Выбрать главу

Аднак феадальная раздробленасць і звязаная з ёю палітычная дэцэнтралізацыя і міжусобная барацьба не маглі цягнуцца без канца. Рэч у тым, што ў нетрах самой раздробленасці выспявалі ўмовы для яе адмірання. Ствараючы лепшыя магчымасці для асваення новых земляў і прыродных рэсурсаў, росту гарадоў, развіцця земляробства і рамёстваў, яна гэтым самым садзейнічала таварнай вытворчасці, г. зн. вытворчасці непасрэдна для абмену, для гандлю. А гэта ў сваю чаргу вяло да эканамічнага і палітычнага збліжэння паасобных земляў. Менавіта ў Полацкай зямлі, дзе раней пачаўся працэс феадальнай раздробленасці, ён раней і закончыўся. У выніку гэтага і міжусобная барацьба полацкіх князёў паступова заціхла значна раней, чым у іншых усходнеславянскіх землях. Ва ўсялякім разе яна доўжылася не пазней за 1180 г., калі з выключнай яскравасцю выявілася адзінства Полацкай зямлі. У паходзе на Друцак, які падпаў пад уплыў Смаленска, удзельнічалі шэсць полацкіх князёў, г. зн. уся зямля. Праўда, Л. Аляксееў зазначае, што сярод іх не было менскіх князёў. Аднак катэгарычна сцвярджаць гэта нельга. Калі не было менскіх князёў, дык якія ж былі? У летапісе, дзе перадаюцца гэтыя падзеі, пазначаны месцы княжання толькі трох князёў (Полацак, Віцебск, Лагойск)[27]. Чацверты князь Васілька Брачыславіч, як слушна лічыць Л. Аляксееў, быў ізяслаўскім князем[28]. Але калі ў гэтым паходзе былі лагойскі і ізяслаўскі князі, то ці можна лічыць, што там не было менскага князя? Ім мог быць Андрэй Валодшыч, сын таго Валодшы, якога ў 1159 г. Глебавічы пасадзілі ў поруб. Чаму ж паход на Друцак прадэманстраваў такое адзінства полацкіх князёў? Бо тут справа ішла пра абарону эканамічна-гандлёвых інтарэсаў усёй Полаччыны, у прыватнасці пра валоданне найважнейшым для Полацкай зямлі Друцка-Ўшацкім волакам[29]. Без агульнасці эканамічных інтарэсаў полацкіх земляў не магло быць такога вайсковага адзінства, якое выявілася ў 1180 г. Праўда, у 1186 г. лагойскі князь Васілька Валадаравіч і друцкі князь Усяслаў, відаць, пад націскам Смаленска, які не мог прымірыцца з сваёй паразай у 1180 г., разам з ім і Ноўгарадам выступілі супраць Полацка. Аднак гэты паход скончыўся мірна[30], і ўдзел у ім лагойскага і друцкага князёў не перашкодзіў усталяванню згоды між полацкімі ўдзеламі. Гэта пацвярджаюць падзеі 1195 г., калі полацкія князі ўдзельнічалі ў паходзе на Смаленск і адыгралі вызначальную ролю ў перамозе над ім[31]. Тое, што ў летапісе ўжыты выраз «полацкія князі», гаворыць нам, што іх было некалькі, а можа і ўсе. Л. Аляксееў чамусьці сцвярджае, што Друцак і цяпер знаходзіўся пад эгідай смалянаў, на баку якіх змагаўся супраць чарнігаўскіх Ольгавічаў[32]. Аднак гэта яўна супярэчыць летапісу, у якім сказана, што друцкі князь Барыс захапіў у палон смаленскага князя Мсціслава Раманавіча і аддаў яго чарнігаўцам[33]. Удзел у гэтым паходзе друцкага князя сведчыць, што ваенныя падзеі 1180 г. не прайшлі марна: Друцак па-ранейшаму знаходзіўся ў шчыльным хаўрусе з Полацкам і ў сферы яго ўплыву.

З прычыны далейшага развіцця прадукцыйных сілаў грамадства і пашырэння гандлю пачаўся працэс феадальнай канцэнтрацыі, на аснове якога ішло збліжэнне асобных тэрыторый Полацкай зямлі. І хаця ўдзелы працягвалі існаваць яшчэ доўгі час, аднак міжусобная барацьба паміж імі не адзначана ў крыніцах, як, напрыклад, у сярэдзіне ХІІ ст. Эканамічныя інтарэсы бралі верх і прымушалі падпарадкавацца ім. Характэрная ў гэтым дачыненні грамата полацкага князя Ізяслава (1265 г.), у якой ён піша: «Полотеск Видьбеск одно есть»[34]. Гэтая грамата выяўляе і прычыну такога адзінства — гандаль па Заходняй Дзвіне: «Полочаном Видьбляном вольное торгованье в Ризе, на Готьском березе и в Любце». Тут зноў выяўляецца яскравая карціна таго, як эканамічныя інтарэсы бяруць верх над князеўскімі стасункамі. Палітычна Полацак і Віцебск — два княствы, у эканамічных жа адносінах — «одно есть». Такім чынам, няма падставаў гаварыць пра міжусобіцы князёў у канцы ХІІ і ў першай палове ХІІІ ст. Пра палітычную ўстойлівасць унутры Полацкай зямлі гэтым часам сведчыць і тое, што на полацкім пасадзе на працягу 30 гадоў (1186–1216) княжыў адзін князь — Валодша. Цяжка знайсці ў іншых усходнеславянскіх землях такі фенаменальны для часоў удзельшчыны факт. Згуртаванню Полацкай зямлі спрыяла і яе барацьба з крыжацкай агрэсіяй, пра што будзе гаворка далей. Усё адзначанае сведчыць, што напярэдадні і пад час утварэння Вялікага Княства Літоўскага Полацкая зямля ўяўляла сабой больш-менш адзінае цэлае і пра міжусобную барацьбу тут не можа быць гаворкі.

