У. Пашута не меў рацыі, калі гаварыў, што «ўсё ішло параўнальна гладка, пакуль Міндоўг дзейнічаў у межах Аўкштоты, але ягоны наступ на правы жамойцкіх князёў выклікаў феадальную вайну»[259]. Гэта супярэчыць фактам. Мы ўжо не будзем казаць, што Ў.Пашута прымаў летапісную Літву за Аўкштоту, да якой Міндоўг не меў ніякага дачынення. У летапісе нічога не гаворыцца пра Жамойць. У ім сказана, што Міндоўг заняў Літву. Словы ж «поимана бе вся земля литовьская» сведчаць пра захоп не толькі «Литвы Міндоўга», але і правабярэжнай Літвы. Аднак паняцце «вся земля литовьская» ў той час не пашыралася на Жамойць. Калі пасля забойства Міндоўга Транята стаў князем Літвы і Жамойці, летапіс гэта і зафіксаваў: «Тренята нача княжити во всей земле Литовьской и в Жемоти»[260]. Пра Міндоўга ж там ні разу не сказана, і таму няма ніякіх падставаў сцвярджаць, быццам ён наступаў толькі на правы жамойцкіх князёў. Невядома таксама, чаму Ў.Пашута называў Таўцівіла і Едзівіда жамойцкімі князямі. Яны былі сынамі брата Міндоўга Даўспрунга[261], а той у дамове 1219 г. названы князем Літвы. Вікінт — жамойцкі князь, але ён быў выгнаны таму, што разам з пляменнікамі пайшоў у паход. Потым ён сапраўды быў у Жамойці. Такім чынам, нельга сцвярджаць, што толькі жамойцкія князі ўчынілі супраціў Міндоўгу. Галоўным чынам яму супрацьстаялі князі Літвы, інтарэсы якіх ён перш за ўсё закрануў.
Таўцівіл, Едзівіт і Вікінт, як і іншыя выгнаннікі з Літвы, страціўшы апору на сваёй зямлі, былі вымушаныя звяртацца па дапамогу звонку. Даведаўшыся пра намер Міндоўта забіць іх, яны ўцяклі да галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васількі, ведаючы, што прымуць іх там з радасцю. І не памыліліся.
Захоп Новагародкам Літвы не мог не выклікаць трывогі ў галіцка-валынскіх князёў. Узмацненне Новагародка ў выніку пашырэння яго ўлады на Літву давала магчымасць узяць першынства ў задзіночанні прылеглых усходнеславянскіх земляў. А на гэтую ролю прэтэндавалі самі галіцка-валынскія князі. Даніла Галіцкі добра разумеў геапалітычнае значэнне Літвы. Нездарма ён быў жанаты на сястры Таўцівіла і Едзівіда[262]. І вось, калі Міндоўг апынуўся ў Новагародку і заваяваў Літву, ён ператварыўся з ранейшага хаўрусніка галіцка-валынскіх князёў у іхнага заклятага ворага, і таму яны адразу ацанілі ўсю сур'ёзнасць становішча. Настаў прыдатны момант для ўмяшання ў справы Новагародскай дзяржавы. Даніла Галіцкі адразу накіраваў паслоў да польскіх князёў са словамі: «Яко время есть хрестьяном на поганее, яко сами имеють рать межу собою»[263]. Гэты выраз тлумачыць, чаму ў Галіцка-Валынскім летапісе адсутнічае паведамленне аб прыняцці Міндоўгам праваслаўя ў 1246 г.: яно супярэчыла б прыведзеным словам Данілы Галіцкага і рабіла б бессэнсоўным ягоны заклік да барацьбы з паганымі. Але справа, вядома, не ў паганстве, бо якраз са збеглымі феадаламі-язычнікамі галіцка-валынскія князі ахвотна ішлі на хаўрус.
Збеглыя князі Літвы накшталт іншых перабежнікаў з яе былі паслухмянымі служкамі новых гаспадароў. Тыя паслалі іх у Ордэн і Рыгу, у Жамойць і да яцьвягаў з мэтаю стварэння кааліцыі супраць новай дзяржавы, што ўрэшце і ўдалося зрабіць шляхам подкупу. Аднак калі гэтым удзельнікам кааліцыі адводзілася другарадная роля, дык на сябе галіцка-валынскія князі ўзялі галоўную задачу — барацьбу з Новагародкам як цэнтрам новай дзяржавы. Тым сама яны зноў паказалі, што для іх галоўным ворагам было не паганства, а хрысціянская Новагародская зямля, і разгарнулі супраць яе шырокі наступ адразу па трох кірунках — на Ваўкавыск, Слонім і Здзітаў, у выніку чаго «паидоста к Новугороду»[264] і «поимаша грады многы», «возвратишеся в домы»[265]. З гэтага бачна, што галіцка-валынскія князі не ставілі на той час за мэту заваёву Новагародскай зямлі: яны яе разбуралі, рабавалі і гэтым знясільвалі.
