Выбрать главу

З другога боку, тонкі палітык, Войшалк бачыў нетрывалае становішча Міндоўга, хоць нібыта здавалася, што Міндоўг дасягнуў сваёй мэты — аб'яднання балцкіх земляў. Сапраўды, пасля перамогі Літвы ля возера Дурбе ў 1260 г. Жамойць ўзнялася на барацьбу з Ордэнам, звярнуўшыся да Міндоўга па дапамогу, пры гэтым згаджаючыся прызнаць яго ўладу. Зазначым, што Міндоўг заўсёды станавіўся зброяй тых, хто яму прапаноўваў уладу: яшчэ ў 1246 г. ён прыняў запрашэнне новагародцаў стаць у іх князем, а ў 1251 г. ён, апынуўшыся ў крытычным становішчы, прыняў каралеўскую карону і ўступіў у альянс з Ордэнам, які выкарыстаў гэта ў барацьбе з Жамойцяй. Цяпер Міндоўг таксама не адмовіўся ад прапановы жамойцкага князя Траняты прыняць уладу над Жамойцяй. Ён парывае з Ордэнам, адракаецца ад хрысціянства і зноў пераходзіць у паганства. Вось гэты час і меў на ўвазе летапісец, гаворачы пра Міндоўга: «…И нача княжити один во всей земле Литовской и нача гордети вельми и вознеся гордостью и славою великою и не творящу противо себя никакого же»[291]. Гэтыя словы заўсёды падаюцца даследнікамі як сведчанні вялікай дзяржаўнай сілы Міндоўга. Аднак гісторыя на гэтым не спынілася, і яе далейшы ход паказаў зусім адваротнае. Тут будзе дарэчы нагадать словы Л. Любаўскага, што ў літоўскіх землях «абазначыўся ўжо сацыяльны падзел грамадства, з'явіліся зародкі дзяржаўнай улады, але ўсё гэта было пакуль простым фактам, не набыло цвёрдага юрыдычнага характару і таму было хісткім і зменлівым»[292]. Далейшыя падзеі яскрава пацвердзілі гэта. Сапраўды, Міндоўг стаў ахвярай палітычнай камбінацыі Траняты, якому была патрэбная не столькі ўлада Міндоўга, колькі дапамога Літвы ў барацьбе з Ордэнам. І калі гэтая барацьба скончылася перамогай Жамойці, адразу ж пачалося суперніцтва феадалаў Жамойці і Літвы, вонкавай праяваю чаго была ўзаемная варожасць паміж Транятам і Міндоўгам.

Транята зрабіў усё, каб аслабіць Міндоўга. Так, ён падбіў апошняга на паход зімой 1261/62 г. у Лівонію, абяцаючы, быццам на дапамогу яму прыйдуць крывічы, а лівы і латышы паўстануць супраць немцаў. Аднак нічога гэтага не адбылося. Міндоўг вымушаны быў ні з чым вярнуцца з Лівоніі[293]. Здрада Траняты была відавочнай, і Міндоўг павінны быў выслухаць дакоры нават сваёй жонкі за тое, што «дарэмна слухае такую малпу, як Транята», які прадае яго, што дарэмна адрокся ад каталіцтва і парваў сувязі з Ордэнам. Міндоўг мусіў прызнаць, што паступіў неразумна, але вяртацца назад не можа[294].

Сапраўды, хаўрус з Ордэнам і быў галоўнай сілай, якая трымала Міндоўга, бо ён не меў цвёрдай нутраной апоры нават у сваёй Літве. Таму, парваўшы з Ордэнам, ён убачыў хісткасць свайго становішча і міжволі павінны быў, як ён сам сказаў, кіравацца ўказаннямі Траняты і жамойтаў[295], якія не маглі дараваць яму хаўрус з Ордэнам і не хацелі мірыцца з яго ўладай. У асяроддзі жамойцкіх феадалаў узнікла змова з мэтаю забіць Міндоўга. На бок Траняты перайшоў і нальшчанскі князь Даўмонт, у якога Міндоўг забраў жонку. Без хаўрусу з Нальшчанамі, якія знаходзіліся паміж Жамойцяй і Літвой, Транята, вядома, не мог і марыць пра авалоданне Літвой. Нальшчаны, як адзначала адна нямецкая кроніка, былі спрэчнай тэрыторыяй паміж Жамойцяй і Літвой[296] (гэтае сведчанне, дарэчы, можа паказваць на тое, што Аўкштота выступала пад назовам Жамойці). Таму, згаварыўшыся з нальшчанскім князем Даўмонтам, Транята атрымаў вялікую перавагу над Міндоўгам.

Міндоўг бачыў усё гэта і намерыўся ў барацьбе з жамойцкімі і нальшчанскімі феадаламі выкарыстаць такі ж спосаб, што і ў 1248 г. у барацьбе з Таўцівілам, Едзівідам і Вікінтам. Ён паслаў шмат каго з іх, у тым ліку і Даўмонта, ваяваць за Дняпро, пад Бранск[297], мяркуючы расправіцца са сваімі ворагамі. Аднак змоўнікі перахітравалі яго. Даўмонт вярнуўся з дарогі назад, дагнаў Міндоўга, забіў яго і двух ягоных сыноў. Забойства Міндоўга азначала крах справы аб'яднання балцкіх земляў вакол летапіснай Літвы.

