Выбрать главу

Такім перабежнікам, па ўсім відаць, быў і Міндоўг, бо паводзіны яго цалкам нагадваюць паводзіны іншых літоўскіх перабежнікаў. Важна зазначыць, што ўсе папярэднія звесткі пра Міндоўга характарызуюць яго выключна як найміта. Першы раз ён прыгадваецца ў дамове 1219 г., дзе разам з іншымі балцкімі князямі абавязаўся перад галіцка-валынскімі князямі ваяваць супраць палякаў[245]. Гэтак жа сама ў 1237 г. ён разам з новагародскім князем Ізяславам паводле жадання Данілы Галіцкага ваяваў з Конрадам Мазавецкім[246]. У 1245 г. Міндоўг зноў на баку Данілы Галіцкага ў яго барацьбе з чарнігаўскім князем Расціславам[247]. Дзесьці ў прамежку 1245–1246 гг. ён быў запрошаны куронамі для дапамогі ім у змаганні з немцамі. Аднак пад крэпасцю Амботэн пацярпеў страшэнную паразу і вымушаны быў адступаць. Крыжакі напалі на ягоныя ўладанні і хаця не ўзялі яго ўмацавання, аднак вельмі спустошылі зямлю[248]. Гэта не магло не прывесці да аслаблення пазіцый Міндоўга ў Літве, што і выкарысталі яго праціўнікі, У міжусобнай барацьбе, якую яны развязалі, Міндоўг пацярпеў паразу і быў змушаны ўцякаць у суседні Новагародак. Яўны намёк на ўсё гэта ёсць у Іпацеўскім летапісе, дзе гаворыцца, што Міндоўг пазней выгнаў літоўскіх князёў «за ворожьство с ними»[249]. Значыць, Міндоўг помсціў за варожае стаўленне да яго.

Для кожнага перабежніка з Літвы было абавязковым прыняцце хрысціянства: у Ордэне — заходняга, каталіцкага абраду, ва ўсходнеславянскіх землях — усходняга, праваслаўнага. Тое ж сама зрабіў і Міндоўг. Густынскі летапіс пад 1246 г. паведамляе: «Миндовг приять веру христианскую от Востока со многими своими бояры… непомнозе же сын его Войшелк пострижеся во иночество». На жаль, гэтае летапіснае паведамленне застаецца па-за ўвагай даследнікаў. І не выпадкова, бо факт прыняцця Міндоўгам хрысціянства «от Востока» пацвярджае, што ён не заваяваў Новагародак, а быў абраны тут князем, як пазней Даўмонт у Пскове. Калі б ён быў заваёўнікам, яму не патрэбна было б прымаць праваслаўе. Характэрна, што гэтак сама, як і Даўмонт уцёк у Пскоў «с 300 литвы», так і Міндоўг у Новагародак з'явіўся з многімі баярамі, якія таксама прынялі хрысціянства. Гэта дадатковае сведчанне, што Міндоўг быў адным з перабежнікаў, якія ўцякалі з Літвы з усім сваім родам і дваром.

Хоць Густынскі летапіс і пазнейшая крыніца (ХVІІ ст.), але адзначанае паведамленне, бясспрэчна, заслугоўвае поўнага даверу. Рэч у тым, што ўсе падзеі, пра якія гаворыцца тут, — гібель аўстрыйскага герцага Фрыдрыха, смерць князя Яраслава Ўсеваладавіча (бацькі Аляксандра Неўскага), прыбыццё пасольства ад папы рымскага да татараў — сапраўды адбыліся ў 1246 г. Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу строгае захоўванне летапісцам храналагічнай паслядоўнасці ў перадачы падзеяў: першая з іх адбылася 15 чэрвеня[250], другая — 30 верасня[251], трэцяя — увосень[252]. Паколькі паведамленне пра Міндоўга пастаўлена апошнім, то можна думаць, што ягонае хрышчэнне адбылося дзесьці позняй восенню ці на пачатку зімы, г. зн. пры канцы года (тады сакавіцкага, на пачатку 1247 г.). Прыняцце Міндоўгам праваслаўя трэба лічыць пачаткам яго княжання ў Новагародку ў канцы 1246 ці пачатку 1247 г. Мы не ведаем, хто быў князем у Новагародку перад Міндоўгам. Як ужо адзначалася, у летапісе пад 1237 г. узгадваўся новагародскі князь Ізяслаў[253], але нічога не вядома пра яго далейшы лёс: дакуль княжыў тут і чаму перастаў княжыць. Пазней, у 1256 г., прыгадваўся нейкі князь Ізяслаў у Свіслачы. Магчыма, што гэта былы новагародскі князь.

