Выбрать главу

На заканчэнне зноў вернемся да старажытнай Літвы. Найбольш важна тут будзе падкрэсліць, што яна ўрэзвалася клінам паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і побач з імі з'яўлялася адной з гістарычных абласцей Беларусі. Зразумела, што пры аб'яднанні гэтых земляў яна не магла не ўвайсці ў склад тэрыторыі Беларусі як адна з яе складовых частак. Не бачачы такога геаграфічнага становішча старажытнай Літвы, нельга зразумець, чаму яна ў сярэдзіне ХІІІ ст. апынулася ў фокусе палітычнага суперніцтва суседніх з ёю земляў, якія імкнуліся заваяваць яе, што было першым звяном у пашырэнні іх улады на іншыя землі. У гэтым суперніцтве атрымаў перамогу Новагародак, які і стаў цэнтрам утварэння новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. 

4. ЛІТОЎСКІЯ НАБЕГІ І СЛАВЯНСКАЯ КАЛАНІЗАЦЫЯ 

«Літоўскія набегі» гістарычная навука разглядае як фактар, які нібыта падрыхтаваў заваёву «літоўскімі феадаламі» беларускіх земляў. Даследнікі звычайна спасылаюцца для пацверджання гэтага на «Слова аб палку Ігаравым». Так зрабіў і Ў.Пашута. Зазначыўшы, што гэты твор паведамляе пра страту полацкімі князямі былых пазіцый у Літве і Падзвінні, ён падмацоўвае сваё меркаванне наступнымі радкамі: «И Двина болотом течет оным грозным полочаном под клики поганых. Един же Изяслав, сын Васильков, позвони своими острыми мечи о шеломы литовськыя, притрепа славу деду своему Всеславу, а сам под чрьлёными щиты на кроваве траве притрепан литовськими мечи… Не бысть ту брата Брячислава, ни другаго Всеслава…»[169] Як вядома, «Слова» не летапіс, а мастацкі твор. Таму перад даследнікам стаіць задача высветліць, якія гістарычныя падзеі адлюстраваныя ў гэтым месцы твора. Хутчэй за ўсё аўтар яго, гаворачы пра з'яўленне «паганых» на Дзвіне, меў на ўвазе падзеі 1167 г., калі вядомы нам менскі князь Валадар Глебавіч рушыў з сваім войскам, у складзе якога, як і ў 1162 г., магла быць літва, на Полацак, захапіў яго і пайшоў далей уздоўж Дзвіны на Віцебск, дзе яго напаткала няўдача[170]. Выкарыстанне полацкімі князямі літвы і ліваў як вайсковай сілы ў паходзе на Друцак мела месца і ў 1180 г.[171], незадоўга да напісання «Слова». Вось гэтыя і падобныя факты далі падставу аўтару «Слова» гаварыць пра з'яўленне «паганых» на Дзвіне. Але гэтыя факты сведчаць, што не сама літва прыйшла на Полаччыну, як звычайна сцвярджаецца, а была прыведзеная полацкімі князямі для барацьбы паміж сабой. Такія дзеянні былі характэрныя не толькі для полацкіх князёў. Кіеўскія князі ў міжусобнай барацьбе часта выкарыстоўвалі полаўцаў. За гэта аўтар «Слова» асуджае і кіеўскіх, і полацкіх князёў: «Ярославли (г. зн. кіеўскія князі) и вси внуци Всеславли (г. зн. полацкія князі)!.. Вы бо своими крамолами начасте наводити поганыя полкы на землю Рускую, на жизнь Всеславлю…» Вось гэтых слоў і не падаюць даследнікі, а якраз у іх і паказаная праўдзівая прычына з'яўлення «паганых» на Дзвіне.

