны на беларускай мове. Менавіта яны і створаная пазней ў значнай меры на іх аснове «Кроніка» польскага гісторыка М. Стрыйкоўскага побач з іншым павінны былі даказаць гістарычныя правы вялікіх князёў літоўскіх на ўсе беларускія землі, у тым ліку і на Полацак, заняты тады маскоўскімі войскамі. Захоп літоўскімі князямі беларускіх земляў гэтыя летапісы і «Кроніка» Стрыйкоўскага, як і «Сказание о князьях владимирских», таксама адносяць да часу нашэсця Батыя, толькі прыпісваюць гэта іншым асобам, а менавіта жамойцкім князям. Чаму гэта так, стане зразумелым, калі прыгадаць, што апошнія тым часам апынуліся ў больш выгадным становішчы. У выніку Грунвальдскай перамогі (1410 г.) спыніліся напады нямецкіх крыжакоў на Жамойць (заходняя частка сучаснай Летувы). У той жа час шматлікія спусташальныя войны, якія вяліся ў ХV-ХVІ стст. паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай, адбываліся на беларускіх землях, што аслабляла пазіцыі беларускіх феадалаў. Жамойцкія магнаты, адчуўшы сваю сілу, сталі прэтэндаваць на першынство ў Княстве і таму імкнуліся прыпісаць сабе заслугу ў яго стварэнні. Вялікую ролю ў падрыхтоўцы «Кронікі» Стрыйкоўскага адыграў біскуп Гедройц — ідэолаг жамойцкай нацыянальнай партыі ў другой палове ХVІ ст. Ён забяспечыў Стрыйкоўскага шматлікімі і, відаць, тэндэнцыйна адрэдагаванымі ім летапісамі і фінансаваў друкаванне «Кронікі» ў Кёнігсбергу ў 1582 г.

Таму не дзіўна, што, паводле гэтых летапісаў і «Кронікі» Стрыйкоўскага, менавіта вялікі князь жамойцкі Мантвіл, убачыўшы, што ў выніку нашэсця Батыя рускія землі спустошаныя і князі рускія разагнаныя, даў войска свайму сыну Ердзівілу, і той, перайшоўшы Вяллю, а пасля і Нёман, знайшоў гару прыгожую і заснаваў на ёй горад, які назваў Новагародкам і зрабіў сваёй сталіцай. Пасля гэтак жа сама ўзнавіў іншыя гарады, разбураныя Батыем[7].

Аўтары летапісаў і Стрыйкоўскі да непазнавальнасці заблыталі гісторыю: перайменавалі гістарычных асобаў, паперастаўлялі падзеі, а то і проста сфальшавалі іх. У гэтым дачыненні паказальная перадача падзей, якія нібыта прывялі да заваёвы Літвой Полацка. Тут засталіся некаторыя дэталі, якія даюць магчымасць аднавіць гістарычную праўду. У Іпацеўскім летапісе пад 1162 і 1167 гг. апавядаецца пра міжусобную барацьбу полацкіх і менскіх князёў. У 1162 г. полацкі князь Рагвалод пайшоў на аднаго з менскіх князёў Валадара Глебавіча. Апошні, ухіліўшыся ад бою днём, уначы выступіў са сваім войскам, набраным з «літвы», на палачан і разбіў іх пад Гарадцом. Параза была страшэнная, і Рагвалод пабаяўся варочацца назад у Полацак. Палачане ўзялі сабе новага князя Ўсяслава Васількавіча. У 1167 г. ужо сам Валадар Глебавіч пайшоў на Полацак і перамог палачан. Усяслаў Васількавіч уцёк з Полацка ў Віцебск, а Валадар Глебавіч стаў на кароткі час полацкім князем, пакуль не быў разбіты на Дзвіне[8].

Для аўтараў летапісаў гэтыя падзеі былі вельмі зручныя для апрацоўкі ў патрэбным кірунку. Там падзеі 1162 і 1167 гг. аб'яднаныя ў адну, Валадар Глебавіч названы Мінгайлам — сынам жамойцкага князя Ердзівіла, які быццам бы княжыў у Новагародку. Дык вось нібыта пасля смерці бацькі Мінгайла, разбіўшы палачан пад Гарадцом, захапіў Полацак і стаў адначасова вялікім князем полацкім і новагародскім. Пасля яго смерці засталіся два сыны, адзін з якіх, Гінгвіл, стаў быццам бы княжыць у Полацку. Ён, ажаніўшыся з цвярской князёўнай Марыяй, прыняў хрысціянства. Пасля ягонай смерці ў Полацку княжыў яго сын Барыс, які заснаваў горад Барысаў і пабудаваў у Полацку царкву святой Сафіі[9]. Каб зрабіць гэтыя звесткі яшчэ больш пераканаўчымі, Стрыйкоўскі ў сваёй «Кроніцы» сцвярджаў, што на свае вочы бачыў недалёка ад Полацка Барысаў камень, на якім было напісана: «Помоги господи рабу твоему Борису, сыну Гингвилову»[10]. Няма чаго казаць, што ўсё гэта выдумка. Барысавага каменя з такім надпісам ніколі не было і не магло быць, бо полацкі князь Барыс быў сынам славутага Ўсяслава Чарадзея. І наагул, полацкія князі не маглі паходзіць ад жамойцкіх, бо княжылі задоўга да апошніх. Гаворка тут можа ісці пра адваротнае — пра паходжанне князёў Літвы ад полацкіх, што мае пад сабой, як мы ўбачым далей, рэальныя падставы.

вернуться

1

 У беларускай навуковай літаратуры імя гэтага князя ўжываецца ў форме «Гедымін», аднак ці з'яўляецца такое напісанне правільным? Зазначым, што ў крыніцах яно існуе ў розных варыянтах. Гедимин, Кедмин, Кгиндимин, Кгедимин, Скиндимин, Jedimin, Gedimont, Giedymin. Як бачым, усюды ў іх (у тым ліку і ў напісаных лацінкай), гук «д» вымаўляецца як мяккі. Праўда, у «Кроніцы Быхаўца» бачым «Gedymin», але тут «y» чытаецца як «і». Таму ў сучаснай беларускай мове гэтае імя павінна пісацца ў форме «Гедзімін». (Мікола Ермаловіч. Старажытная Беларусь. Віленскі перыяд. Менск, ВЦ «Бацькаўшчына», 1994, с.10) — заўвага Internet-рэдактара.