Выбрать главу

Вартае ўвагі і тое, што Войшалк перадаў Новагародскую зямлю не Шварну, а Раману. Шварн, жанаты з сястрой Войшалка, меў бы ў выпадку перадачы яму Новагародскай зямлі законныя правы на яе. Іншая справа з Раманам. Няўдалы прэтэндэнт на аўстрыйскую карону, ён мог быць задаволены становішчам новагародскага князя, не прэтэндуючы на спадкаемства. Распальванне супярэчнасцяў паміж сынамі Данілы Галіцкага ў іх дамаганнях на Новагародскую зямлю, як мы пабачым далей, стане нязменным элементам палітыкі Войшалка і з'явіцца нават прычынай яго смерці.

Аддаўшы Новагародскую зямлю пад надзейную ахову галіцка-валынскіх князёў, Войшалк пакінуў яе. Куды ён пайшоў і з якой мэтай? Летапіс так гаворыць пра гэта: «Иде Войшалк до Галича к Данилови князю и Василькови, хотя прияти мниски чин»[284]. Прыкінуўшыся богабаязным манахам, Войшалк, аднак, настойліва ствараў умовы для дасягнення сваіх палітычных мэтаў. Ён бачыў яшчэ адну перашкоду ў задзіночанні Новагародскай зямлі з суседняй Літвой, а менавіта паганства апошняй. Дарэчы, зазначым, што ў Іпацеўскім летапісе пад 1262 г. сказана, што Войшалк стаў княжыць у Новагародку, будучы паганцам, і вылучаўся таму незвычайнай жорсткасцю. І толькі пасля, прыняўшы хрысціянскую веру, стаў іншым чалавекам. Аднак гэтае месца — пазнейшая ўстаўка ў летапіс. Густынскі летапіс пад 1246 г. ды іншыя запісы Іпацеўскага летапісу яскрава сведчаць, што Войшалк перайшоў у хрысціянства да таго, як стаў князем у Новагародку. Сваё знаходжанне ў Галіцкай зямлі Войшалк выкарыстаў для падрыхтоўкі хрышчэння літвы, для чаго патрэбны былі значныя рэлігійныя сілы. Іх, відаць, не хапала ў самога Новагародка, на землях якога не было тады яшчэ ніводнага манастыра. Таму Войшалк тры гады знаходзіўся ў Палонінскім манастыры, дзе збіраў манахаў для заснавання манастыра ў Новагародскай зямлі. Мала таго, ён пайшоў у Грэцыю, у Афонскі манастыр, зноў жа, відаць, з мэтай прывесці і адтуль манахаў. Аднак з прычыны вайсковых перашкодаў вымушаны быў, дайшоўшы да Балгарыі, вярнуцца з дарогі. Ён цалкам увайшоў у давер да галіцка-валынскіх князёў. Выказвалася меркаванне, што Войшалк знаходзіўся ў Галіцкай зямлі ў якасці закладніка, што гарантавала бяспеку Рамана ў Новагародку. Такая магчымасць не выключаная. Але як бы там ні было, галіцкія князі паверылі ў яго намер аддацца выключна манаскаму жыццю (сведчаннем чаго былі манахі, якіх ён браў з сабою) і адпусцілі яго. Гэта была вялікая дыпламатычная перамога Войшалка. Яму толькі тое і трэба было. У летапісе не занатаваная дакладная дата вяртання Войшалка ў Новагародскую зямлю. Увесь ягоны жыццяпіс дадзены пад 1262 г. Аднак, беручы пад увагу, што ён пакінуў Новгародак у 1254 г., прабыў у Палонінскім манастыры тры гады, ды яго падарожжа цягнулася не менш за паўгода, можна меркаваць, што Войшалк вярнуўся дадому не пазней як на пачатку 1258 г. Пасля вяртання ён не раскрыў адразу сваіх палітычных намераў. Войшалк працягваў насіць маску богабаязнага манаха і заснаваў манастыр. Тое, што гэты манастыр знаходзіўся паміж Новагародкам і Літвою, сведчыць пра яго галоўнае прызначэнне — стаць у далейшым асяродкам хрышчэння паганскай літвы.

Заснаваўшы манастыр і дзеля прыліку пасяліўшыся ў ім, Войшалк перайшоў да ажыццяўлення галоўнай мэты — вызвалення ад галіцка-валынскай залежнасці. Але, каб зрабіць гэта, трэба было знайсці іншага хаўрусніка. Тут Войшалк звярнуў увагу на Полацак, дзе тым часам княжыў Таўцівіл.