Новагародскія феадалы добра ведалі Міндоўга як князя суседняй Літвы і ўдзельніка супольных паходаў, напрыклад у 1237 г. Галоўнаю мэтай абрання Міндоўга новагародскім князем было жаданне выкарыстаць яго для заваёвы Літвы, што ўваходзіла ў планы багатых новагародскіх феадалаў якія імкнуліся пашырыць сваю ўладу на суседнія землі. У гэтым часе для Новагародка склаліся спрыяльныя ўмовы. Сама важная з іх тая, што Новагародскай зямлі ўдалося выйсці з-пад залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў у першую чаргу таму, што іх зямля была аслабленая мангола-татарскім нашэсцем. Адбылося гэта недзе на пачатку 40-х гадоў ХІІІ ст. Калі ў 1237 г. па волі Данілы Галіцкага супраць Конрада Мазавецкага разам з «літвой Міндоўга» выступіў і новагародскі князь, то ў міжусобнай барацьбе на баку тых жа князёў у 1245 г. выступіў толькі Міндоўг. Ва ўсялякім выпадку ўсе далейшыя дзеянні Новагародка выяўляюць у ім самастойную сілу, што, натуральна, і выклікала супраць яго адпаведную рэакцыю галіцка-валынскіх князёў. Тым часам літва як найманая сіла значна аслабела. У такой сітуацыі Міндоўг для новагародцаў быў добрай знаходкай. Пакрыўджаны сваімі суайчыннікамі, ён лепей, чым хто-небудзь, з большай зацікаўленасцю і рашучасцю мог заваяваць сваю былую радзіму. Гэты вопыт Новагарадка быў эфектыўным, таму пазней яго паспяхова выкарысталі полацкія і пскоўскія феадалы. Яны таксама далі прытулак выгнанцам з Літвы і выбралі іх сваімі князямі.

Неўзабаве Міндоўг прыступіў да заваёвы Літвы, г. зн. да выканання таго, дзеля чаго ўзялі яго новагародцы. Іпацеўскі летапіс пад 1252 г. сведчыць: «В то же лето изгна Миндовг сыновца сваего Тевтевила и Едивида, пославшю ему на войну его со вуем своим со Выконтом на Русь воевать ко Смоленьску и рече: «Што кто приемлеть собе держить», вражбою бо за ворожьство с ними Литву зане, поимана бе вся земля литовьская и, бесчисленое имение их притрено бо богатьство их, и посла на не вои свое хотя убити я»[254]. Тут, як і далей у летапісе, нібы ў люстэрку, адбілася гістарычная праўда. Як бачым, Міндоўг пайшоў на хітрасць. Падгаварыўшы сваіх пляменнікаў Таўцівіла і Едзівіда з іх дзядзькам Віконтам ісці пад Смаленск, ён паслаў наўздагон сваё войска, каб забіць іх. Відаць, Міндоўг паабяцаў ім дапамагчы, бо як інакш, не выклікаючы падазрэння, ён мог паслаць за імі сваё войска. У. Пашута гэты факт тлумачыў тым, што Міндоўг сапраўды паслаў іх ваяваць да Смаленска і нават абяцаў аддаць усё, што яны возьмуць. Больш за тое, спасылаючыся на Суздальскі і Ноўгарадскі летапісы, кожны з якіх называе розныя даты (1248, 1245 гг.), а таксама на папскага пасла Плана Карпіні, які падарожнічаў па Русі ў 1245–1246 гг., гэты даследнік сцвярджаў, быццам паход жамойцкіх князёў сапраўды закрануў полацка-віцебскія землі і паўночную частку Смаленшчыны[255]. Але далей У. Пашута прызнаў, што фактычна Міндоўг «изгна» жамойцкіх князёў[256].

