Што да Рушкавічаў, то гэтае прозвішча празрыста славянскае. На карце Памераніі мы знаходзім Ruskewitz[156], што таксама можа паказваць на месца, адкуль яны прыйшлі. Імёны іх князёў — Кінцібут, Ванібут, Бутавіт, Віжэнік, Вішлій, Кіцэній, Плікасова, Хвал, Сірвіт — маюць славянскі характар[157]. Па-ранейшаму ў нас адсутнічаюць звесткі, якія б далі магчымасць больш-менш дакладна вызначыць месца іх княжання. Толькі па тапанімічных дадзеных, як спрабуе Э. Гудавічус, рабіць гэта нельга. Паколькі ў ХІІІ ст. Рушкавічы рабілі напады на Валынь, то мы схільныя лічыць, што іх уладанні былі па суседстве з Пінскай зямлёй. Відаць, з князямі старажытнай Літвы Булевічаў і Рушкавічаў звязвала найперш іх паганства.
Некалі Э. Вальтэр зрабіў спробу вызначыць месцазнаходжанне Нальшчанскай зямлі, якую ён паказваў на паўночным захадзе сучаснай Летувы[158]. Адным з крытэраў для такой высновы была наяўнасць там тапонімаў тыпу «Налішкі». Аднак, адшукаўшы такі ў Жамойці, даследнік зазначыў, што нічога агульнага з Нальшчанамі ён не мае. А гэта азначала, што й іншыя падобныя тапонімы нельга было ўпэўнена адносіць да Нальшчанаў. Прычынай няўдачы Э. Вальтэра было тое, што, атаясамліваючы старажытную Літву з сучаснай, ён не звярнуў увагі на сведчанні, якія супярэчылі гэтаму. Так, адзначыўшы, што ў нямецкіх крыніцах «Нальсен» і «Наліске» знаходзяцца ў сувязі з памежнай тэрыторыяй, як бы спрэчнай, не жамойцкай і не літоўскай, ён не заўважыў, што тут вельмі выразна паказана становішча Нальшчанаў як тэрыторыі, што раздзяляла Літву і Жамойць. Прыведзенае Вальтэрам паведамленне Рыфмаванай кронікі, што шлях лівонцаў у Літву на Міндоўга пралягаў праз Нальшчаны і што яны знаходзіліся на дарозе ад Дзвінска да Літвы, таксама пацвярджала месцазнаходжанне і старажытнай Літвы і Нальшчанаў. Але гэтыя сведчанні засталіся без уважлівага аналізу Э. Вальтэра. А.Кіркор атаясамліваў Нальшчаны з Гальшанамі[159]. Паводле Ў.Пашуты, Нальшчанская зямля займала ўвесь крайні паўночны захад сучаснай Беларусі і крайні паўднёвы ўсход сучаснай Летувы (ад Нёмана ніжэй за Горадню і да Заходняй Дзвіны ў раёне Даўгаўпілса і ад Крэва да Вільні)[160]. У нейкім сэнсе гэта слушна, але, на жаль, не патлумачана. Нальшчаны непасрэдна межавалі са старажытнай Літвой, як мы бачылі вышэй, і гэта дае падставу іх лакалізаваць на паўночным захадзе Беларусі. У некаторых месцах Рыфмаванай кронікі Нальшчаны маюць назоў «Альсен». Ён, магчыма, нямецкага (гоцкага?) паходжання, бо мог утварыцца ад слоў Aal (вугор) і Seen (азёры), што значыць «азёры, населеныя вуграмі». Калі так, то гэтая вобласць, відаць, займала тэрыторыю паўночна-заходняй часткі Беларускага Паазер'я, багатага на вугроў. Бясспрэчна, што карэннымі насельнікамі Нальшчанаў былі балты. Але, як вядома, гэта раён найбольш ранняга пранікнення славян-крывічоў, на што паказвае назоў «Крэва» і падобныя да яго. І таму Нальшчаны трэба адносіць да найбольш аславяненых да гэтага часу абшараў. Бадай, неправамерна залічаць Нальшчанскую зямлю да летапіснай Літвы, асабліва калі ўлічыць, што яе князі адсутнічалі ў валынска-літоўскай дамове 1219 г. Нездарма і нальшчанскі князь Даўмонт з усім сваім родам уцёк у Пскоў і там быў абраны князем. Пасля ХІІІ ст. назоў «Нальшчаны» знік, прынамсі ў пісьмовых дакументах. На іх тэрыторыі пазней утварылася Крэўскае княства.