У Турава-Пінскім княстве таксама назіралася тэндэнцыя да збліжэння з іншымі беларускімі землямі, якая праявілася ўжо на пачатку ХІІ ст. Нездарма ж Глеб Менскі хацеў сілай паскорыць гэты працэс, імкнучыся далучыць да сваіх уладанняў прыпяцкія землі, чым наклікаў на сябе вялікі гнеў і жорсткую помсту кіеўскага князя. У сувязі з гэтым нам хочацца звярнуць увагу на наступны факт. Далучыўшы часова да сваіх уладанняў у 1119 г. Менск, кіеўскі князь у 1131 г. аддаў менскаму князю Ізяславу Тураў і Пінск[35], якія былі ў сферы ўплыву Кіева. І справа, вядома, не толькі ў тым, што Ізяслаў быў іх стаўленікам (у часы ўдзельшчыны ўсе князі лёгка прасякаліся мясцовымі інтарэсамі). Галоўнае ў тым, што ўжо тады, відаць, пачалі вызначацца эканамічныя сувязі Турава-Пінскай зямлі з Менскам і, як паказала гісторыя, гэтыя сувязі былі невыпадковыя. Яны ўвесь час мацнелі, што і прывяло ў будучым да задзіночання Турава-Пінскай зямлі з усёй Беларусяй.

У 1158 г. Тураў выйшаў з-пад улады Кіева і ў ім асела самастойная княская дынастыя. І хоць на тэрыторыі Турава-Пінскай зямлі ўзнік шэраг асобных удзелаў (Тураўскі, Пінскі, Дубровіцкі, Слуцкі, Клецкі ды інш.), аднак князі іх дзейнічалі згуртавана. На пачатку ХІІІ ст. Турава-Пінская зямля, пераадольваючы імкненне галіцка-валынскіх князёў падначаліць яе сабе, усё больш і больш звязвае свой лёс з Новагародскай зямлёй. Нездарма ж у 1228 г. новагародцы ўдзельнічалі на баку Расціслава Пінскага ў яго барацьбе з Данілам Галіцкім, а ў 1263 г. іх князь Войшалк пры дапамозе пінянаў заваёўваў літву[36]. І гэтыя сувязі былі невыпадковыя.

Менавіта пры канцы ХІІ і пачатку ХІІІ ст. па сваім эканамічна-палітычным развіцці на першае месца сярод іншых беларускіх земляў выйшла Новагародская, якую многія даследнікі неправамерна называюць Чорнай Руссю (у тым часе яна не мела такога назову). На вялікі жаль, гістарычная навука аддавала ёй вельмі мала ўвагі і разглядала не як суб'ект гісторыі, а толькі як аб'ект заваёўніцкіх дзеянняў суседзяў. Так, У. Пашута характарызаваў яе «як вельмі істотны фактар гісторыі Літвы»[37]. Пытанне аб ролі Новагародскай зямлі ў гісторыі Беларусі, у аб'яднанні беларускіх земляў навукай не распрацаванае.

Летапісныя паведамленні і асабліва археалагічныя даследванні, праведзеныя апошнімі дзесяцігоддзямі, даюць магчымасць па-новаму зірнуць на гэты гістарычны абшар Беларусі. На долю Новагародскай зямлі выпала гістарычная роля стаць у другой палове ХІІІ ст. ядром аб'яднання беларускіх і прылеглых балцкіх земляў у адзіную дзяржаву. Адрозна ад Полацкай і Тураўскай земляў яна была параўнальна новым гістарычным абшарам Беларусі, які ўзнік на левым беразе верхняга Нёмана. Яго фармаванне пачалося з часу заснавання Новагародка (сучасны Наваградак), наконт чаго выказана некалькі меркаванняў. М. Дзмітрыеў у 1858 г. сцвярджаў, што Новагародак быў заснаваны ў 1116 г. сынам Уладзіміра Манамаха Яраполкам[38]. Аднак гэта не пацвярджаецца верагоднымі крыніцамі. М.Ціхаміраў лічыў, што Новагародак упершыню ўпамінаецца ў 1212 г.[39]. Ён спасылаўся на наступнае месца Іпацеўскага летапісу: «В лето 6720. Король отья Перемышль от Лесьтька Любачев. Лесьтько же зжалися о срамоте своей и после к Новогороду по Мстислава и реки братьми еси пойди и сяди в Галиче»[40]. Але тут, як бачым, гаворка ідзе аб нейкім Новагорадзе ў Галіцкай зямлі.