Значыць, Таўцівіл, Едзівіт і Віконт (ці Вікінт) былі выгнаныя з Літвы. Гэта адбылося ў выніку таго, што Міндоўг «Літву зане, поимана бе вся земля литовьская». Прачытаеш гэтыя словы і здзіўляешся, чаму бясконца гавораць і пішуць пра заваёву Міндоўгам так званай Чорнай Русі, калі ў сапраўднасці ён «Литву зане». Гэтыя словы з выключнай яскравасцю пацвярджаюць, што Міндоўг быў у Новагародку перабежнікам, а не яго заваёўнікам. Бо калі б ён з Літвы заваяваў Новагародак, дык навошта яму было займаць Літву? Словы «поимана бе вся земля литовьская» гавораць, што Міндоўг да гэтага не валодаў ніводнай часткай яе. Значыць, ён прыбыў у Новагародак, страціўшы Літву.

Некалі М. Дашкевіч заўважыў, што даследнікі не растлумачылі словы «вражбою бо за ворожьство с ними Литву зане»[257]. І гэта зразумела, бо ў гэтых словах палягае зняпраўджанне міфа пра заваёву Міндоўгам Новагародскай зямлі, які быў узяты на ўзбраенне афіцыйнай гістарыяграфіяй. Сам М. Дашкевіч таксама не рызыкнуў парушыць казённае адзінадушша ў гэтым пытанні. Не ставілася ў навуцы і пытанне, чаму летапісы ХVІ ст. перапоўненыя байкамі пра розных міфічных жамойцкіх князёў, якія нібыта княжылі ў Новагародку, ні слова не гавораць пра гістарычна праўдзівага князя Міндоўга, які сапраўды тут быў. І толькі «Кроніка Быхаўца» перадае звесткі Іпацеўскага летапісу пра Міндоўга, выкінуўшы, аднак, адтуль словы пра заваёву ім Літвы (бо яны зняпраўдзілі б байкі гэтага летапісу пра заваёву літоўскімі князямі Новагародка і Полацка). Характэрна, што і Ў.Пашута, пераказваючы гэтае месца Іпацеўскага летапісу, таксама апусціў словы «Литву зане» і ніяк не каментуе словы «поимана бе вся земля литовьская»[258].

Гэтыя словы летапісу ясна паказваюць, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага пачалося не з заваёвы Новагародскай зямлі Літвой, а, наадварот, з заваёвы Новагародскай зямлёй Літвы. Гэтую заваёву новагародскія феадалы ажыццявілі сваімі сіламі пры дапамозе перабежніка з Літвы Міндоўга. Той, помсцячы князям Літвы за іх «ворожьство» да яго, адбіраючы ад іх «бесчисленое имение их», дзейнічаў у інтарэсах новагародскіх феадалаў. І таму не дзіўна, што феадалы Літвы ўчынілі ўпарты супраціў Міндоўгу. Адсюль яскрава бачна, што дзеянні Міндоўга вызначаліся інтарэсамі Новагародка, а не Літвы. Калі ж прыняць супрацьлеглы пункт гледжання, дык становіцца незразумелым, чаму ўтварэнню Літоўскай дзяржавы ўвесь час перашкаджаюць не беларускія, а літоўскія феадалы.