Характэрна, што на тэрыторыі, якая ў летапісах выступае пад назовам Літвы, да сённяшняга дня захаваўся тапонім «Літва». Населеныя пункты з такім найменнем мы сустракаем у Слонімскім (Гарадзенская вобл.), Ляхавіцкім (Берасцейская вобл.), Уздзенскім, Стаўпецкім, Маладэчанскім (Менская вобл.) раёнах. Гэта карэнныя назовы, якія супадаюць з летапісным назовам «Літва» і ёсць толькі ў паказаным рэгіёне. Іх трэба адрозніваць ад тапонімаў тыпу «Літвінава», «Літвінавічы», «Ліцвякі» і да іх падобных, якія сустракаюцца ў іншых мясцінах Беларусі, Расеі, Украіны. З'яўленне іх там звязанае з высяленцамі ў тыя мясцовасці. Адзін з такіх тапонімаў — «Літвілішкі» — выяўлены намі на тэрыторыі Аўкштоты (былая Мукснікаўская вол. Віленскага пав.). І побач з ім — тапонім «Мінчукі»[98]. Зразумела, што яны былі заснаваныя выхадцамі з летапіснай Літвы і суседняй з ёю Меншчыны.
Летапісныя дадзеныя і тапаніміка даюць магчымасць збольшага акрэсліць тэрыторыю Старажытнай Літвы. На поўначы яна межавала з Полацкім княствам па нёманскай Бярэзіне. (Пазней гэтую раку пераблыталі з дняпроўскай Бярэзінай, якую і лічылі мяжой Літвы з Руссю. Так, маскоўскія паслы, прад'яўляючы прэтэнзіі на беларускія гарады, гаварылі паслам Вялікага Княства Літоўскага: «…а рубеже был тем городам с Литовской землею по Березыню»[99]). Пра сумежжа тут літвы і крывічоў сведчаць і размешчаныя побач тапонімы «Літва» і «Палачаны» (Маладэчанскі р-н). Па гэтай жа Бярэзіне ішла паўночна-заходняя мяжа Літвы з Нальшчанамі. На ўсходзе Літва межавалася з Менскім княствам, заходні рубеж якога не ішоў далей за раку Ўсу (прыток Нёмана)[100]. На ўсходзе левабярэжжа верхняга Нёмана Літва ў глыбокай старажытнасці, відаць, суседнічала з балцкім племем лотвай, пра што сведчаць аднайменны гідронім (Капыльскі р-н) і тапонімы «Вялікая Лотва» і «Малая Лотва» (Ляхавіцкі р-н)[101]. Не выключана, што менавіта адсюль і пачалося рассяленне літвы і лотвы: першай — на паўночны захад, другой — на поўнач і паўночны ўсход[102]. Далей мяжа Літвы пераходзіла на р. Шчару, вялікая паўднёвая лука якой і была прыродным рубяжом Літвы на паўднёвым усходзе, поўдні і паўднёвым захадзе. Прыкладна па вышнявіне р. Мышанкі і нізавіне р. Валаўкі ішоў заходні рубеж Літвы, які ў больш старажытныя часы аддзяляў яе ад яцьвягаў.
Месцазнаходжанне Старажытнай Літвы:
1 - прыблізныя межы Старажытнай Літвы
2 - тапонім «Літва»
Для навукі мае прынцыповае значэнне высвятленне пытання, дзе была «Літва Міндоўга». У. Пашута паказваў яе ў Аўкштоце, на тэрыторыі, якая ўлучала гарады Вільню, Трокі, Кернаў, Дзялтуву, Укмерге[103]. Але на гэтай жа карце ён змяшчаў (праўда, з пытальнікам) г. Варуту, дзе, як адзначана ў летапісе пад 1252 г., бараніўся Міндоўг ад сваіх супраціўнікаў[104], на месцы сучаснага пасёлка Гарадзішча (Баранавіцкі р-н), што вельмі далёка ад Аўкштоты. У сувязі з гэтым узнікае пытанне, чаму Міндоўг бараніўся ад ворагаў не ў «Літве Міндоўга», а ў Новагародскай зямлі, чаму ён кінуў «сваю» Літву і прыйшоў шукаць абарону ў чужой зямлі. У. Пашута не ставіў гэтых пытанняў і, натуральна, не даў на іх адказу, як і не тлумачыў, чаму ён меркаваў, што Варута павінна быць на месцы сучаснага Гарадзішча.
