Выбрать главу

У даследваннях па гісторыі адзначаецца, што нямецкая агрэсія прымусіла балцка-літоўскія землі аб'яднацца і тым сама паскорыла працэс утварэння Літоўскай дзяржавы. Гэта, маўляў, і дало магчымасць літоўскім феадалам заваяваць беларускія землі, якія нібыта былі раз'яднаныя. Аднабаковасць гэтай схемы відавочная, бо паўстае пытанне, чаму тая ж нямецкая агрэсія не прымусіла аб'яднацца беларускія землі. Мы ўжо гаварылі, што раз'яднанасць беларускіх, у прыватнасці полацкіх, земляў у ХІІІ ст. надзвычай перабольшаная. На горкім вопыце спазнаўшы смяротную пагрозу нямецкай агрэсіі, Полаччына шчыльней згуртоўвалася для адпору ворагу. Трэба сказаць, што Полацак не адразу разгледзеў сапраўдную сутнасць нямецкіх рыцараў. Полацкі князь Уладзімір (Валодша) у 1186 г. даў нямецкаму манаху Майнарду (відаць, угледзеўшы ў яго дзейнасці толькі місіянерскі, а не захопніцкі характар) дазвол на права хрышчэння ліваў, якія залежалі ад Полацка. Яшчэ больш легкадумна паставіліся напачатку да рыцараў у іншых краях Усходняй Эўропы. Летоны ў 1202 г. учынілі дамову з біскупам Альбертам супраць земгалаў. Мазавецкі князь Конрад у 1225 г. запрасіў тэўтонцаў для барацьбы з прусамі. Не раз супольна з рыцарамі дзейнічалі пскоўскія і ноўгарадскія аддзелы. Гэтая бесклапотнасць і была адной з прычын першых поспехаў немцаў ва Ўсходняй Эўропе. Для Полацка яна абярнулася стратай Ніжняга Падзвіння.

Згуртаванасць Полаччыны ў барацьбе з крыжакамі вельмі добра выяўлена ў «Кроніцы Лівоніі». Так, паводле яе, для паходу на тэўтонцаў «полацкі кароль Вальдэмар (памянёны Валодша) сабраў войска з усяго свайго каралеўства, а таксама ад суседніх каралёў (удзельных князёў Полаччыны), сваіх сяброў і з вялікай храбрасцю спуціўся ўніз па Дзвіне»[237]. Хіба такое магло быць пры міжусобнай барацьбе?

Смяротная пагроза нямецкай агрэсіі, якая навісла над Усходняй Эўропай, патрабавала задзіночання сілаў. Яскравым сведчаннем гэтага можа быць факт, што войска Валодшы Полацкага, з якім ён у 1216 г. сабраўся ісці на Рыгу, напалову складалася з літоўцаў. Важным фактарам у арганізацыі адпору рыцарам было ўмацаванне сувязяў Полацкай зямлі з суседнімі ўсходнеславянскімі землямі, перадусім з Ноўгарадскай і Пскоўскай. Пацверджаннем гэтага з'яўляецца жаніцьба ноўгарадскага князя Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага князя Брачыслава ў 1239 г. Хаўрус Полацкай і Ноўгарадскай земляў быў важнай умовай перамогі над нямецкімі агрэсарамі на Чудскім возеры ў 1242 г., што ў далейшым палегчыла і абарону беларускіх земляў ад крыжакоў. Адзінства Полацкай, Ноўгарадскай і Пскоўскай земляў прывяло да перамогі над немцамі і ў 1262 г. пад Юр'евам. 

6. ШТО Ж ЗАВАЯВАЎ МІНДОЎГ?

Ні раздробленасць беларускіх земляў, ні літоўскія набегі на іх, ні мангола-татарскае нашэсце і нямецкая агрэсія — усё тое, што ў гістарычнай навуцы прымаецца за фактары, якія нібыта абумовілі так званую літоўскую заваёву беларускіх земляў, нельга прызнаць пераканаўчымі довадамі. Сцверджанне пра літоўскае панаванне над Беларуссю трымаецца, па сутнасці, на традыцыі, якая ідзе ад гісторычна-публіцыстычных твораў ХVІ ст. Аднак іх легендарнасць, як было паказана вышэй, не выклікае сумневу.

Немалаважную ролю ў жывучасці міфа пра літоўскую заваёву адыграла тое, што дзяржава называлася Літоўскай. Але мы ўжо паказалі, што пад час утварэння яе назоў «Літва» адносіўся не да сучаснай Летувы. Акрамя таго, не варта на ўсе выпадкі гісторыі пашыраць звыклае ўяўленне, што дзяржава атрымлівае назоў ад той сваёй часткі, якая дамінавала пад час яе ўтварэння. Заходняя балцкая зямля Прусія была ў канцы ХІІІ ст. канчаткова заваяваная немцамі і пасля анямечана. Аднак назоў свой яна не толькі не страціла, але і пашырыла на захад. У 1618 г. Прусія была далучаная да Брандэнбурга[238], аднак і пасля гэтага захавала свой назоў, які перайшоў на Брандэнбург. Дык хіба на падставе назову трэба лічыць Прусію дзяржавай не немцаў, а прусаў? Нешта падобнае адбылося і з Літвой. Заваяваная Новагародкам, яна таксама не страціла свайго назову які стаў пашырацца ў тым ліку і на сучасную Летуву. І таму як нельга лічыць, што назоў «Прусія» пашыраўся з Берліна, так і нельга лічыць, што назоў «Літва» пашыраўся з Вільні. Цікава адзначыць яшчэ адну паралель. Як назоў прусаў перайшоў на ўсходніх немцаў і яны сталі называцца прусакамі, так і назоў «літва» перайшоў на панямонскіх беларусаў, якія сталі называцца ліцьвінамі.

