Выбрать главу

У святле пададзеных фактаў цяжка пагадзіцца з думкай, што найбольш раннія ўпамінанні Літвы адносяцца да ўсходняй, цэнтральнай і занямонскай частак сучаснай Летувы[121]. Гэта адхіляецца першым жа прыгадваннем Літвы пад 1009 г. у Кведлінбургскіх аналах. Ужо тое, што ў гэтай лацінамоўнай крыніцы назоў «Літва» выступае ў славянскай форме і што тут гаворыцца аб яе сумежжы з «Руссю» (in confinio Rusciae et Lituae)[122], сведчыць: гаворка тут можа ісці аб Літве ў Верхнім Панямонні, бо толькі ў такім разе яна магла межаваць з «Руссю», ад якой тэрыторыя сучаснай Летувы была адгароджана яцьвягамі[123].

Гэта ж пацвярджаюць і наступныя паведамленні аб Літве, звязаныя са згаданымі вышэй паходамі на яе Яраслава Мудрага ў 1040 і 1044 гг. У Я. Длугаша знаходзім дадатковыя звесткі аб гэтым, а менавіта тое, што кіеўскі князь «разбіў літву на палях слонімскіх (прыгадаем, што тут ёсць тапонім «Літва») і завалодаў ёю да Нёмана»[124], г. зн. захапіў яе левабярэжную частку. Прыведзеныя факты супярэчаць думцы, што тапонімы «Літва» ў названым намі рэгіёне з'явіліся ў выніку прасоўвання сюды пазней (калі менавіта, не ўказваецца) «літоўскіх» паселішчаў[125]. Аднак падзеі 1009, 1040 і 1044 гг. паказваюць, што ўжо ў ХІ ст. гэтая мясцовасць называлася Літвой.

Некаторыя даследнікі, каб даказаць знаходжанне старажытнай Літвы на поўдні сучаснай Летувы, з наймення рэчкі «Летаўка» (правы прыток Віліі ў раёне г. Кернаў) выводзяць назовы «Летува-Летава-Літва»[126]. Такая этымалогія, аднак, занадта сумнеўная, бо ў сама ранніх пісьмовых звестках, як і ў тапаніміцы, адлюстраваўся назоў «Літва», а не «Летува» і «Летава». Ва ўсякім разе нельга бачыць толькі паказаны спрэчны гідронім і не заўважаць цэлае гняздо адзначаных вышэй красамоўных тапонімаў «Літва» у Верхнім Панямонні. Нельга прызнаць удалай і спробу лакалізаваць на тэрыторыі сучаснай Летувы ўладанні літоўскіх князёў ХІІІ ст., згаданых у пісьмовых крыніцах[127]. Рэч у тым, што тапонімы, падобныя да імёнаў названых князёў, ёсць не толькі на тэрыторыі Летувы, але і ў іншых мясцінах, у прыватнасці ў Беларусі, як, напрыклад, Таўтвілы (Пружанскі р-н), Юткі (Мядзельскі р-н), Даўяты (Браслаўскі р-н), Руклі (Аршанскі р-н) ды інш. Спасылка Р. Батуры на грамату Міндоўга ад 1253 г.[128] не дадае аргументаў на карысць месцазнаходжання старажытнай Літвы ў Аўкштоце, бо ў гэтым дакуменце пералічаны землі, якія нібыта належалі Літве, але што разумелася пад ёй, тут не відаць. Тое ж датычыць і дамовы Гедзіміна за 2 кастрычніка 1323 г.[129] Ужо тое, што гэты князь, называючы сябе каралём Літвы, палічыў патрэбным у ліку іншых земляў, ад імя якіх ён учыніў дамову, назваць Аўкштоту і Жамойць, гаворыць аб іх такім агульнавядомым у тым часе найменні і што тытул караля Літвы, такім чынам, паходзіў не адсюль. Гэта ж пацвярджае і П. Дузбург, у якога Аўкштота паказана ў сувязі з падзеямі 1294–1300 гг. як «уладанне караля Літвы» (terra regis Litowia)[130], з чаго відаць, што Літва і Аўкштота — розныя на той час геаграфічныя паняцці. Як доўга яшчэ трымаўся назоў «Аўкштота» ўжо пад час існавання Вялікага Княства Літоўскага, сведчыць прыгадванне яе Вітаўтам у ягоным лісце за 11 сакавіка 1420 г.[131] Тое, што ў 1268 г. Нальшчаны названыя «правінцыяй Літвы»[132], не гаворыць аб пашырэнні назову апошняй на гэтую зямлю, а толькі аб прыналежнасці яе да Літвы, што і адпавядала сапраўднасці, бо Войшалк заваяваў яе разам з Дзяволтвай у 1264 г. Калі Вартбэрг паказаў Кернаў у Літве[133], дык гэта зразумела, бо ён пісаў сваю кроніку пасля 1378 г.[134], калі найменне «Літва» ужо замацоўвалася ў тым месцы. Выказана яшчэ думка, што з тэрыторыі, якая нібыта з'яўлялася цэнтрам утварэння «феадальнай Літоўскай дзяржавы» (г. зн. з усходу і цэнтра сучаснай Летувы), у пачатку ХІV ст. знік назоў «Літва» і заменены там назовам «Аўкштота»[135]. У такім разе незразумела, чаму гэтае найменне адтуль знікла і калі і чаму яно там зноў з'явілася і замацавалася.

