7. ПАЛІТЫКА ВОЙШАЛКА І ДРУГАЯ ЗАВАЁВА ЛІТВЫ
Як бачым, першая спроба заваёвы Літвы Ноўгародскай зямлёй скончылася няўдачай. Галоўнымі праціўнікамі гэтага былі: знутры — літоўскія феадалы, а звонку — галіцка-валынскія князі. Гэтыя дзве сілы найбольш паслядоўна змагаліся за раз'яднанне Новагародка і Літвы і давялі сваю справу да канца.
Аднак, нягледзячы на першую няўдачу і спусташэнне, якое прынеслі тры паходы галіцка-валынскага войска на Новагародскую зямлю, яе феадалы не адмовіліся ад свайго намеру заваяваць Літву. Яны ўлічылі горкі вопыт першай сваёй спробы, выканаўца якой — Міндоўг — паказаў сябе няўмелым палітыкам. Яго дзеянні выклікалі міжнародны канфлікт, цэлая кааліцыя выступіла супраць Новагародскай дзяржавы. Асабліва няўдалым палітычным манеўрам Міндоўга быў альянс з Ордэнам. Па-першае, гэта вельмі пашкодзіла балцкім землям. Міндоўг рабіў за кошт іх зямельныя ахвяраванні Ордэну і адмаўляўся дапамагаць Жамойці пад час барацьбы з немцамі. Рыцары, развязаўшы сабе рукі ўмовай з Міндоўгам, разгарнулі шырокі наступ супраць Прусіі і Жамойці. З другога боку, манеўр Міндоўга нічога не даў і Новагародку — не спыніў галіцка-валынскага наступу, што і было галоўнай прычынай няўдачы.
Улічваючы праваслаўны фанатызм будучага новагародскага князя Войшалка, можна думаць, што прыняцце Міндоўгам каталіцтва выклікала незадаволенасць новагародцаў і сталася адной з прычын пазбаўлення яго княскага пасада ў Новагародку.
Такім чынам, роля Міндоўга ў гісторыі яўна перабольшваецца. Ён фактычна не быў стваральнікам Вялікага Княства Літоўскага, як гэта да апошняга часу тлумачыцца ў літаратуры[273]. Не ён зрабіў сваёй сталіцай Новагародак[274], а Новагародак выбраў яго сваім князем. Не літоўскую ўладу ажыццяўляў тут Міндоўг[275], а быў выканаўцам дзяржаўных імкненняў Новагародка. Калі ж не апраўдаў спадзяванняў новагародскіх феадалаў, дык і страціў пасад.
Праўда, апошнім часам сцвярджаецца, што сталіцай Міндоўга быў не Новагародак, а Вільня[276]. Аднак гэта супярэчыць пісьмовым крыніцам. Нельга ігнараваць і тапаніміку: у Новагародку ёсць гара Міндоўга[277] і гай Міндоўга[278]. Вільня ж упершыню як сталіца Вялікага Княства Літоўскага прыгадваецца толькі ў 1323 г.
Мы не ведаем дакладна, калі Міндоўг пакінуў Новагародак, гэта, відаць, адбылося ў 1254 г., як быў заключаны мір з галіцка-валынскімі князямі. Але ад імя Новагародка ў гэтай акцыі ўдзельнічаў не Міндоўг, а Войшалк.
Новагародскім феадалам, як і раней, патрэбны быў князь-ліцьвін, які, захапіўшы Літву, мог бы з'явіцца там як спадчыны гаспадар. Ён меўся быць такім жа непераборлівым у сродках для дасягнення сваіх мэтаў, такім жа рашучым і вераломным, як і Міндоўг. (Будучыня паказала, што Войшалк у гэтым не толькі не саступаў свайму бацьку, але і перасягаў яго.) Адначасова патрэбны быў тонкі палітык і дыпламат, які б дзейнічаў больш дальнабачна і меў менш ворагаў, чаго не здолеў зрабіць Міндоўг. І тут новагародскія феадалы таксама не памыліліся. Нарэшце, князь гэты павінны быць больш прывязаным да Новагародка, дзейнічаць у яго інтарэсах. Міндоўг жа, як вядома, у асноўным помсціў за свае крыўды, ва ўсіх яго ўчынках бачна імкненне найперш задаволіць асабістыя амбіцыі. Ён больш прыстасоўваўся да адпаведных умоў, чым ствараў іх, сведчаннем чаго з'яўляецца яго пераход з паганства ў праваслаўе, з праваслаўя ў каталіцтва, потым зноў у паганства. Войшалк быў поўнай процілегласцю Міндоўга. Служэнне Новагародку і праваслаўю — вось тая спружына, якая рухала дзейнасць Войшалка. Тут ён нагадваў Даўмонта, які, нягледзячы на літоўскае паходжанне, верна служыў Пскову і праваслаўю, за што быў абвешчаны пасля смерці святым.
