Аднак вернемся да разгляду так званых літоўскіх нападаў. Найперш заўважым, што не заўсёды летапісы адрознівалі «літву» ад суседніх народаў. Так, у Пскоўскім летапісе пад 1213 г. чытаем: «Изгнаша от себя псковичи князя литовьского Владимира Торопецкого»[181]. Такім чынам, нават князь з Тарапца, сын вядомага Мсціслава Ўдалога, называецца літоўскім. На жаль, даследнікі не звяртаюць увагі на такія дэталі. Калі ў разрад «літоўскіх» залічваўся князь з Тарапца, то гэта яшчэ ў большай ступені магло рабіцца ў дачыненні да полацкіх князёў. У свой час гісторык І.Бяляеў зазначыў, што ў летапісах літву атаясамлівалі з палачанамі, і пад літоўскімі набегамі разумеліся полацкія[182]. І хаця літва і палачане не заўсёды ўспрымаліся як адно, пра што сведчаць запісы ў Ноўгарадскім І летапісе пад 1191, 1198, 1258 і 1262 гг., аднак у выснове І.Бяляева ёсць вялікая доля праўды. Усе гэтыя набегі былі перш за ўсё інструментам полацкай палітыкі незалежна ад таго, хто ў іх браў большы ўдзел — палачане ці літва. Як паказваюць летапісы, у пераважнай бальшыні выпадкаў літва складала галоўны кантынгент полацкага войска і таму гэтыя набегі ў летапісах называліся набегамі літвы. Нельга згадзіцца з думкай, што яны прыносілі ўзбагачэнне князям Літвы, мэтай якіх было рабаванне, захоп палонных, жывёлы, што з'яўлялася адной з крыніц назапашвання багацця класа феадалаў, які ў тым часе фармаваўся там[183]. Бясспрэчна, што ўдзел у гэтых набегах не мог быць бескарыслівым. Аднак у цэлым яны не толькі не ўзбагачалі і не ўзмацнялі Літву, але яшчэ больш яе знясільвалі, бо, як правіла, пераважная бальшыня з іх канчалася паразай, стратай палонных і нарабаванага, вялікай колькасцю забітых. На жаль, усё гэта замоўчваецца ў даследваннях ва ўгоду штучнай схеме: Літва мацнела, Полацак слабеў. Такі сумны зыход мелі набегі 1200, 1210, 1225, 1229, 1234, 1245, 1248, 1253 гг., і толькі мала якія з іх (у 1217 і 1223 гг.) былі больш-менш удалыя. Некаторыя паразы насілі яўна катастрафічны характар. Так, у 1225 г. загінула 2 тыс. «літвы» з агульнай колькасці 7 тыс., а ў 1245 г. Аляксандр Неўскі пад Тарапцом знішчыў больш за 8 князёў, а пад Жыжцом і ўсіх астатніх. А колькі ж тады загінула простых вояў? Пры такім стане рэчаў неразумна гаварыць, што гэтыя набегі прыносілі карысць Літве. Не, гэта магло быць толькі ў інтарэсах полацкіх феадалаў. У. Пашута лічыў, што пра падначаленае становішча палачан сведчыць Ноўгарадскі І летапіс, які пад 1258 г. паведамляе пра напад ужо не «полочан с литвой», як раней, а «литвы с полочаны» на Смаленск[184]. А крыху вышэй у сваёй кнізе гэты даследнік папракае той сама летапіс за тое, што ў паведамленні пра паход 1240 г. на Вендэн на першае месца ставіцца літва, тады як галоўную ролю там адыгралі немцы[185]. Гэтым сама аспрэчыў і свой уласны довад наконт стасункаў Полацка і літвы. Не меў рацыі Ў.Пашута і тады, калі сцвярджаў, што гэты паход на Смаленск быў «справай рук Таўцівіла»[186], які княжыў тады ў Полацку. Вядома, што яшчэ задоўга да Таўцівіла палачане хадзілі на Смаленск, а цяпер прымусілі ісці і яго. Што набегі літвы на Ноўгарад залежалі ад полацкай палітыкі, сведчыць і такі факт. Як толькі Полацак і Ноўгарад у 1262 г. учынілі мір, літва не толькі спыніла набегі на ноўгарадскія землі, але і стала разам з палачанамі дапамагаць ноўгарадцам, як, напрыклад, пры паходзе на Юр'еў супраць немцаў у 1262 г.[187]
Літву выкарыстоўвалі для аслаблення Галіцка-Валынскай зямлі і турава-пінскія князі. Пры канцы 20-х гадоў ХІІІ ст. дачыненні паміж Валынню і Пінскам настолькі абвастрыліся, што ўзнік канфлікт. Піняне ў 1227 г. захапілі г. Чартарыйск. У наступным годзе Даніла Галіцкі вярнуў яго назад. Пасля гэтага пінскі князь Расціслаў арганізаваў супраць яго кааліцыю князёў, у якой сярод іншых удзельнічалі тураўцы і новагародцы. Але яна пацярпела паразу, і Пінск падпаў пад уплыў Валыні, князі якой прымушалі пінянаў ваяваць з суседняй літвой. З свайго боку пінскія князі неаднаразова прапускалі літву праз свае землі для нападу на Галіцка-Валынскае княства. Пра сувязь пінскіх князёў з літвой сведчыць Іпацеўскі летапіс пад 1247 г., калі апісвае набег на Валынь літвы, якой спрыяў пінскі князь Міхаіл[188].
