З Новагародка і прыйшла сіла, якая пачала аб'ядноўваць у адзінае цэлае Новагародскую, Пінскую, Літоўскую, Полацкую землі. Войшалк, даведаўшыся, што Транята забіты, а Літва і Жамойць ў стане разгубленасці і безуладдзя, зразумеў, што прыйшла пара дзейнічаць. Гэтага ён толькі і чакаў. Ён распачаў непасрэдную рэалізацыю той мэты, якой не ўдалося здзейсніць Міндоўгу, калі той быў новагародскім князем, — поўнай і канчатковай заваёвы Літвы. У. Пашута, грунтуючыся на запісах Ноўгарадскага І летапісу, сцвярджаў, што апорай Войшалка былі «вои отца и приятели»[305]. Аднак галіцка-валынскі летапісец, які, бясспрэчна, лепш ведаў сапраўднае становішча ў суседніх землях, сведчыў пра іншае: «Войшелк поиде с Пиняны к Новогороду и оттоле поя со собою Новогородце и поиде в Литву княжить»[306]. Вядома ж, ні ў Пінску, ні ў Новагародку вояў Міндоўга не было. Войшалк у заваёве Літвы абапіраўся толькі на сілы Новагародка і Пінска. Паказальна, што Ў.Пашута ў сваёй кнізе не прывёў гэтага летапіснага сведчання. Тое ж сама мы бачым і ў сучаснага даследніка Э. Гудавічуса, які, робячы мантаж з летапісных звестак 1263–1265 гг., не ўлучыў у яго прыгаданага паведамлення[307]. У дадзеным выпадку важна не тое, што паказваецца, а тое, што замоўчваецца. Замоўчваецца ж галоўнае: Войшалк заваёўваў Літву ды іншыя балцкія землі з Новагародка сіламі пінянаў і новагародцаў. Такім чынам, тое, што было крыху зацемненае ў дачыненні заваёвы Міндоўгам Літвы з Новагародка, тут, у дачыненні Войшалка, ужо выступае адкрытым тэкстам. Як сведчыць далей летапіс, «Литва же вся прияше и с радостью своего господитича»[308], г. зн. прыхільна сустрэла Войшалка, як свайго законнага гаспадара. На гэта і разлічвалі новагародскія феадалы, калі бралі Войшалка сваім князем. Але, відаць, прыязна ставіліся да Войшалка толькі ў «Літве Міндоўга», тым часам як астатняя Літва ўчыніла супраціў Войшалку. У летапісе пад 1264 г. чытаем: «Воишелк же нача княжити во всей земле Литовской и поча вороги свои убивати, изби их бесчисленное множество, а друзии разбегошося камо кто видя»[309]. Характэрна, што і гэтае месца апусціў Э. Гудавічус, а Пашута далучыў яго да заваёвы Войшалкам Нальшчанаў і Дзяволтвы. Усё гэта сведчыць пра тое, што Войшалку супраціўляліся літоўскія феадалы, што менавіта яны былі галоўнымі ворагамі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага і што Войшалк, будучы правадніком палітыкі новагародскіх феадалаў, жорстка расправіўся з літоўскімі феадаламі, бальшыня якіх была знішчаная, а частка разбеглася.
Але моцы Новагародка і Пінска хапіла Войшалку толькі для заваёвы Літвы. Бачачы гэта, ён зноў пайшоў на альянс з галіцка-валынскімі князямі. Магчыма, бярог уласныя сілы і хацеў грэбці жар чужымі рукамі. Нялёгка было зноў увайсці ў давер да галіцка-валынскіх князёў, і ён сыграў на іх слабай струнцы — імкненні валодаць Новагародскай зямлёй і Літвою.
Войшалк прызнаў іх вярхоўную ўладу над сабой: «Нарекл бо бяшеть Василка отца себе и господина»[310]. Галіцка-валынскія князі пасля гэтага згадзіліся дапамагчы Войшалку ў падпарадкаванні іншых балцкіх земляў. Няма чаго казаць, што яны дзейнічалі недальнабачна, трацячы свае сілы на захоп таго, што ім не магло належаць. Галіцка-Валынская зямля і без таго была знясіленая залежнасцю ад татараў, пасля смерці Данілы Галіцкага ўжо абазначыўся яе распад. Вось чаму так смела пайшоў Войшалк на вонкавае падначаленне яе князям.
Атрымаўшы дапамогу Шварна і Васількі, Войшалк не менш жорстка расправіўся з феадаламі Дзяволтвы і Нальшчанаў і, далучыўшы гэтыя абшары да сваіх уладанняў, вярнуўся «восвояси»[311], г. зн. у Новагародак. Такім чынам, утварэнне Вялікага Княства Літоўскага суправаджалася амаль пагалоўным вынішчэннем феадалаў балцкіх земляў. Усё гэта лішні раз пярэчыць тым сцверджанням, што ўтварэнне гэтай дзяржавы «вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў».