Летапісны назоў «Дзяволтва» — мабыць, сцягнутая форма наймення «Дзевалотва», што можа гаварыць аб насельніках гэтай вобласці як адгалінаванні балцкага племя лотвы, што ў старажытныя часы насяляла цэнтральную і паўночна-заходнюю частку Беларусі[161], тым больш што ў Хлебнікаўскім летапісе Дзяволтва і названая Лотвай[162]. «Кроніка Быхаўца», створаная ў ХVІ ст., паказвае на існаванне Дзевалтоўскага княства[163], якое нібыта знаходзілася ў раёне Вількаміра. Няпэўнасць крыніц спарадзіла неразбярыху ў навуковай літаратуры нават аднаго і таго ж аўтара. Так, на карце, прыкладзенай да кнігі Ў.Пашуты «Героическая борьба русского народа за независимость» (1956), Дзяволтва паказана ў міжрэччы Нявежы і Швянтоі. А на карце «Земли и населенные пункты Древней Литвы» у кнізе Ў.Пашуты «Образование Литовского государства» на месцы Дзяволтвы паказана вобласць Упітэ, а асноўная частка тэрыторыі Дзяволтвы аднесена на ўсход ад ракі Швянтоі, туды, дзе звычайна паказваецца Аўкштота.
Праблема месцазнаходжання Аўкштоты таксама заблытаная. Нават нельга ўпэўнена сказаць, ці на тэрыторыі яе была Вільня, бо некаторыя даследнікі лічаць, што гэта гістарычная вобласць знаходзілася на захад ад Вільні. Тапаніміка сведчыць, што племя аўкштота займала прастору ў міжрэччы Меркіс і Стравы і міжрэччы Жаймяны і Швянтоі. Але наўрад яно жыло за правым берагам Швяйтоі, аж да р. Нявежыс, як гэта паказвае Ў.Пашута. У адной з нямецкіх кронік гаворыцца, што ў 1332 г. лівонцы зрабілі набег на Жмудзь (Жамойць) і дайшлі да Швянтоі. У наступным годзе яны зноў хадзілі на Жмудзь і дайшлі да Вількенбэрга (Укмерге)[164]. З гэтага можна зрабіць выснову, што заходні рубеж Аўкштоты не перасягаў Швянтоі.
Гаворачы аб месцазнаходжанні Жамойці, тэрыторыя якой цягнулася да Балтыйскага мора, мы хочам звярнуць увагу на наяўнасць значнай колькасці танонімаў тыпу «Жамойцішкі», «Жамайтэлі» і ім надобных у былых Бутрымонскай і Язненскай валасцях Троцкага, у Падбярэзскай, Рукойненскай, Янішскай валасцях Віленскага пав., у Аляксандраўскай, Беняконскай, Ганчарскай і Эйшышскай валасцях Лідскага, у Дубатоўскай воласці Свянцянскага, у Забрэскай і Суботнікаўскай валасцях Ашмянскага паветаў ды інш.[165]. Гэтыя тапонімы досыць сканцэнтраваныя і шчыльна абымаюць усходнія і паўднёва-ўсходнія межы сучаснай Летувы. Е. Ахманьскі заўважыў неадпаведнасць наймення «Жамойць» (нізкая зямля) таму геаграфічнаму становішчу, якое займае гэта вобласць, размешчаная на высокім месцы. І ён выказаў меркаванне, што гэты назоў паўстаў тады, калі жамойты сядзелі на нізінным месцы над р. Нявежай. Але адсюль іх нібыта выцеснілі аўкштоты, якія прыйшлі з ашмянскіх пагоркаў (адсюль і Аўкштота — высокая зямля). У выніку гэтага жамойты і засялілі сваю сучасную мясцовасць, выцесніўшы адтуль куронаў[166]. Так гэта ці не, але наяўнасць у адных і тых жа мясцінах жамойцкіх і аўкштоцкіх тапонімаў можа ў некаторай меры пацвярджаць гэту думку. Адначасова адсюль можна дапусціць, што ў нашых летапісах Аўкштота выступае над старым назовам сваёй тэрыторыі. І гэта найбольш верагодна, бо яшчэ ў канцы ХІХ і пачатку ХХ ст. жыхары ўсходняй Літвы нярэдка называліся жамойтамі, а летувіская мова — жамойцкай[167].
З разгледжанага бачна, што балцкія землі некампактна цягнуліся з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход ад Балтыйскага мора да вышнявіны Шчары. У даследваннях сцвярджаецца аб наяўнасці на гэтых землях ужо ў пачатку ХІІІ ст. адносна адзінай дзяржавы[168], сведчаннем чаго нібыта з'яўляецца дамова 1219 г. Аднак з гэтым цяжка пагадзіцца. У ёй упамінаюцца больш за 20 старэйшых князёў, што яскрава сведчыць аб выключнай раз'яднанасці гэтых земляў. Выраз «старэйшыя князі» адносіцца ў гэтай дамове не толькі да князёў Літвы, як гэта звычайна сцвярджаецца даследнікамі, але і да князёў усіх пералічаных тут земляў. Тое, што князі Літвы названыя першымі, яшчэ раз паказвае яе месцазнаходжанне ў Верхнім Панямонні. Яна была найбліжэй да Валыні і таму названая першай. Апрача таго, не звярталася ўвага на адсутнасць у гэтай дамове нальшчанскіх князёў. А гэта таксама не дае права гаварыць аб наяўнасці нават адносна адзінай дзяржавы на гэтых землях. Але самае галоўнае, гэтак званае адзінства было вынікам не нутранога развіцця, а вонкавага фактару: балцкія князі былі пакліканыя валынскімі князямі для барацьбы з палякамі і тым сама паказалі сябе ў якасці наймітаў.