Выбрать главу

Малаверагодная бітва і пад Койданавам, бо звесткі пра яе яшчэ больш супярэчлівыя. У «Кроніцы Быхаўца» сказана, што заволжскі татарскі цар Балаклай сабраў вялікую раць і пайшоў на Русь. А вялікі князь Скірмант, сабраўшы сваё войска ў Койданаве, перамог усю раць татарскую і самога цара забіў[227]. У літаратуры гэта падзея адносілася да 1241 г.[228]. Апрача таго, паказваецца яшчэ адна бітва пад Койданавам, у якой нібыта Міндоўг у 1249 г. разбіў татараў на чале з Кайданам і яго хаўруснікаў галіцка-валынскіх князёў Данілу і Васільку. Прычым сцвярджаецца, што Кайдан загінуў тут, і адсюль пайшло найменне паселішча «Койданаў», якое да таго называлася Крутагор'ем. Гэта найбольш пашыраная версія, і яна нават увайшла ў сучасныя падручнікі гісторыі Беларусі[229]. У «Запісках Кацярыны ІІ» прыведзены звесткі пра бітву пад Койданавам у 1276 г., якія нагадваюць падзеі бойкі 1241 г.

Паколькі ўсе гэтыя бітвы звязаныя з татарамі, то яны не маглі адбыцца ні ў 1241, ні ў 1249 г., бо, як паказваюць даследванні, першае ўварванне татараў на тэрыторыю Беларусі адбылося ў 1258 г.[230]. Бітву 1241 г. мы наагул павінны адкінуць як выдуманую, бо ніколі не было ні вялікага літоўскага князя Скірманта, ні татарскага хана Балаклая. Ёсць нешта падобнае ў падзеях 1249 і 1258 гг. Сапраўды, князем літоўскім тады быў Міндоўг, разам з татарамі ішоў валынскі князь Васілька (яго брат Даніла, прыкінуўшыся хворым, ухіліўся ад гэтага паходу). Але татараў узначальваў не Кайдан, а Бурундай, і, што сама важнае, ніякай перамогі Міндоўг не атрымліваў: татары на чале з Бурундаем без супраціву занялі землі літоўскую і нальшчанскую (нагадаем, што гэта тэрыторыя на захадзе сучаснай Беларусі). Гэта пацвярджае і Ноўгарадскі І летапіс, у якім сказана, што татары ўзялі ўсю зямлю літоўскую, а саміх пабілі[231].

Трэба зазначыць, што ёсць яшчэ сумневы ў праўдзівасці існавання Кайдана. Сярод татарскіх ханаў, военачальнікаў і ваяводаў ён не значыцца[232]. Праўда, у татарскага хана Менгу Цімура, які цараваў у Залатой Ардзе ад 1266 да 1280 г., быў сын Кадан[233]. Менавіта ў Менгу Цімура галіцкі князь Леў Данілавіч прасіў дапамогі ў паходзе на Новагародак. У 1274 г. Менгу Цімур даў татарскае войска, але яго ўзначальваў не Кадан, а ваявода Ягурчын[234]. Паводле Галіцка-Валынскага летапісу татары хадзілі на Новагародак і ў 1277 г. Таму можна меркаваць, што яны ішлі праз Койданаў. Але, па-першае, пацярпеўшы там паразу, яны б не пайшлі далей. Па-другое, узначальваў гэтае войска не Кайдан, а ваявода Мамшэй[235]. Усё гэта сведчыць, што Койданаўскай бітвы не магло быць ні ў 1274, ні ў 1276, ні ў 1277 гг. Апрача таго, тапонім «Койданаў» на Беларусі не адзін (населены пункт з такім назовам быў недалёка і ад г. Паставы[236]), што таксама ставіць пад сумнеў паходжанне яго ад імя татарскага хана.

З усяго сказанага вынікае, што Магільнянская і Койданаўская бітвы — гэта хутчэй за ўсё міфы, створаныя ў ХVІ ст., для ўзвелічэння літоўскіх князёў, якія быццам толькі адны маглі супрацьстаяць мангола-татарскім заваёўнікам, чаго ў сапраўднасці не было.

Вядома, нельга адмаўляць пагрозы татарскага нашэсця, якая вісела над беларускімі землямі, бо ўварванні татараў, як мы ўжо бачылі, сапраўды былі. Аднак і нельга справу паказваць так, нібы толькі літва магла абараніць нашую зямлю ад татарскай заваёвы. Яна не магла абараніць ад татараў і сваёй зямлі, як гэта было ў 1258 г. Вось чаму беларускія феадалы не маглі бачыць у асобе літоўскіх князёў сілу, здольную абараніць іх ад татараў. Вось чаму беларускім феадалам не было патрэбы дзяліцца з літоўскімі сваёй «рэнтай».

Тое, што Беларусь не ведала мангола-татарскага пагрому і панавання, мела для яе важнае значэнне, якое пакуль што яшчэ не ацэненае ў гістарычнай навуцы. Як вядома, мангола-татарскае панаванне перапыніла і замарудзіла працэс палітычнага аб'яднання расейскіх і ўкраінскіх земляў, падарвала іх прадукцыйныя сілы. Усяго гэтага пазбегла Беларусь. Яе аб'яднанне не было спыненае, а яе прадукцыйныя сілы ў выніку прытоку новага насельніцтва яшчэ больш узраслі. Усё гэта і было прычынай таго, што фармаванне тэрыторыі Беларусі і кансалідацыя беларускага этнасу пайшлі хутчэй, чым аналагічныя працэсы ў іншых усходнеславянскіх землях. Так, калі ў першай палове ХІV ст. пры Іване Каліце толькі пачало ўзвышацца Маскоўскае княства, дык нашыя землі да гэтага часу амаль усе былі сабраныя і задзіночаныя ў Вялікім Княстве Літоўскім. Беларускія феадалы выкарысталі ў сваіх інтарэсах выгадную для іх кан'юнктуру, у прыватнасці аслабленне расейскіх і ўкраінскіх земляў у барацьбе з татарамі, і заваявалі значныя часткі іх тэрыторый.

Паколькі культурныя цэнтры Беларусі не былі разбураныя, нашая культура развівалася без перашкодаў, што было прычынай яе высокага роўню. Таму яна і заняла панавальнае месца ў Вялікім Княстве Літоўскім, а беларуская мова стала ў ім дзяржаўнай.

Што да нямецкай агрэсіі, то яна сапраўды з'явілася цяжкім ударам для Полацка. У выніку яе Полацкае княства было адсечанае ад Балтыйскага мора, што істотна паўплывала на далейшую гісторыю Беларусі. Аднак, гаворачы пра гэта, нельга паказваць справу так, нібы беларускія землі знаходзіліся ў бязвыхадным становішчы і іх магла выратаваць толькі літва. Не меншую пагрозу нямецкая агрэсія несла і народам Прыбалтыкі, якія разам з Полаччынай сталі аб'ектам нападу «псоў-рыцараў». Апошнім удалося, пакарыўшы балцкія плямёны прусаў, куршаў і земгалаў, з трох бакоў акружыць Жамойць. Над ёй, як і над іншымі балцкімі землямі, навісла смяротная пагроза. Са сказанага відаць, што нямецкай агрэсіяй былі запалоханы не так беларускія, як балцкія феадалы. Калі Полаччына траціла набытыя ёю ў Ніжнім Падзвінні землі, то балты трацілі свае карэнныя землі. Дык хіба маглі феадалы Літвы ў гэтым часе адважыцца на заваёву беларускіх земляў, хіба маглі беларускія феадалы ў іх асобе бачыць абаронцаў ад нямецкай агрэсіі?