Нельга пагадзіцца і з тым, што «Войшалк не рабіў замаху на паганства ў Літве»[312]. Галоўнай мэтай пасля заваёвы Літвы Войшалк лічыў хрышчэнне яе. Для таго і быў заснаваны ім Лаўрышаўскі манастыр. Але, відаць, яго магчымасцяў для хрышчэння Літвы было недастаткова. Таму Войшалк у 1265 г. увайшоў у зносіны з пскоўскім князем, які абяцаў прыслаць святароў з Пскова, бо яны больш за іншых знаёмыя з мовай і звычаямі Літвы[313]. Войшалк, вядома, не атрымаў іх, бо ў 1266 г. пскоўскім князем стаў Даўмонт, былы нальшчанскі князь, які ўцёк у Пскоў, ратуючыся ад Войшалка. Вось чаму хрышчэнне Літвы ці, магчыма, нейкай часткі яе зацягнулася да 1405 г., калі толькі верыць Т. Нарбуту, звесткі якога не заўсёды вызначаюцца праўдзівасцю.
Захоп Новагародкам Літвы, Нальшчанаў і Дзяволтвы быў адначасова і ўдарам па Полацку, які пасля страты Ніжняга Падзвіння страціў сваю апору і ў гэтых землях. Каб і надалей карыстацца матэрыяльнымі рэсурсамі і вайсковай сілай балцкіх земляў, Полацак мусіў прызнаць «волю» Новагародка. У гэтым і палягаў стратэгічны план Войшалка. Падначаленне Полацка Новагародку адбылося, відаць, у 1265 г. Грамата полацкага князя Гердзеня, напісаная 22 снежня 1264 г.[314], не гаворыць пра залежнасць Полацка і Віцебска ад Войшалка. Затое грамата полацкага князя Ізяслава, напісаная крыху пазней, ужо сведчыць пра гэта[315].
Летапісныя крыніцы нічога не гавораць пра тое, ці заваяваў Войшалк Жамойць. Магчыма, каб ажыццявіць гэтую мэту, дзеля чаго патрэбная была новая дапамога галіцка-валынскіх князёў, ён аддаў сваё княства Шварну, а сам зноў пайшоў у Галіцкую зямлю. Варта нагадаць, што ў 1254 г. Войшалк не пажадаў аддаць яму княства, бо асцерагаўся, што, жанаты з ягонай сястрой, той будзе мець законняй правы на ўладанне. Цяпер ужо ён не баяўся гэтага, бо Шварн не меў дзяцей, значыць, у выпадку яго смерці не было каму атрымаць у спадчыну княскі пасад. Перадача гэта не спадабалася брату Шварна — галіцкаму князю Льву Данілавічу, які хацеў сам валодаць Новагародскай і Літоўскай землямі, злучанымі зараз у адзінае цэлае. Вось чаму гэты князь і забіў Войшалка, «завистью оже бяшеть дал землю Литовськую брату его Шварнови»[316]. Аднак, паводле іншых крыніц, што, магчыма, болей праўдзіва, Шварн памёр раней за Войшалка, і той зноў вярнуўся ў сваё княства. Пасля ён прыехаў на перамовы са Львом Данілавічам, які лічыў Літоўскае княства сваёй спадчынай пасля смерці брата Шварна. Войшалк не згадзіўся на прэтэнзіі Льва і быў забіты[317]. Але запозненая помста Льва не дала ніякіх вынікаў для яго. Вялікім князем літоўскім стаў Трайдзень, які працягваў палітыку Войшалка. Аднак далейшы разгляд гісторыі Вялікага Княства Літоўскага не ўваходзіць у задачу гэтага даследвання.
ЗАКАНЧЭННЕ
Аб'яднанне Войшалкам Новагародскай, Пінскай, Літоўскай, Нальшчанскай, Дзевалтоўскай і Полацка-Віцебскай земляў у адзіную дзяржаву было фактычна трывалым пачаткам утварэння Вялікага Княства Літоўскага. У гэтым і палягала гістарычная заслуга Войшалка. Але калі далучэнне балцкіх земляў Літвы, Нальшчанаў і Дзяволтвы да Новагародка было гвалтоўным, то далучэнне Пінска, Полацка і Віцебска праходзіла добраахвотна. Гэтак сама пазней да Вялікага Княства Літоўскага далучаліся і іншыя беларускія абшары. Такое аб'яднанне было вынікам гістарычнага працэсу эканамічнага, палітычнага і культурнага збліжэння беларускіх земляў у басейнах рэк Дзвіны, Дняпра, Нёмана, на аснове чаго ішло фармаванне тэрыторыі Беларусі. Вызначальную ролю ў складванні і пачатковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага меў найперш Новагародак. Нездарма ж і герб гэтага горада — коннік з мечам у руцэ — стаў дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага[318]. Важнае значэнне Новагародка ва ўтварэнні Вялікага Княства Літоўскага і ў пашырэнні тэрыторыі гэтай дзяржавы паказаў і М. Улашчык[319]. І хоць пазней, на пачатку ХІV ст., Новагародак страціў сваё цэнтральнае значэнне, аднак яшчэ доўга жыла памяць аб ім як сталіцы. Вось чаму ў летапісах ХVІ ст. яшчэ гаворыцца аб «Новогородской державе, над Немном лежачее»[320], якая прасціралася «ад Вилии аж до жродел Неменовых, где ся за Копылем пять миль починается»[321].