Выбрать главу

Пра тое, як сфальшаваў Стрыйкоўскі гісторыю ў кірунку перабольшвання жамойцкай сілы і небяспекі, яскрава сведчыць такі факт, прыведзены некалі М. Дашкевічам. Усходнеславянскі летапіс пад 1089 і 1103 гг. паведамляў, што на рускую зямлю напалі «прузи», г. зн. саранча. Пад пяром польскага краніста ХV ст. Я. Длугаша «прузи» ператварыліся ў прусаў, адно з балцкіх плямёнаў. Стрыйкоўскі ж, беручы гэтае месца ў Длугаша, да прусаў дадаў яшчэ літву і яцьвягаў. Так былі ўнесены ў «Кроніку» прыдуманыя напады прусаў, літвы і яцьвягаў на рускую зямлю[11].

Такім чынам, у ХVІ ст. у Маскоўскай дзяржаве і ў Вялікім Княстве Літоўскім узнікла версія пра заваёву Беларусі Літвой. Толькі ў «Сказании о князьях владимирских» даводзілася, што літоўскія князі зрабілі гэта па даручэнні маскоўскага князя, а летапісы, створаныя ў Вялікім Княстве, і «Кроніка» Стрыйкоўскага сцвярджалі, што жамойцкія князі з сваёй ініцыятывы ўзялі пад апеку беларускія землі, спустошаныя татарамі. Кожны з гэтых варыянтаў, як мы бачылі, адпавядаў палітычным мэтам іх стваральнікаў. У далейшым гістарычная навука высветліла, што не існавала ніякіх ні Мантвіла, ні Ердзівіла, ні Мінгайлы, ні Гінгвіла. Аднак міф пра літоўскую заваёву Беларусі застаўся. Замест іх былі знойдзеныя іншыя кандыдаты на ролю заваёўнікаў, у прыватнасці Міндоўг, які да сённяшняга дня фігуруе ў гэтай ролі.

Жывучасць версіі пра літоўскую заваёву Беларусі тлумачыцца тым, што яна была выкарыстана расейскай дакастрычніцкай гістарыяграфіяй з мэтай пацвярджэння рэакцыйнага тэзіса пра выратавальнае значэнне для Расейскай імперыі самадзяржаўя. Афіцыйныя гісторыкі сканструявалі схему, паводле якой Расея ў выніку заняпаду самадзяржаўя слабела, а Літва нібыта ў выніку зараджэння ў ёй моцнай манархічнай улады Міндоўга мацнела і таму стала для Расейскай дзяржавы такім жа страшным ворагам з захаду, як татары з усходу. В. Тацішчаў казаў: «Тогда татары, нашед, всем обладали, литовцы бывшую под властию многую часть государства отторгнули»[12]. Тое ж самае паўтарыў і С. Салаўёў: «Русь находилась между двумя страшными врагами: татарами с востока и Литвой с запада»[13]. Гэта сцвярджалі і іншыя гісторыкі ХІХ ст. Не дзіўна таму, што ў дакастрычніцкай гістарыяграфіі тэзіс пра літоўскую заваёву стаў догмай.