Стаўшы князем «во всей земле Литовской и Жемоти»[298] Транята не мог адчуваць сябе ў бяспецы, ведаючы, што ў Полацку і Новагародку сядзяць такія ж, як і ён, законныя спадкаемцы Літвы. Таму ён вырашыў расправіцца паасобку з Таўцівілам і Войшалкам. Першага ён выклікаў да сябе пад выглядам запрашэння дзяліць «землю і добыток Миндовгов»[299]. Намер быў просты: забіць Таўцівіла, захапіць полацкіх баяраў, якія прыехалі з ім, і, карыстаючыся гэтым, навязаць Полацку сваю волю і князя.

Таўцівіл паехаў да Траняты з такім сама контрнамерам: забіць Траняту, завалодаць ягоным пасадам і далучыць Літву да Полацка. План гэты быў, бясспрэчна, прадыктаваны Таўцівілу полацкімі феадаламі. Дзеля гэтага яны ўзялі яго да сябе. Не дзіўна, што Таўцівіла суправаджала цэлая світа полацкіх баяраў, каб трымаць яго пад сваім кантролем і дапамагчы ў ажыццяўленні забойства Траняты. Аднак гэтаму плану не суджана было збыцца: Транята апярэдзіў. Намер Таўцівіла выдаў полацкі баярын Пракоп. Ён, мабыць, належаў да партыі тых полацкіх баяраў, якая змагалася за хаўрус з Смаленскам. Таўцівіл быў забіты, а полацкія баяры захопленыя. Рабілася спроба захапіць і забіць сына Таўцівіла, які знаходзіўся ў Полацку, але палачане дапамаглі яму ўцячы ў Ноўгарад. Гэты факт пацвярджае меркаванне, што Таўцівіл некалі быў не прызначаны ў Полацак Міндоўгам, як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, а выбраны полацкім вечам, якое лічыла яго законным князем, і таму палачане не выдалі ягонага сына.

Палачане, апынуўшыся ў складаным становішчы, мусілі пайсці на часовую ўступку Траняту і прыняць ад яго князя. Ноўгарадскі І летапіс, адзіная крыніца, якая паведамляе пра гэта, не называе імя стаўленіка Траняты ў Полацку. Выказвалася меркаванне, што гэтым князем быў Гердзень[300], сын полацкага князя Давыда Расціславіча[301]. Значыць, Транята фактычна пасадзіў у Полацку не літоўскага князя, а полацкага князя з Нальшчанаў. Гэта магло б быць яшчэ адным сведчаннем на карысць таго, што палачане нават у цяжкі момант сваёй гісторыі не бралі да сябе князёў іншых дынастый. Аднак катэгарычна сцвярджаць, што гэтым князем быў Гердзень, нельга, бо ў крыніцы пра гэта сказана вельмі цьмяна.

Забойства Таўцівіла вывела Полацак з далейшай барацьбы за літоўскую спадчыну. Цяпер была чарга Войшалка. Але той аказаўся больш хітрым і дальнабачным, каб за нішто ісці ў рукі Траняты. Пачуўшы пра забойства Міндоўга, «Войшелк убоявся того же и бежа до Пинська и ту живяшеть»[302]. Гэтыя словы летапісу сведчаць, што Войшалк разгадаў намер Траняты. Але не адзін толькі страх і не ён перадусім гоніць Войшалка ў Пінск, што і паказалі наступныя падзеі. Перацягнуўшы на бок Новагародка пінянаў, якія ўжо даўно адчувалі на сабе цяжар залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў, Войшалк уважліва сачыў за падзеямі ў Літве, не спяшаючыся з адкрытым умяшаннем у яе справы. Ён добра разумеў, што феадалы Літвы не будуць мірыцца з жамойцкім панаваннем, і, можна думаць, раздзімаў гэтыя супярэчнасці, што і дало свой плён. Транята быў забіты конюхамі-парабкамі Міндоўга[303]. Смерць Траняты азначала крах намераў жамойцкіх феадалаў аб'яднаць балцкія землі вакол Жамойці.

Цяжка пагадзіцца з думкай, што падзеі пасля смерці Міндоўга «зноў пацвердзілі нутраную цвёрдасць Літоўскай дзяржавы»[304]. Наадварот, падзеі да і пасля смерці Міндоўга пацвердзілі нутраную слабасць Літвы. Галоўнай прычынай гэтай слабасці быў непераадольны антаганізм паміж Літвой і Жамойцяй. За кароткі перыяд 1260–1263 гг. ідэя аб'яднання балцкіх земляў як вакол Літвы, так і вакол Жамойці канчаткова наказала сваю нежыццяздольнасць.

Войшалк быў адным з тых людзей, якія разумелі ўсю марнасць асобнага ад славянскіх земляў аб'яднання балцкіх і таму назаўсёды звязаў свой лёс з Новагародкам. Паміж Жамойцяй і Літвой не было і не магло быць трывалых эканамічных сувязяў. Апрача таго, летапісная Літва, абкружаная амаль з усіх бакоў славянскімі землямі і ўсеяная славянскімі калоніямі, вядома, не магла быць прыцягальнай для Жамойці з яе кампактнай тэрыторыяй і аднародным паганскім насельніцтвам. Феадалы Літвы і Жамойці не мелі дастатковай моцы, каб узяць верх адны над другімі. Усё гэта не пацвярджае меркавання, што Літва ў выніку ўсталявання ў ёй манархічнай улады Міндоўга мацнела. Наадварот, як мы бачылі, манархічная ўлада Міндоўга выклікала яшчэ большы антаганізм паміж Літвой і Жамойцяй. Дзеля аб'яднання іх ды іншых балцкіх земляў патрэбны быў іншы цэнтр, якім і стаў Новагародак.