Вось такі чалавек стаў новагародскім князем. Тым часам яму было 32 гады (паводле Тацішчава, ён нарадзіўся ў 1223 г.). Першай буйной дзяржаўна-дыпламатычнай справай Войшалка было дасягненне міру з галіцка-валынскімі князямі. У летапісе сказана: «Потом же Воишелк створи мир с Данилом и выда дщерь миндовгову за Шварна, сестру свою»[279]. Прыйсці да згоды было нялёгкай справай. Князю пераможанай і знясіленай краіны трэба было дамагчыся выгаднага для сябе міру. Войшалк добра разумеў галоўны пралік Міндоўга: захоп Літвы выклікаў варожасць галіцка-валынскіх князёў. Таму яго асноўнай задачай было перацягнуць былых праціўнікаў на свой бок і на пэўны час абапірацца на іх дапамогу. Гарантыяй гэтага стала выданне дачкі Міндоўга за сына Данілы Галіцкага. Сама летапісная формула сведчыць, што ўсё было зроблена супраць волі Міндоўга. Праўда, той у 1252 г. таксама разам з пытаннем пра мір ставіў і пытанне «о сватьстве», але, відаць, на іншых умовах, і таму зараз ужо не Міндоўг выдаваў «свою дщерь», а Войшалк выдаваў «дщерь Миндовгову и свою сестру за Шварна». Але замацаванне міру праз шлюб было звычайнай з'явай, якая ў бальшыні выпадкаў не гарантавала трываласці пагаднення. Таму Войшалк пайшоў на незвычайны ўчынак. Ён аддаў Новагародскую зямлю разам з Новагародкам, Слонімам, Ваўкавыскам і астатнімі гарадамі сыну Данілы — Раману. Такі дзіўны крок сучаснікі не маглі растлумачыць інакш як імкненнем Войшалка пастрыгчыся ў манахі. У сапраўднасці ж гэта быў вельмі тонкі і дальнабачны палітычны ход. Войшалк канчаткова ўваходзіў у давер да галіцка-валынскіх князёў. У. Пашута сцвярджаў, нібыта па ўмовах міру «Чорная Русь засталася за Літвой» і «што ў ёй правіў Войшалк»[280], не тлумачачы і не аналізуючы таго, навошта патрэбна было Міндоўгу аддаваць Войшалку Новагародскую зямлю. Мы ўжо ведаем, што яна ніколі не належала Літве, а ўсё было наадварот. Больш за тое, У. Пашута гаварыў, што Міндоўг пакінуў сабе Новагародак, а Войшалку аддаў усе астатнія гарады Новагародскай зямлі, таму Войшалк перадаў Раману Новагародак ад імя Міндоўга, а Ваўкавыск, Слонім ды іншыя гарады — ад сябе. Гэта як быццам пацвярджаецца словамі летапісу: «…вдасть… Новогородок от Миндовга и от себе и Вослоним и Волковыеск и все городы». Але гэты тэкст летапісу дае падставы для розначытанняў у залежнасці ад таго, куды аднесці словы «и от себе» — да Новагародка ці да астатніх гарадоў. Затое летапісны запіс пад 1257 г. ясна гаворыць, што Войшалк ад сябе, а не ад Міндоўга перадаў Раману Новагародак: «Войшелк бе дал Новогородок Романови»[281]. Як бачым, тут летапіс не згадвае Міндоўга. Чаму ж ён фігуруе ў папярэднім тэксце? Войшалк мог прадбачыць, што ў яго адсутнасць Міндоўг мог прэтэндаваць на Новагародак і ўсю зямлю і пры зручным выпадку вярнуцца туды. Забягаючы крыху наперад, скажам, што пільнасць Войшалка не была лішняй. Хто-хто, а ён ведаў свайго бацьку. Той сапраўды, выхваляючыся, неўзабаве паабяцаў Данілу Галіцкаму, падбіваючы яго ісці на татараў (ён не мог ім дараваць нападу Бурундая на яго зямлю ў 1258 г.): «Пришлю к тобе Романа с новогородце»[282]. Відаць, ён і хацеў, карыстаючыся адсутнасцю Рамана з войскам і занятасцю галіцка-валынскіх князёў барацьбой з татарамі, нейкім чынам вярнуцца ў Новагародак. Звычайна даследнікі паказваюць на прыведзеныя вышэй словы Міндоўга як на сведчанне залежнасці ад яго Новагародка і пры Рамане. Але яны не ўлічваюць, што новагародцы аказаліся непаслухмянымі, і Міндоўгу давялося пасылаць сваё войска, тым часам як Раман прывёў «мало людий»[283].
Вось чаму Войшалк прымусіў Міндоўга пацвердзіць і ад сябе перадачу Новагародскай зямлі. Адсюль упамінанне Міндоўга пра перадачу земляў Раману сведчыць не аб прыналежнасці яму гэтай тэрыторыі, а пра канчатковае і прымусовае адрачэнне ад яе, тады як Войшалк аддаваў яе толькі да часу.
Тое, што Войшалк без хістанняў аддаваў Новагародскую зямлю галіцка-валынскім князям, сведчыць пра яго дальнабачнасць. Ён добра разумеў, што Новагародская зямля для галіцка-валынскіх князёў — адзін з сама прывабных кавалкаў, валоданне якім адчыняе дарогу да літоўскіх і полацкіх земляў. Ён таксама бачыў тыя нутраныя і вонкавыя супярэчнасці, у якія трапляла Галіцка-Валынская зямля, і таму прадбачыў яе немінучае аслабленне, у выніку якога яна не толькі не зможа ўтрымаць за сабой Новагародскую зямлю, але і сама стане аб'ектам захопу суседзяў. Вось чаму Войшалк пайшоў на такую смелую палітычную камбінацыю, як перадача Новагародскай зямлі галіцкаму князю. Апрача таго, гэта на пэўны час забяспечвала ягонай Новагародчыне мірнае жыццё.