Аднак усё адбывалася інакш: спачатку ўсходняя частка сучаснай Летувы называлася Аўкштотай, пра што тут могуць сведчыць і такія тапонімы, як Аўкштайцы, Аўкштыня, Гаўкштаны, Аўкштадворы, Аўкштэлі і да іх падобныя ў былых Быстрыцкай, Міляцкай, Міцкунскай, Няменчынскай, Рашанскай, Шырвінскай і Янішскай валасцях Віленскага пав., у Жосельскай, Алькенішскай і Сумілішскай валасцях Троцкага пав., у Аляксандраўскай воласці Лідскага пав. і ў Лынгмянскай воласці Свянцянскага пав.[136]. І толькі пазней у сувязі з перанясеннем сталіцы нашай дзяржавы ў Вільню на пачатку ХІV ст. назоў «Літва» паступова пашырыўся на яе ваколіцы і замацаваўся там. Але адначасова ён працягваў захоўвацца і на ранейшым месцы яшчэ цэлыя стагоддзі. У Магілеўскай кроніцы пад 1695 г. гаворыцца, што літоўскае пагранічча праходзіла недалёка ад Менска і Слуцка[137]. Наколькі гэтае найменне ў Верхнім Панямонні мела ўсеагульнае прызнанне (і нават афіцыйнае), можа служыць той факт, што дзекабрыст А. Бястужаў, жывучы ў 1821 г. на тэрыторыі сучаснага Валожынскага р-на, даў у Пецярбург такі свой адрас: «Литва, д. Выгоничи, в 40 верстах от Минска»[138]. Дзе знаходзілася ўласна Літва ў старажытнасці, добра ведаў і расейскі гісторык М. Надзеждзін: «Уласна ў «Літве» ёй (летувіскай мовай. — М.Е.) гавораць ужо вельмі нямногія, і менавіта: адно паселішча ў павеце Вілейскім, некалькі сёлаў у паветах Наваградскім і Слонімскім»[139]. Ў часы А.Міцкевіча Літвою называлі не сучасную Летуву (Жамойць), а пэўную частку беларускай тэрыторыі. Аднак апошняя насіла такое найменне не таму, што калісьці ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага[140], а таму, што менавіта тут і была ў далёкія часы ўласна Літва.