Як бачым, у навуцы непамерна перабольшана значэнне так званых літоўскіх набегаў. У даследваннях скрупулёзна падлічваецца іхная колькасць ды яшчэ без уліку іх вынікаў. І на падставе гэтага робяцца высновы пра літоўскі наступ на славянскіх суседзяў. Тым часам замоўчваецца славянская, перш за ўсё крывіцкая і дрыгавіцкая, каланізацыя балцкіх земляў. Што да літоўскіх набегаў на славянскія землі, то калі яны й былі, дык усё адно не маглі спыніць шырокай плыні крывіцкай і дрыгавіцкай каланізацыі ў балцкія землі.
Як паказваюць матэрыялы археалогіі, гідраніміі, тапанімікі, лінгвістыкі, балцкія плямёны (латыгола, лотва, літва, яцьвягі і інш.) засялялі амаль усю тэрыторыю Беларусі[189] да прыходу сюды славянаў на мяжы VІ-VІІ стст. па Нараджэнні Хрыстовым[190]. Славянскае засяленне ішло з некалькіх бакоў. Калі дрыгавічы рухаліся з поўдня на поўнач (ад Прыпяці да Дзвіны), то крывічы — па Бугска-Нёманскім міжрэччы з захаду на ўсход і паўночны ўсход[191]. З захаду, як сведчыць летапіс, прыйшлі і радзімічы. Трэба зазначыць, што апрача гэтых галоўных славянскіх насельнікаў Беларусі тут аселі і часткі іншых плямёнаў, дарогі якіх ішлі праз Беларусь, — севяран, славенаў, дулебаў. Усё гэта спрыяла больш інтэнсіўнай славянскай каланізацыі і асіміляцыі ранейшага насельніцтва. Працэс гэты, пачаўшыся, ужо не мог спыніцца і ішоў на працягу стагоддзяў. Хаця не выключана, што напачатку (і гэта заканамерна) славянская каланізацыя сустракалася з варожасцю карэннага насельніцтва, пра што могуць сведчыць разбураныя і пагарэлыя балцкія гарадзішчы. Аднак у далейшым сужыццё славянаў і балтаў працякала мірна. Славянская каланізацыя (і асіміляцыя) не ўсюды адбывалася раўнамерна. Асобныя астравы балцкага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі заставаліся аж да канца ХІV ст. Вось гэтая акалічнасць і дазволіла Е. Ахманьскаму ў яго працы аб летувіскай этнічнай мяжы на ўсходзе прапанаваць новую канцэпцыю ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага. Паводле яе, «цэнтральная Літва» (усход сучаснай Летувы), абапіраючыся на астравы балцкага насельніцтва, заваявала «заходнерускія землі». Неабгрунтаванасць гэтага сцверджання відавочная. Па-першае, паўстае пытанне, чаму «цэнтральная Літва» не магла зрабіць гэтага значна раней, калі славянскае насельніцтва было астраўным у моры балцкага. Па-другое, малаверагодна каб адрэзаныя вялізнай адлегласцю і сотнямі гадоў адзін ад аднаго, гэтыя балцкія рэшткі захавалі пачуццё адзінства паміж сабой. Па-трэцяе, незразумела, чаму гэтыя летувіскія плямёны, як лічыў іх Е. Ахманьскі, стварылі славянскую дзяржаву, у афіцыйным жыцці якой за пяць стагоддзяў існавання не прагучала ніводнага літоўскага слова. І апошняе (можа, самае галоўнае), крыніцы не прыводзяць аніякіх фактаў якой-небудзь падтрымкі «цэнтральнай Літвы» з боку балцкіх астравоў, як і наагул заваёвы ёю беларускіх земляў.
Найбольшым з балцкіх астравоў у Беларусі, відаць, і была Старажытная Літва. Хоць яна была абваколеная балотамі і пушчамі, славянская каланізацыя не абмінула яе. Тут гэты працэс пачаўся пазней і працякаў павольней. Калі канкрэтна ён пачаўся, сказаць цяжка, можна толькі выказаць некаторыя меркаванні. Вядома, што паўднёвая частка летапіснай Літвы была заваяваная Яраславам Мудрым у 1040–1044 гг., у выніку чаго быў заснаваны Новагародак. З гэтага часу, верагодней за ўсё, пачалася славянская каланізацыя левабярэжнай Літвы. У правабярэжнай, можна думаць, яна пачалася раней.