Што да князя Ізяслава Васількавіча, які загінуў у барацьбе з літвою, то найперш трэба адзначыць, што гэта адзіны герой у «Слове», якога не ведаюць летапісы, і таму цяжка сказаць, дзе ён княжыў. Выраз «трубяць трубы гарадзенскія» яшчэ не дае падставы гаварыць, што ён быў князем у Гарадзені (сучасная Горадня), бо ў тым часе гарадоў з такім назовам было даволі шмат. Але, як паказвае «Слова», полацкі і віцебскі князі Брачыслаў і Ўсяслаў Васількавічы не падтрымалі свайго брата Ізяслава ў барацьбе з літоўцамі. Гэтым яно таксама пацвердзіла, што полацкія князі не былі ў варожых стасунках з літвою нават і тады, калі з ёю ваяваў іх брат. Такім чынам, «Слова» дае праўдзівую гістарычную карціну дачыненняў паміж Полацкам і літвой. І таму не маюць рацыі тыя даследнікі, якія вырываюць з тэксту «Слова» паасобныя месцы, каб пацвердзіць штучную канцэпцыю пра падначаленне літве беларускіх земляў.

І ўсё ж у першыя тры дзесяцігоддзі ХІІІ ст. у розных крыніцах зарэгістраваныя тры літоўска-полацкія канфлікты, на якіх у даследваннях асабліва завастраецца ўвага. Таму яны патрабуюць уважлівага разгляду, каб высветліць іх характар.

Першы з іх знайшоў адлюстраванне ў «Кроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага пад 1201 г. Тут сказана, што летоны, пасля таго як, прыйшоўшы ў Рыгу, учынілі мір з хрысціянамі, «наступнай зімою, спусціўшыся ўніз па Дзвіне, з вялікім войскам накіраваліся ў Семігалію. Пачуўшы, аднак, яшчэ да ўступлення туды, што кароль полацкі прыйшоў з войскам у Літву (Летонію), яны кінулі семігалаў і паспешліва адышлі назад»[172]. Найперш узнікае сумнеў, ці былі гэтыя «літоўцы» з тэрыторыі сучаснай Летувы, як гэта прынята лічыць, бо ім у такім выпадку не было сэнсу плысці па Дзвіне ў Семігалію, паколькі апошняя знаходзілася на левабярэжжы Дзвіны і на поўдзень ад яе была Летува ў сучасным разуменні і таму да семігалаў прасцей і бліжэй было дабрацца па сушы. Калі ж гэта былі сапраўды літоўцы, то яны жылі не на тэрыторыі сучаснай Летувы, а дзесьці далей на ўсход, побач з Полацкай зямлёй, ім у такім разе зручней было дабірацца да семігалаў па Дзвіне. Незразумела, чаму В. Данілевіч сцвярджаў, што вынікі гэтага паходу полацкага князя ў Літву невядомыя і што, маўляў, такія адзінкавыя спробы ўціхамірыць літву мала прыносілі карысці для Полацка[173]. Як ўжо відаць з вышэй пададзеннага ўрыўка, летоны, даведаўшыся, што полацкі князь пайшоў у іх зямлю, адмовіліся ісці ў Семігалію, бо менавіта за намер напасці на апошнюю як на ягонае ўладанне і помсціў Полацак паходам на Летонію. Такім чынам, тут яўна выявілася сіла Полацка і бяссілле Летоніі. Звяртаем увагу і на тое, што «Кроніка Лівоніі» засведчыла прыналежнасць Семігаліі Полацку.