Калі і як з'явіўся ён у Полацку? Адны лічаць, што Таўцівіл быў залежным ад Міндоўга і стаў княжыць у Полацку дзякуючы яму[285]. Другія сцвярджаюць, што Таўцівіл пашырыў сваю ўладу на Полацак у тым часе, калі пасля прыбыцця ў Рыгу яму абяцалі дапамагаць «божии дворяне и бискуп и вся воя рижская»[286]. Аднак ніводнай з гэтых спрэчных думак нельга даць веры. Таўцівіл ніколі не мірыўся з Міндоўгам, ніколі не залежаў ад яго і ні з яго дапамогай, ні з дапамогай рыжанаў не пашыраў сваёй улады на Полацак. Верагодней за ўсё, што Таўцівіл (як і Едзівід) быў князем у правабярэжнай Літве, шчыльна звязанай з Полацкай зямлёю. Вось чаму ён больш за ўсё і быў незадаволены ўладай Міндоўга і адыграў у далейшым асноўную ролю ў перамозе над ім і выгнанні яго з Літвы. Не дзіўна, што Міндоўг, стаўшы новагародскім князем, перш за ўсё намерыўся расправіцца з ім. Таўцівіл, як вядома, у сваёй барацьбе з Міндоўгам уступіў у хаўрус з галіцка-валынскімі князямі. Але тыя, дасягнуўшы сваёй мэты — раз'яднання Новагародка і Літвы, страцілі ўсялякую цікавасць да Таўцівіла і не падумалі дапамагчы яму ўсталявацца ў Літве. Ды ў летапісе ж і сказана, што Даніла на Таўцівіла «гнев имеющу»[287]. Таму зразумела, што ён, затаіўшы гнеў на свайго былога хаўрусніка, вымушаны быў шукаць сабе іншых гаспадароў. І знайшоў іх у асобе полацкіх феадалаў. Яны не маглі не бачыць, што Літва дажывае апошнія дні свайго палітычнага існавання. Толькі было няпэўна, каму дастанецца яна. Правабярэжная Літва ўжо даўно была ў залежнасці ад Полацка, адкуль ён чэрпаў матэрыяльныя сродкі і вайсковую сілу. Але адкрыта далучыць яе да сябе Полацак не наважваўся. На Літву, апрача яго, было яшчэ некалькі прэтэндэнтаў: Новагародак, Валынь, Жамойць. Таму захоп яе мог выклікаць вялікія ўскладненні: прыклад Новагародка быў яшчэ свежы ў памяці. Заставалася чакаць зручнага моманту. А пакуль, каб умацаваць свае пазіцыі ў гэтым складаным суперніцтве, Полацак намерыўся па прыкладзе Новагародка прыдбаць законнага спадкаемца Літвы. У гэтым галоўная прычына з'яўлення Таўцівіла на полацкім пасадзе. Немалое значэнне ў выбранні яго полацкім князем было і тое, што Таўцівіл меў пэўны ўплыў у Літве, пра што сведчыць і летапіс: «Литовьская земля в руку бе их»[288]. А полацкім феадалам асабліва патрэбная была ў гэтым часе немалая вайсковая сіла, і, беручы да сябе Таўцівіла, яны разлічвалі на яго ўплыў у Літве, у чым і не памыліліся. У паходзе 1258 г. на Смаленск удзельнічалі аб'яднаныя сілы Полацка і Літвы. Абранне Таўцівіла полацкім князем пацвердзіла і тое, што ён быў з правабярэжнай Літвы і меў цесныя сувязі з Полацкам і, магчыма, сваяцтва з яго князямі.

Войшалк быў упэўнены, што атрымае дапамогу ад Таўцівіла, бо той быў зацікаўлены ў аслабленні Галіцка-Валынскай зямлі, чаму садзейнічала вызваленне з-пад яе залежнасці Новагародка. Акрамя гэтага, Войшалк ведаў, што ён лёгка дамовіцца з Таўцівілам і таму, што той захаваў гнеў на галіцка-валынскіх князёў. Дзякуючы Таўцівілу і праз вераломства Войшалк схапіў Рамана Данілавіча (і, магчыма, забіў яго), стаўшы такім чынам паўнапраўным гаспадаром Новагародскай зямлі. Адбылося гэта ў 1258 г., незадоўга да паходу Бурундая і Васількі на Літву. Апошні пад час гэтага паходу шукаў Рамана па гарачых слядах.

Толькі цяпер галіцка-валынскія князі ўбачылі далёкасяжныя планы Войшалка і зразумелі, якую яны зрабілі памылку, адпусціўшы яго. Вядома, дзеянні Войшалка яны не пакінулі без пакарання. Даніла Галіцкі пайшоў на Новагародскую зямлю, захапіў Ваўкавыск, марна шукаў ворагаў сваіх — Войшалка і Таўцівіла. Пасля паслаў атрад на Зэльву, а сына Льва — на Гарадзен. Аднак галіцка-валынскія князі не мелі моцы, каб справіцца з Войшалкам і вярнуць сабе Новагародскую зямлю. Яны ўсё больш падпадалі пад уладу мангола-татараў, якія ў тым жа 1258 г. прымусілі іх удзельнічаць у паходзе на Літву, куды і пайшоў Васілька. Цікава, што Бурундай, ідучы на Літву і разбіўшы яе, пакінуў у спакоі Новагародскую зямлю. У гэтым таксама нельга не бачыць дыпламатычнага поспеху Войшалка, які, відаць, звярнуў увагу Бурундая на тое, што новагародцы, па сутнасці, сарвалі паход Данілы Галіцкага на Кіеў праз Вязвягль, накіраваны супраць татараў[289].

На гэты час прыпадае пачатак адкрытай варожасці паміж Войшалкам і Міндоўгам. Летапіс адзначае, што, пасля таго як Войшалк стаў жыць у заснаваным ім манастыры, «отец же его Миндовг укоревашеться ему по его житью, он же на отца своего не любовашеть вельми»[290]. У. Пашута тлумачыў гэту варожасць тым, што Войшалк прыняў хрысціянства. Але, па-першае, Войшалк быў хрысціянінам, прынамсі, ужо з 1246 г., а летапіс гаворыць пра пагаршэнне дачыненняў паміж імі пасля заснавання Войшалкам манастыра, г. зн. пасля 1258 г. Па-другое, трэба ўлічваць, што варожасць была ўзаемная. Вядома, яе карані не ў рэлігійных разыходжаннях. Яе прычынай было нарастанне варожасці паміж Новагародком і Літвой. Міндоўг не мог не бачыць, што манастыр, заснаваны Войшалкам на мяжы з Літвой, прызначаўся для яе хрышчэння, якое магло ажыццявіцца толькі пасля захопу.