На жаль, і ў савецкай гістарыяграфіі пытанне ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага не атрымала дэталёвага асвятлення. Таму ў падручніках і працах па гісторыі літоўская заваёва Беларусі прымаецца безумоўна як нешта добра вядомае. Пра гэта сведчыць і кніга Ў.Пашуты «Образование Литовского государства» (1959), а таксама адпаведныя артыкулы «Советской исторической энциклопедии» ды іншыя выданні. Вось характэрнае для сённяшняй гістарычнай навукі тлумачэнне прычын літоўскай заваёвы Беларусі і ўтварэння Літоўскай дзяржавы: «Літоўскія князі са сваімі дружынамі, карыстаючыся феадальнай раздробленасцю заходніх земляў Русі і Польшчы, часта ўрываліся ў іх прасторы. Уварванне літоўцаў у заходнія землі Русі стала асабліва частым з другой паловы ХІІ ст. У 20-х гадах ХІІІ ст. дружыны літоўскіх князёў гаспадарылі ў Полацкай зямлі, нападаючы адсюль на паўднёвыя ўскраіны Смаленскага княства і Чарнігаўшчыну. Літоўскія князі, скарыстаўшы цяжкую барацьбу рускага народа з татара-манголамі на ўсходзе і нямецкімі агрэсарамі на захадзе, сталі падначальваць сваёй уладзе землі заходняй Русі. Адзін з літоўскіх князёў Міндоўг падначаліў сабе другіх князёў Літвы і захапіў землі па верхнім цячэнні Нёмана. Гэтым быў пакладзены пачатак стварэнню Літоўскай дзяржавы. Утварэнне яе вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў, якія хацелі ўмацаваць сваё панаванне над літоўскім сялянствам і ўсталяваць сваю ўладу ў суседніх землях Русі»[14].

Такім чынам, тут вызначаны наступныя моманты захопу літоўскімі феадаламі беларускіх земляў:

1) раздробленасць беларускіх земляў і, як вынік гэтага, іх слабасць;

2) частыя літоўскія набегі на гэтыя землі;

3) цяжкая барацьба беларускіх земляў з мангола-татарамі і нямецкімі агрэсарамі як фактар, які спрыяў іх заваёве літоўскімі феадаламі;

4) захоп Міндоўгам беларускіх земляў па верхавіне Нёмана як пачатак утварэння Літоўскай дзяржавы; 5) утварэнне яе вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў. 

2. ЦІ ТОЛЬКІ РАЗДРОБЛЕНАСЦЬ І СЛАБАСЦЬ?

Раздробленымі, зацягнутымі ў твань міжусобіц і слабымі паказаны ў даследваннях і падручніках па гісторыі беларускія землі ХІІ-ХІІІ стст. Яны быццам спыніліся ў сваім развіцці і толькі чакалі, калі хто-небудзь іх заваюе і збярэ ў адзінае цэлае, што нібыта і зрабіла Літва (сучасная Летува), дзе ў выніку развіцця феадалізму ўтварылася дзяржаўная ўлада, абапіраючыся на якую феадалы прыгняталі сваіх сялян і заваёўвалі чужыя землі. Чаму не магла ўтварыцца дзяржава на беларускіх землях, дзе феадалізм узнік на некалькі стагоддзяў раней, чым на летувіскіх, і як абыходзіліся беларускія феадалы без дзяржаўнай улады, на гэтыя, як і на іншыя падобныя, пытанні гісторыкі чамусьці адказу не даюць.

Такі погляд на беларускія землі таго часу вынікае з пашыранай у гістарычнай навуцы догмы, паводле якой аб'яднанне Беларусі і ўтварэнне беларускай народнасці і культуры адбывалася ў ХІV-ХVІ стст. пасля так званай літоўскай заваёвы Беларусі[15]. У сапраўднасці ж усё было інакш. Працэс збірання паасобных гістарычных абласцей Беларусі ў адзінае цэлае і ўтварэнне беларускай народнасці і культуры пачаўся значна раней. Як адзначыў акадэмік Б. Д. Грэкаў, «распад Кіеўскай дзяржавы перш за ўсё вынік росту асобных яе складовых частак, кожная з якіх стала праводзіць сваю ўласную палітыку, маючы на ўвазе ўласныя мэты»[16]. Гэтым і было абумоўлена з'яўленне новых эканамічных і палітычных цэнтраў, вакол якіх і пачалі фармавацца тэрыторыі ўсходнеславянскіх народнасцяў (расейскай, украінскай, беларускай).