Са знаходжаннем летапіснай Літвы ў Беларускім Панямонні звязана і тое, што насельніцтва яго, асіміляваўшыся ў беларусаў, называла сябе па-ранейшаму ліцьвінамі. Пісьмовыя крыніцы адзначаюць гэта ўжо з канца ХІІІ-пачатку ХІV ст. Так, П. Дузбург, напрыклад, у сваёй кроніцы два разы (пад 1296 і 1305 гг.) піша пра змаганне нямецкіх рыцараў з літоўскімі і абодва разы заўважае, што апошнія былі «рускімі»[141], г. зн. толькі па назове былі ліцьвінамі, а па сутнасці з'яўляліся славянамі. У «Кроніцы Літоўскай і Жамойцкай» пад 1405 г. гаворыцца пра Андрэя Літвіна, які раіў Вітаўту не ісці на згоду з непрыяцелем, крыкнуўшы пры гэтым: «Не мири, Витавте, не мири»[142]. З прычыны гэтага Вітаўт празваў яго Нямірам, ад якога і род такі пайшоў. Як бачым, ні гэты ліцьвін, ні вялікі літоўскі князь не гаварылі па-летувіску. У інтэрмедыі драмы Георгія Каніскага «Воскресение мертвых» (1746) пад імем Літвіна выведзены беларускі селянін[143]. А.Міцкевіч (1798–1855), які нарадзіўся пад Наваградкам, сваю айчыну называў Літвой[144]. Нават беларускі пісьменнік ХІХ ст. В. Дунін-Марцінкевіч (1807–1884), якога аніяк нельга западозрыць у адсутнасці беларускай нацыянальнай свядомасці, лічыў, што ён вырас сярод ліцьвіноў[145]. Гэтак жа народзінец Гарадзеншчыны К. Каліноўскі, рэвалюцыйная дзейнасць якога прыпадае на 60-я гады ХІХ ст. і які заўсёды звяртаўся да свайго народа на беларускай мове, як правіла, называў родны край Літвой. Называе сябе ліцьвіном і адзін з герояў трылогіі Я. Коласа «На ростанях» (у ёй паказваюцца падзеі пачатку ХХ ст.) Баранкевіч, хоць ён і беларус[146]. Не будзем множыць аналагічныя прыклады, бо Я. Юхо пераканаўча паказаў, што найменне «Літва» на працягу многіх стагоддзяў адносілася да Беларусі і было, па сутнасці, яе гістарычным найменнем[147]. Толькі на пачатку ХХ ст., калі завяршыўся працэс утварэння беларускай нацыі, назоў «Беларусь» замацаваўся і за Беларускім Панямоннем, выцесніўшы адтуль найменне «Літва», якая з таго часу стала адносіцца толькі да сучаснай Летувы.

Цяпер коратка спынімся на некаторых іншых гістарычных абшарах і княскіх родах, якія прыгадваюцца ў крыніцах побач з Літвой. У дамове 1219 г. названы князі Булевічы і Рушкавічы. Наконт іх месцазнаходжання ўжо былі выказаны меркаванні. Так, І.Бяляеў паказваў без размежавання першых і другіх на тэрыторыі ад Віліі да Нёмана і Свіслачы і на ўсход да Бярэзіны дняпроўскай[148]. На жаль, ён не назваў ні крыніцы, ні меркаванняў, якія яму далі падставу для гэтай высновы. Апошнім часам Э. С. Гудавічус на падставе тапапімікі, якая асацыюецца з імёнамі булевіцкіх і рушкавіцкіх князёў, лічыць, што Булевічы валодалі Шаўляйскай зямлёй, а Рушкавічы — зямлёй Упітэ[149]. Аднак падобныя тапонімы ёсць і ў Беларусі (Булеўскае балота ды інш.)[150]. Намі было выказанае меркаванне, што Булевічы знаходзіліся па тэрыторыі Стаўпецкага р-на, бо там былі тапонімы Балевічы[151]. Гэта, як бачым, супадае са сцверджаннямі І.Бяляева. Булевічы толькі аднаго разу ўпамінаюцца ў летапісах, і таму магчыма, што летапісец не зусім дакладна перадаў іх імя. На гэтую думку наводзіць тое, што ў Нягневічах (Наваградскі р-н) ёсць рэчка з крыху незвычайным найменнем «Буловіч»[152]. Гэта не так далёка ад Стаўпецкага р-на і таму можа быць пэўным арыенцірам для лакалізацыі Булевічаў. Становіцца зразумела, чаму Міндоўг так жорстка абышоўся з булевіцкімі князямі, усіх іх знішчыўшы[153]. Падначаленне Булевічаў, якія знаходзіліся на яго шляху ад Новагародка ў Літву, адчыніла яму шлях да заваёвы апошняй. Адзначым яшчэ, што ў Памераніі ёсць населеныя пункты Bulitz, Bullen[154]. А гэта можа паказваць на заходнеславянскае паходжанне Булевічаў, тым болей што імёны іх князёў, як, напрыклад, Вішымут, належаць да славянскіх[155]. Магчыма, што Булевічы з усім сваім родам і князямі ўцяклі з заходнеславянскіх земляў, ратуючыся ад анямечвання і хрысціянізацыі, на тэрыторыі, дзе было яшчэ нямала паганскага насельніцтва.