Прынята лічыць, што ў поўным назове дзяржавы «Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае» другая складовая частка ўлучае ў сябе беларускія і ўкраінскія землі. Аднак ёсць падставы (на жаль, на іх не звяртаецца ўвага), якія могуць гаварыць за тое, што паняцце «Рускае» стасавалася толькі да ўкраінскіх земляў, а паняцце «Літоўскае» — толькі да беларускіх земляў. Так, калі ў выніку Люблінскай вуніі 1569 г. украінскія землі перайшлі да Кароны, г. зн. да Польшчы, і, такім чынам, больш не належалі Вялікаму Княству, то летапісы апошняга, створаныя гэтым часам (Красінскага, Рачынскага, Румянцаўскі, Яўрэінаўскі ды інш.), называюць сваю дзяржаву Княствам Літоўскім і Жамойцкім[239]. Таму можна зрабіць выснову, што пад «Літоўскім» тут разумеюцца беларускія землі, а пад «Жамойцкім» — летувіскія ў сучасным разуменні. Паказальна і тое, што беларуская мова тады часамі выступала пад імем літоўскай. Так, Л.Зізаній, тлумачачы значэнне загалоўка сваёй кнігі «Катэхізіс», гаворыць, што «по-литовски — это оглашение, русским же языком нарицается беседословие»[240]. Тут значэнне слова «літоўскі» тоеснае паняццю «беларускі», якое ў сваю чаргу адрозніваецца ад паняцця «рускі». Гэтак жа і Л. Бярында ў сваім «Лексиконе» (1627) беларускую мову таксама называе літоўскай. У ХVІІІ ст. епіскап В. Садкоўскі пагражаў на слуцкім епархіяльным саборы мясцовым святарам, якія ў сваёй практыцы ўжывалі беларускую мову: «Я вас скарэню, знішчу, што б і языка не было вашаго праклятаго літовского»[241]. Гэтыя ды іншыя падобныя факты паказваюць, што паняцці «Літва» і «літоўскі» ў мінулым перш за ўсё адпавядалі сучасным паняццям «Беларусь» і «беларускі».

Застаецца яшчэ адзін довад на карысць версіі літоўскай заваёвы Беларусі, а менавіта тое, што пры канцы 40-х гадоў ХІІІ ст. у Новагародскай зямлі стаў княжыць выхадзец з Літвы Міндоўг. Але ці было гэта вынікам заваёвы Новагародка Міндоўгам? Для высвятлення такога пытання трэба прыгадаць, што многія літоўскія князі і феадалы, пацярпеўшы паразу ў міжусобнай барацьбе, перабягалі ў суседнія краі (у Ордэн, Рыгу, крывіцкія землі), дзе былі жаданымі людзьмі, там іх ахвотна прымалі, кампенсавалі страчаную маёмасць. Прыняўшы хрысціянства і атрымаўшы вайсковую сілу, яны нападалі на балцкія землі, чынячы там пагром і разбурэнні[242]. Нямала прыкладаў такіх перабежнікаў у Ордэн прывёў у сваёй кнізе Ў.Пашута.

Цікавы лёс двух нальшчанскіх перабежнікаў Суксе і Даўмонта, якія, ратуючыся ад Войшалка, уцяклі з радзімы: першы — у Рыгу, другі — у Пскоў. Яны сталі вернымі служкамі сваіх новых айчын і заклятымі ворагамі сваёй зямлі. Вось што гаворыць пра Суксе нямецкая кроніка: «Суксе нарадзіўся ў Літве, прыняўшы хрысціянства, ён жыў сярод ордэнскіх рыцараў, вызначаючыся храбрасцю і богабаяззю. Загінуў у час паходу на Літву»[243].

Гэтак сама ў дачыненні да Літвы паводзіць сябе і Даўмонт, абраны ў 1266 г. пасля прыняцця ім хрысціянства пскоўскім князем. Вось некалькі выняткаў з Ноўгарадскага І летапісу: «В лето 6774 (1266). Вложи бог в сердце Довмонту благодать свою… отомстити кровь крестьянскую, и поиде с пльсковичи на поганую Литву, и повоеваша много… и пособи бог князю Довмонту с пльсковичи и множьство много их (літвы) побиша, а инне в реце истопиша… Того же лета на зиму ходиша паки пльсковичи на Литву с князем Довмонтом. В лето 6775 (1267)… ходиша новгородцы с Ельферьем Сбысловичем и с Доумонтом с пльсковичи на Литву, и много их повоеваша»[244].

Прыклад Даўмонта паказвае, што з'яўленне ў той ці іншай зямлі князя з Літвы не можа быць доказам заваёвы яе Літвой, бо ён мог быць там не як заваёўнік, а як перабежнік ці найміт. Адсюль вынікае, што абранне ў сярэдзіне ХІІІ ст. у некаторых крывіцкіх землях князёў літоўскага паходжання было сведчаннем не ўзмацнення Літвы, а, наадварот, яе распаду і аслаблення, бо яны там былі не яе стаўленікамі, а яе ворагамі.