Даведаўшыся, што немцы збіраюцца дапамагчы Таўцівілу ў барацьбе з Міндоўгам, Даніла Галіцкі даў яму сваё войска і полаўцаў. З гэтай сілай Таўцівіл пайшоў у Рыгу, дзе прыняў каталіцкае хрышчэнне. Міндоўг убачыўшы, што вакол яго сціскаецца варожае кола, намерыўся дзейнічаць таксама подкупам у дачыненнях з Рыгай. Тут у яго была перавага над Вікінтам і Таўцівілам: скарбніца новагародскіх феадалаў была багатая. Але адных раскошных дароў было мала. Рыжскім біскупам Андрэем была пастаўлена ўмова: прыняць хрышчэнне ад папы, тады Міндоўг адолее ворагаў, г. зн. атрымае патрэбную дапамогу. Рымская курыя ўжо даўно ўважліва сачыла за падзеямі ва Ўсходняй Эўропе і выкарыстоўвала кожны зручны момант для пашырэння там уплыву каталіцкай царквы. Асабліва прыдатнымі ў гэтым сэнсе былі моманты варожасці і суперніцтва паміж асобнымі землямі, у прыватнасці Новагародскай і Галіцка-Валынскай. Папа рымскі Інакент ХІV не прамінуў даць згоду на хрышчэнне Міндоўга і ўручэнне яму каралеўскай кароны. Паводле Густынскага летапісу, гэта адбылося ў Новагародку ў 1252 г. (паводле некаторых іншых меркаванняў, у 1253 г.). Праз два гады такая ж карона была ўручаная ад імя папы рымскага Данілу Галіцкаму.
Становішча Міндоўга крыху палепшылася. Рыга не ваявала з ім, у ягоным войску з'явіўся нямецкі аддзел. Паміж войскамі Міндоўга і Таўцівіла адбыліся дзве бітвы і абедзве безвынікова. Пад час першай Міндоўг знаходзіўся ў сваёй роднай Варуце, і ягоныя праціўнікі абмежаваліся рыцарскім турнірам, пад час другой ужо сам Міндоўг абклаў горад Вікінта Твірымець, але, паранены, павярнуў назад. Ворагі Міндоўга добра разумелі, што сіла яго ў Новагародскай зямлі і што без знясілення яе перамога над ім немагчымая. Вось чаму Таўцівіл паслаў нейкага Рэўбу да Данілы Галіцкага з просьбай: «Поиди к Новугородку»[266]. Просьба была выкананая з задавальненнем. Даніла сабраў вялікую сілу: з ім былі ягоны брат Васілька, сын Леў і сват — палавецкі хан Цягак. Па дарозе яны ўзялі з сабою пінскіх князёў. Тыя, як сведчыць летапіс, пайшлі неахвотна. І гэта зразумела. Паход арганізоўваўся не толькі супраць Новагародка, але і супраць Літвы, якая служыла заслонай Новагародскай зямлі з паўднёвага ўсходу. А пінскім князям не хацелася варагаваць з суседзямі, з якімі ў іх даўно ўжо вызначыліся агульныя эканамічныя інтарэсы. Літва арганізавала супраціў: паслаўшы старожу на возера Зьяце, гналася за галіцка-валынскім войскам да р. Шчары. Даніла вымушаны быў зрабіць суровую вымову сваім ваякам, асабліва тым, хто не хацеў ваяваць. Супраціў Літвы быў зламаны, і «наўтрее же плениша всю землю Новогородьскую, оттуда же возвратишеся в дом свой»[267]. Аднак гэтага было недастаткова. Даніла паслаў свайго брата Васільку і сына Рамана на заходнюю частку Новагародскай зямлі — Гарадзенскае княства (гэты факт дае падставу лічыць, што яно ўваходзіла ў склад Новагародскай зямлі). Там быў захоплены Гарадзен (Горадня), а пасля таго як Даніла дадаткова «посласте многы своя пешьте и конникы», «плениша всю вотчину их и страны их»[268].
Як бачым, у выніку гэтага паходу была занятая левабярэжная Літва і ўся Новагародская зямля. І хоць Міндоўг паслаў свайго сына пад Турыйск, хоць да гэтага часу яму ўдалося падкупіць яцьвягаў, справа была прайграная і ён папрасіў у Данілы міру. Аднак умовы яго, прапанаваныя Міндоўгам, былі, відаць, непрымальныя для Данілы Галіцкага. Мір быў учынены пасля яшчэ аднаго паходу Данілы «на Литву, на Новогородок»[269].
Чамусьці Ў.Пашута нічога не гаварыў пра гэты паход, магчыма, таму, што гэтае месца летапісу выразна паказвае на знаходжанне летапіснай Літвы паміж Пінскай і Новагародскай землямі. А менавіта гэты паход прымусіў Новагародак пагадзіцца на ўмовы, прадыктаваныя Данілам Галіцкім. Вось чаму нельга паказваць заканчэння вайны 1248–1254 гг. як трыумф палітыкі і дыпламатыі Міндоўга, як гэта сцвярджаў У. Пашута, зазначаючы, што за Міндоўгам засталася Чорная Русь[270]. Пры гэтым не растлумачыў, чаму ён змяніў свой ранейшы погляд, паводле якога гэты мір быў перамогай Данілы[271], што больш адпавядае сапраўднасці. У. Пашута яшчэ пісаў: «Заваяваць Літву нікому не ўдалося»[272]. Але Літву і Новагародак ніхто і не хацеў заваёўваць. Мы бачылі, што галіцка-валынскія князі тры разы займалі Новагародскую зямлю і два разы Літву і кожны раз пасля «возвратишеся в дом свой». Для заваёвы і асабліва ўтрымання ў сваіх руках Новагародскай зямлі і Літвы ў іх проста не было сілаў: Галіцка-Валынская зямля тым часам была занятая барацьбой з мангола-татарамі і вайной за аўстрыйскую спадчыну. Вайна 1248–1254 гг. была выклікана заваёвай Літвы Новагародкам, што прывяло да пашырэння тэрыторыі і ўзмацнення Новагародскай дзяржавы. Таму галіцка-валынскія князі, якія вялі вайну з Новагародкам, мелі на мэце прымусіць яго адмовіцца ад Літвы. Яны гэтага дасягнулі. Міндоўг павінны быў здаволіцца толькі роляй князя Літвы, тым часам як Новагародак узяў сабе другога князя — Войшалка, старэйшага сына Міндоўга.