Але ўся рэч у тым, што «Літва Міндоўга», як і ўся Літва, знаходзілася не ў Аўкштоце, а ў Верхнім Панямонні, дзе і Варута. Ужо летапіснае паведамленне, што «Даниил возведе на Кондрата литву Миндовга Изяслава Новогородского»[105], дае зразумець, што «літва Міндоўга» і Новагародак знаходзіліся блізка адзін ад другога. Відаць, гэта апошняе было прычынай таго, што Э. Гудавічус, які прысвяціў «Літве Міндоўга» спецыяльнае даследванне і які лічыць, што яна знаходзілася на поўдні сучаснай Летувы, нават не прыгадаў, дзе і ў якім кантэксце яна ўпамінаецца[106]. Блізкасць «Літвы Міндоўга» ад Новагародка дае магчымасць вызначыць (хоць прыблізна) месцазнаходжанне Варуты. Хаця яе атаясамліванне з сучасным Гарадзішчам не бясспрэчнае, аднак можа быць блізкім да ісціны. Мы з свайго боку пра месцазнаходжанне і назоў Варуты выказваем такое меркаванне. Між рэкамі Сэрвечам і Валоўкай ёсць невялічкая рэчка Рута і некалькі населеных пунктаў з такім найменнем. Магчыма, на месцы аднаго з іх і знаходзілася Варута. У першапачатковай рэдакцыі летапісу, створанай, як меркаваў У. Пашута[107], у Новагародку, магло быць напісана, што Міндоўг «вниде во град во Руту». (Паўтарэнне прыназоўнікаў характэрна для Новагародскага летапісу: «на реце на Немне», «за Домонтом за Нальшанским», «На Романа на Брянского»[108]). Пазнейшы рэдактар, устаўляючы Новагародскі летапіс у Галіцка-Валынскі, мог, не разабраўшыся, «во Руту» прыняць за адно слова і, зрабіўшы іншыя рэдакцыйныя змены, напісаць «вниде во град именем Ворута». Магчыма, што «Варута» знаходзілася на месцы сучасных Карэлічаў, якія размешчаныя на р. Рута і дзе ёсць гарадзішча[109].
Менавіта «Літву Міндоўга» разам з правабярэжнай Літвой і Нальшчанамі ваяваў у 1258 г. татарскі ваявода Бурундай[110]. Але Р. Батура мяркуе, што пад «зямлёй Літоўскай» у летапісе трэба разумець Новагародскае княства, якое нібыта ўжо належала Літве[111]. Аднак ён не ўлічыў таго, што гэтым часам Новагародак не атаясамліваўся з Літвой, пра што сведчыць згаданае вышэй летапіснае паведамленне пра заснаванне Войшалкам манастыра паміж Літвой і Новагародкам. У 1262 г. Міндоўг помсціў валынскаму князю Васільку за яго ўдзел у паходзе Бурундая нападам на валынскія гарады. Паказальна, што аддзелы «літвы» і гэтым разам адступалі праз Пінскую зямлю[112], што яшчэ раз сведчыць пра знаходжанне «Літвы Міндоўга» паміж Пінскай і Новагародскай землямі. З гэтага вынікае, што Бурундай мог ваяваць адзіную ў той час Літву, якая знаходзілася ў Верхнім Панямонні і з якой ён перайшоў у Нальшчанскую зямлю. Хоць апошняя пакуль што даследнікамі дакладна не лакалізаваная, аднак бясспрэчна, што яна, мяжуючы з Літвой, знаходзілася на паўночным захадзе сучаснай Беларусі. І калі Бурундай, рухаючыся з паўднёвага ўсходу, прайшоў праз Літву ў Нальшчаны, то лівонцы і рыжане, якія рухаліся з паўночнага захаду, праз Нальшчаны (durch Nalsen)[113] праніклі ў Літву. Гэтае яскравае супадзенне ў паказаннях Іпацеўскага летапісу і Лівонскай Рыфмаванай кронікі — яшчэ адно відавочнае сведчанне, дзе была старажытная Літва. Суседствам Новагародка і «Літвы Міндоўга» тлумачыцца факт з'яўлення апошняга ў гэтым горадзе, аб чым будзе гаворка ніжэй.
Было зроблена пярэчанне, што тэрыторыю, паказаную намі як Літву, з ІХ ст. займалі славяне і што тут з Х ст. існаваў старажытнабеларускі горад Ізяслаўль[114]. Аднак славяне на гэтым месцы, як і на ўсёй тэрыторыі Беларусі, не былі аўтахтонамі, бо да іх, як зазначае Ф. Гурэвіч, «тут жылі балцкія плямёны культуры штрыхаванай керамікі»[115]. На гэта паказваюць і археалагічныя помнікі, такія, як Гарадзішча (Баранавіцкі р-н), Карэліцкі тракт, Чарэшля (Наваградскі р-н), Бяздоннае, Кабакі, Ніз (Слонімскі р-н), Валожын (Валожынскі р-н), Дзяржынск, Навасады, Старая Рудзіца (Дзяржынскі р-н), Гарадзілава, Гарадок (Маладэчанскі р-н) ды інш.[116].
Трэба зазначыць, што першапачаткова ў канцы Х ст. хрысціянізацыі падпадала відаць толькі славянскае насельніцтва, а іншапляменнае пераважна заставалася ў паганстве[117]. Вось чаму астравы балцкага насельніцтва яшчэ доўгі час існавалі на тэрыторыі Беларусі, як, напрыклад, у раёне Абольцаў (Талачынскі р-н), Гайны (Лагойскі р-н) ды інш.[118]. Насельніцтва іх было ахрышчанае ў каталіцкую веру па ўмове Крэўскай вуніі 1385 г. Між іншага, гэтым і тлумачыцца, чаму ў Абольцах і Гайне былі пабудаваныя адны з першых у Беларусі касцёлаў. Не выключана, што насельніцтва гэтае, у тым ліку і старажытнай Літвы, абваколенае славянамі, у значнай ступені асімілявалася і было не столькі балцкім, колькі паганскім. Як убачым, Міндоўг і Войшалк спачатку былі паганцамі. Нездарма ж пазнейшы Хлебнікаўскі летапіс адрозна ад «Аповесці мінулых часоў»[119] змяшчае літву сярод славянскіх плямёнаў[120].