Першапачатковым ядром фармавання тэрыторыі Беларусі была Полацкая зямля. Як сведчаць навуковыя даследванні, Полацкае княства, якое жыло «сваім асобным жыццём з першага свайго з'яўлення на гістарычнай сцэне»[17], было «найбольш самастойнай палітычнай адзінкай старажытнай Русі»[18]. Размешчаная на скрыжаванні найважнейшых гандлёвых шляхоў і аб'яднаная імі, Полаччына эканамічна ўмацавалася і абагнала ў сваім развіцці некаторыя іншыя ўсходнеславянскія землі[19]. Адрозна ад усіх іх яна мела сваю княскую дынастыю Ізяславічаў. Тут склалася багатая арыгінальная культура[20].

Як адзначыў Л. Аляксееў, феадальны клас Полаччыны «раней за феадалаў іншых земляў пачаў пашыраць сваю абласную тэрыторыю»[21]. Вось чаму Полацкае княства, якое ўзнікла ў ІХ-Х стст. на невялікай тэрыторыі па Заходняй Дзвіне ў раёне ракі Палаты[22], ужо пад канец ХІ ст. «ахоплівала большую частку сучаснай Беларусі. Яно ляжала ў асноўным па Заходняй Дзвіне, Нёмане і Бярэзіне з іх прытокамі»[23]. Хоць на пачатку ХІІ ст. княства падзялілася на асобныя ўдзелы, пашырэнне яго тэрыторыі працягвалася. Найбольш моцны з полацкіх удзелаў — Менскі — выступаў супернікам Полацка ў далейшым збіранні беларускіх земляў. Менскі князь Глеб Усяславіч выкарыстоўваў зручнае геаграфічнае становішча свайго княства, якое, знаходзячыся на мяжы Нёманскага і Дняпроўскага водападзелаў, займала ключавыя пазіцыі на важных гандлёвых шляхах. Ён імкнуўся далучыць да сваіх уладанняў паўднёвыя (прыпяцкія), заходнія (нёманскія) і ўсходнія (дняпроўскія) землі. Дзеля дасягнення гэтых мэтаў ён ажыццявіў паходы на Слуцак (1116 г.) і разам з палачанамі — на Новагародскую і Смаленскую землі (1119 г.)[24]. Такім чынам, ужо ў намерах Глеба Менскага акрэсліваюцца ў асноўным контуры будучай Беларусі і цэнтральнае становішча ў ёй Менска.

Аднак пашырэнне тэрыторыі Полацкай зямлі «не магло не прывесці да сутычкі з інтарэсамі феадалаў суседніх земляў»[25]. Полацкія князі рабілі напады на Ноўгарад, Пскоў, Смаленск. Кааліцыйныя сілы суседзяў у сваю чаргу спусташалі Полацкую зямлю, разбуралі яе гарады, нават на некаторы час пазбаўлялі яе самастойнасці і далучалі да Кіева, як, напрыклад, Полацка ў 980 г., Менска ў 1119 г., Полацка ў 1129 г. Аднак раздробленасць, якая была вынікам феадальнага спосабу вытворчасці, з'яўлялася на той час заканамерным і прагрэсіўным этапам гістарычнага развіцця. Таму яе нішто не магло спыніць. Вось чаму ніякія захады кіеўскіх князёў не маглі стрымаць далейшага палітычна-эканамічнага развіцця Полацкай зямлі. Феадальная раздробленасць, як слушна адзначаюць даследнікі, перш за ўсё праявілася ў Полацкай зямлі, што сведчыла пра яе больш высокае сацыяльна-эканамічнае развіццё параўнальна з некаторымі іншымі землямі[26]. Гэта і было прычынай таго, што яна, вызваліўшыся з-пад апекі кіеўскіх князёў, у сваю чаргу сама стала дзяліцца на ўдзелы. У кожным з іх замацаваўся той ці іншы род полацкіх князёў. Аднак па-ранейшаму для ўсіх іх быў прывабны Полацкі пасад, які меў значэнне вялікакняскага і за які пачалася паміж імі барацьба. Яна дасягнула найбольшай вастрыні ў 50-60-х гадах ХІІ ст.