Усё гэта агулам — высокае эканамічнае развіцце, прыліў новага насельніцтва, што абумовілі далейшы рост прадукцыйных сілаў, канцэнтрацыя вялікіх багаццяў у руках новагародскіх феадалаў і далейшае ўмацаванне іх улады — павялічвала палітычную вагу Новагародскай зямлі сярод іншых гістарычных абшараў Беларусі і дало ёй магчымасць стаць новым дзяржаватворным цэнтрам беларускіх — славянскіх і размешчаных сярод іх балцкіх — земляў.
Наяўнасць мяшанага дрыгавіцка-крывіцкага насельніцтва і інвентар могільнікаў[72], тып жыллёвых збудаванняў[73] пераканаўча сведчаць пра шчыльныя эканамічныя і культурныя сувязі Новагародскай зямлі з Полаччынай. Новагародскі храм ХІІ ст. мае яскравыя сляды ўплыву полацка-віцебскага дойлідства[74]. Нездарма ж некаторыя даследнікі лічылі, што Новагародская зямля належала Полацкаму княству[75]. Ва ўсялякім разе бясспрэчна тое, што працэс узаемнага эканамічнага і культурнага збліжэння беларускіх земляў у ХІІ-ХІІІ стст. не толькі не абмінуў Новагародскай зямлі, але і найвыразней тут праявіўся. Эканамічна магутныя новагародскія феадалы шмат зрабілі для збірання ў адзінае цэлае беларускіх земляў, эканамічнае і культурнае збліжэнне якіх пачалося раней.
Значэнне Новагародскай зямлі як цэнтра новай дзяржавы добра разумелі галіцка-валынскія князі, якія самі прэтэндавалі на ролю збіральнікаў старажытнаўкраінскіх і беларускіх земляў. Аднак мангола-татарскае нашэсце аслабіла Галіцка-Валынскую зямлю, і яе князі павінныя былі саступіць ролю збіральнікаў гэтых земляў Новагародку.
Такім чынам, у сярэдзіне ХІІІ ст. цэнтр палітычнага жыцця Беларусі перайшоў з Полацка ў Новагародак, які стаў асяродкам зараджэння новай дзяржаўнасці. Вядома, гэта не гаворыць пра страту Полацкам свайго значэння ў далейшай гісторыі Беларусі. Ён яшчэ доўгі час быў цэнтрам сваёй зямлі і адыгрываў вялікую ролю ў эканамічным, палітычным і культурным жыцці ўсёй дзяржавы. Такім чынам, не ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага было перадумовай фармавання тэрыторыі Беларусі і беларускай народнасці і культуры, а, наадварот, працэс фармавання тэрыторыі Беларусі, беларускай народнасці і культуры, які праходзіў на грунце эканамічнага і культурнага збліжэння беларускіх земляў, і зараджэння новай дзяржаўнасці ў Новагародку быў перадумовай утварэння Вялікага Княства Літоўскага.
3. ДЗЕ БЫЛА ЛЕТАПІСНАЯ ЛІТВА?
Пытанне аб месцазнаходжанні летапіснай Літвы — адно з сама важных у нашым даследванні. Сапраўды, дзе была тая зямля, імя якой пасля дало назоў адной з найбуйнейшых дзяржаваў у Эўропе? Гэтая праблема патрабуе дэталёвага разгляду, бо з яе заблытвання найперш і пачынаецца заблытванне гісторыі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага.
У розныя гістарычныя перыяды пад Літвой разумелі не адну і тую ж тэрыторыю. Яшчэ ў канцы ХІХ ст. А. Качубінскі аспрэчваў тых вучоных, якія «сучаснае этнаграфічнае становішча Літвы ўзводзілі ў становішча дагістарычнае, ад веку непарушнае»[76]. На жаль, гэтая слушная думка была пакінута ў навуцы па-за ўвагай, і па-ранейшаму ў даследваннях і падручніках па гісторыі старажытная Літва ХІ-ХІІІ стст. (уласна Літва) атаясамліваецца з іншай гістарычнай вобласцю — Аўкштотай (Аўкштаціяй), якая займала ўсходнюю частку сучаснай Летувы[77].
Адной з прычын атаясамлівання летапіснай Літвы і Аўкштоты з'яўляецца тое, што апошняя ва ўсходнеславянскіх летапісах не згадваецца. Таму быў зроблены вывад, што яна выступае тут пад назовам Літвы[78]. Гэта стала агульнапрынятым, што і стрымлівала далейшае высвятленне пытання, дзе была летапісная Літва ХІ-ХІІІ стст. Даследнікі, замест таго каб уважліва прачытаць і прааналізаваць адпаведныя месцы летапісаў з мэтаю даць адказ на гэтае пытанне, бяздоказна паўтаралі: Літва — гэта Аўкштота. Аднак Літва ХІ-ХІІІ стст. — гэта зусім не Аўкштота і знаходзілася яна не там, дзе яе змяшчаюць даследнікі.
Адказ на пытанне, дзе была летапісная Літва, даюць галоўным чынам некаторыя запісы нашых летапісцаў. Паведамленні гэтыя, як убачым далей, пацвярджаюцца тапанімікай ды іншымі матэрыяламі.
Іпацеўскі летапіс пад 1159 г. паведамляе пра тое, што менскі князь Валадар Глебавіч «ходяше под литвою в лесех»[79], а пад 1162 г., што ён жа выступіў на свайго праціўніка «с литьвою»[80]. Адсюль бачна, што Літва знаходзілася па суседстве з Менскім княствам. Да такой сама высновы, грунтуючыся на тых жа летапісных звестках, прыйшоў і А. Насонаў[81].