Паводле Я. Длугаша, у 1216 г. літоўскія дружыны ўварваліся ў ваколіцы Полацка і сталі рабаваць іх. Яны нібыта былі разгромленыя і выгнаныя смаленскім князем Мсціславам Давыдавічам[174]. Такую магчымасць нельга адмаўляць. Якія б ні былі прыязныя дачыненні паміж суседнімі землямі, яны тым не менш не перашкаджалі спробе пажывіцца пры нагодзе за кошт суседа. А такая нагода ў 1216 г. магла з'явіцца. Полацкі князь у гэтым годзе сабраў войска, каб ісці на Рыгу, але раптоўна памёр. Таму літва, якая была ў складзе полацкага войска, магла выкарыстаць замяшанне ў Полацку і пачаць рабаваць пры адыходзе менавіта яго ваколіцы. Можна таксама дапусціць, што з прычыны часовай адсутнасці ў Полацку свайго князя палачане звярнуліся да смаленскага князя (які мог быць удзельнікам паходу на Рыгу і таму прысутнічаў тады ў Полацку), каб расправіцца з літоўцамі. І ўсё ж такога не было. Па-першае, наяўнасць літвы ў войску Ўладзіміра гаворыць пра шчыльны хаўрус Полацка з ёю ў гэтым часе. Па-другое, смаленскім князем тады быў не Мсціслаў Давыдавіч, а Ўладзімір Рурыкавіч, які княжыў тут у 1214–1219 гг.[175] Па-трэцяе, апошні таксама не мог бы прыйсці на дапамогу Полацку, бо тым часам удзельнічаў разам з іншымі князямі ў паходзе на Суздаль[176]. Усё гэта адмаўляе факт нападу на Полацак і разгром яго Мсціславам Давыдавічам у 1216 г.

Адзначаецца і яшчэ адзін факт, калі ў 1225 г. літва напала на Полацкую, Ноўгарадскую і Смаленскую землі. Сапраўды, у Лаўрэнцеўскім летапісе занатавана: «Тою же зимы воеваша Литва Новгородскую волость, и поимаша множество много христиан и много зла сотворише, воюя около Новгорода, и около Торопца и Смоленска, и до Полотьска, бе бо рать велика ака же не было от начала миру»[177]. Аднак у тым жа летапісе, паводле Акадэмічнага спіса, гаворыцца пра нашэсце літвы ў раён Тарапца і Таржка, а Полацак не называецца[178]. І гэты запіс больш праўдзівы, бо ён супадае з адпаведным запісам Ноўгарадскага І летапісу[179]. А каму, як не ноўгарадцам, лепш было ведаць, на каго ў гэтым выпадку нападала літва. Як бачым, усе тры факты, якімі аперуюць даследнікі дзеля пацверджання нападаў літвы на Полацак, малаверагодныя. І сапраўды, як ў ХІІ ст., так і ў ХІІІ ст. літва была зброяй у руках Полацка для барацьбы з суседнімі землямі. Больш за тое, каб кампенсаваць свае страты ў Ніжнім Падзвінні, якім завалодалі крыжакі, Полацак усё больш умацоўваў сувязь з літвой і свой уплыў на яе. Аб гэтым і сведчыць усё большы лік набегаў літвы на Пскоўскую, Ноўгарадскую і Смаленскую землі. Вось іх пералік паводле Пскоўскага, Ноўгарадскага і Суздальскага летапісаў: 1200 г. — на Ловаць да Налюця, 1310 г. — на Хадынічы, 1213 г. — на Пскоў, 1217 г. — на Шэлонь, 1223 г. — на Тарапец, 1224 г. — на Русу, 1225 г. — на Таржок і Тарапец, 1229 г. — на Любну, Марэву і Селігер, 1234 г. — на Русу, 1238 г. — на Пскоў, 1245 г. — на Таржок і Бежыцу, 1247 г. — на Пскоў, 1248 г. — на Зубцоў. Дарэчы, заўважым, што А. Сабалеўскі на падставе гэтых звестак зрабіў выснову, што Літва тады была не ля Вільні і Трокаў, а ў раёне Ўсвятаў, між Віцебскай і Смаленскай земляў[180]. Але ён не ўлічыў, што Ўсвяты, далей якіх за «літвой» не гналіся ноўгарадцы ў 1223, 1225 і 1245 гг., былі крайнім полацкім уладаннем, дзе яна і знаходзіла сабе надзейнае прыстанішча. Апрача таго, ён не ўзяў пад увагу, што пададзеныя ім словы літоўскага паходжання, як «твань», «нетра» і іншыя, сустракаюцца не толькі на Смаленшчыне, але і на ўсёй тэрыторыі Беларусі і ўсюды там, дзе ў далёкія часы жылі балцкія плямёны.