Тэрыторыю, якая ляжала на захад ад Менска, як Літву паказвае, але ўжо з боку Новагародка (і гэта асабліва каштоўна), запіс Іпацеўскага летапісу пад 1262 г. Паведамляецца, што князь Войшалк «учини собе манастырь на реце на Немне, межи Литвою и Новымгородком»[82]. Як вядома, Войшалк заснаваў манастыр пры ўпадзенні ракі Валаўкі ў Нёман, там, дзе цяпер знаходзіцца в. Лаўрышава[83] (на паўночны ўсход ад Наваградка). Такім чынам, згодна з летапісам, на паўночны ўсход ад Лаўрышава, за Нёманам, у кірунку Менска знаходзілася Літва, што цалкам адпавядае летапісным звесткам 1159 і 1162 гг. Калі б пад Літвой тут разумелася Аўкштота, дык летапісец ніяк не сказаў бы, што заснаваны Войшалкам манастыр быў паміж Літвою і Новагародкам, бо Аўкштота знаходзілася ад Новагародка не ў паўночна-ўсходнім, а ў паўночна-заходнім кірунку.
Летапісная Літва была не толькі на правым, але і на левым беразе Нёмана. У 1190 г. князь Рурык Расціславіч намерыўся дапамагчы сваім родзічам — пінскім князям у барацьбе з Літвой і сабраўся ў паход на яе, але не здолеў дайсці туды, бо зрабілася цёпла і снег растаў, а ў гэтай балоцістай краіне толькі й можна ваяваць у моцныя халады[84]. З гэтага можна зрабіць выснову, што Літва была недалёка ад Пінскай зямлі, за яе балотамі. Пра гэта таксама сведчыць Іпацеўскі летапіс пад 1246 г. Ён паведамляе пра літву, якая, зрабіўшы набег на Перасопніцу (на Валыні), вярталася праз Пінскую зямлю назад, дзе была разбітая галіцка-валынскімі князямі[85]. У наступным годзе літва напала на Мельніцу і Лякоўню (таксама на Валыні) і зноў вярталася праз Пінскую зямлю, дзе таксама была разбітая[86]. У 1262 г. аддзелы літвы, пасланыя Міндоўгам на валынскія гарады, адступалі: адзін — у кірунку Ясельды[87], а другі — да Небля[88], г. зн. у бок Пінскай зямлі, як і ў папярэдніх выпадках. Паколькі кожны раз зваротны шлях «літвы» праходзіў праз Пінскую зямлю, то можна зрабіць вывад, што Літва знаходзілася дзесьці па суседстве з ёю. Так яно і было, што непасрэдна пацвердзіў Іпацеўскі летапіс. Пад 1253 г. у ім гаворыцца, як галіцка-валынскія князі, ідучы праз Пінск на Новагародак, сустрэлі на сваім шляху літву: «Й послаша сторожу литва на озеро Зьяте (дарэчы, у сярэдзіне ХVІ ст. пры перапісе пінскіх пушчаў яно ўжо называлася балотам[89]) и гнаше через болото до реки Щарье»[90]. «Старожа» звычайна высылалася для аховы межаў краіны. З гэтага вынікае, што Літва знаходзілася дзесьці на вышнявіне левай прытокі Нёмана — Шчары. Дарэчы, назоў гэты балцкага паходжання, азначае «вузкая»[91].
Гэтая Літва прыкрывала сабою Новагародскую зямлю з паўднёвага ўсходу, бо галіцка-валынскія войскі, перамогшы яе, «наутрея же плениша всю землю Новогородьскую»[92]. Пра такое ж месцазнаходжанне Літвы гаворыць і запіс Іпацеўскага летапісу пад 1255 г.: «Данилови же (Даніла Галіцкі) пошедшу на войну на литву, на Новогородок»[93]. Гэта значыць, што галіцкія войскі ішлі на Новагародак той жа дарогай, што і ў 1253 г., а менавіта праз Літву. Гэтыя факты, відаць, і мела на ўвазе Ф. Гурэвіч, калі зазначыла, што ў летапісных звестках пра Новагародак у 50-70-х гадах ХІІІ ст. «апавядаецца аб пранікненні галіцка-валынскіх князёў з Літвы ў гэты горад»[94]. У Т. Нарбута мы чытаем, што ў 1405 г. тураўскі біскуп Антоній са згоды Вітаўта хрысціў у Літве народ у праваслаўную веру[95]. Было незразумела, чаму менавіта тураўскі біскуп хрысціў Літву, якая, калі яе атаясамліваць з Аўкштотай, знаходзілася далёка ад Турава. Але ў святле папярэдне сказанага ўсё становіцца ясным. Літва была па суседстве з Турава-Пінскай зямлёй, і таму зусім натуральна, што яе хрысціў тураўскі біскуп.
Пра такое суседства сведчаць і археалагічныя даследванні. В. Сядоў на іх падставе лічыць, што дрыгавічы далей на поўнач ад Выганаўскага балота не жылі нават у параўнальна позні час[96]. Менавіта Выганаўскае балота было прыроднай мяжой паміж Пінскай зямлёй і летапіснай Літвою. Яно ж было прычынай і таго, што дрыгавіцкая каланізацыя летапіснай Літвы значна замарудзілася і таму апошняя магла так доўга праіснаваць. У згодзе з прыведзенымі фактамі знаходзіцца і паведамленне М. Стрыйкоўскага пра літву над Нёманам, «якая жыла ў пушчах і здаўна прыслужвала Наваградскаму княству»[97].