Выбрать главу

Я яшчэ больш сціснуў прадмет, які трымаў у руцэ, рыхтуючыся махнуць ім пры першай жа магчымасці. Я быў гатовы ўдарыць і абараніць сябе ад жудаснага, як мне здавалася, монстра, што прабіраўся да карабля.

Сцямнела як унутры карабля, так і звонку. Ні праз прабоіну ў корпусе, ні праз трэснутае шкло кіравання – я не бачыў амаль нічога. І раптам на маім касцюме загарэўся дысплей, які знаходзіўся на запясце. Я тузануўся ад сіняга святла, зірнуў на дысплей на левай руцэ – на ім адлюстроўвалася нейкае слова. Я зачыніў святло далонню, дысплей патух, увесь шоргат разам знік. Толькі здалёк шумела лісце ад ветру.

– Дзіўна… – падумаў я, – Чаму раптам усе гучныя гукі сціхлі?

Я насцярожыўся, змакрэў. У гэтай цемры станавілася яшчэ страшней, чым пры святле дысплея. Я паспрабаваў вярнуць яго святло, вадзіў пальцамі і далонню па ім, але ён не ўключаўся. Стук аб метал карабля хутка адцягнуў мяне ад дысплея.

Хтосьці ўзлез на борт. Дакладна. Выразны гук, падобны на сокат, станавіўся ўсё гучней. Маленькае святло, якое з'явілася ўслед за гукамі, асвятляла сабой усё больш прасторы. Я заўважыў рухаючы сілуэт, стаў цэліцца ў яго, каб ударыць з усёй сілы. Заскражатаўшы зубамі, я выскачыў і ўзмахнуў цвёрдым прадметам. Удар прыйшоўся незнаёмцу ў спіну. З вялікім грукатам ён паваліўся на падлогу. Я, не чакаючы такога шуму, здрыгануўся. Мне здавалася, што ён будзе ляжаць нерухома некаторы час, але ён пачаў павольна ўставаць.

Я працягваў цэліцца, сціскаць цягліцы, хацеў ужо ўдарыць яшчэ раз, але пачуў.

– Прабачце!? Вам патрэбна дапамога? Я магу вам чым-небудзь дапамагчы?

Я зрабіў пару крокаў назад, спіной упёрся ў сцяну. Паспрабаваў зноў уключыць святло на дысплеі, але той не слухаўся мяне. Я стаў больш актыўна перабіраць пальцамі па яго паверхні. Прыбор паддаўся, і я асвятліў ім прастору перад сабой. Шэрае, худое стварэнне ўстала перада мной спіной. Я застыў на месцы. Яго паказальны палец выпраменьваў чыстае святло. Шэры сілуэт на чорным фоне развярнуўся і стаў сьвяціць прама на мяне. Святло не прыносіла маім вачам дыскамфорт.

– Што ты такое? Не падыходзь!! – гучна вымавіў я і падняў металічную трубу перад сабой.

– Я вінаваты перад вамі, прабачце! Я не хацеў вас напалохаць. Я магу вам чым-небудзь дапамагчы?

– Не падыходзь да мяне! Вось так і стой! Давай, асвятлі сябе. Я хачу бачыць цябе.

Ён павярнуў сваё святло на сябе. Што я ўбачыў? Перад мной стаяў дзіўны шэры робат: у яго быў твар з чалавечымі рысамі, не было паўрукі, сам ён быў не таўсцей мяне; усе канечнасці мелі чалавечую форму; тулава ў верхняй частцы было шырэй, чым унізе. Усе яго часткі злучаліся чорнымі трубкамі і іншымі механізмамі.

Я не ведаў, як паводзіць сябе далей.

– Як вы сябе адчуваеце? – спытаў ён і стаў падбірацца да мяне.

– Хопіць! Стой на месцы. – сказаў я, упэўнена трымаючы моцны прадмет перад сабой.

– Не бойцеся, я не прычыню вам зла. У маю праграму закладзена дапамога і забеспячэнне бяспекі людзям. Я бачу, што вы занадта напружаны і напалоханыя, пульс значна вышэй за норму. Вам варта прысесці і супакоіцца. Яшчэ вам варта прыняць ежу. Тут, на борце, я знайшоў вам ежу, пакуль вы знаходзіліся без прытомнасці.

Пакуль я моўчкі падбіраў патрэбныя словы, робат казаў усё хутчэй і ціха падбіраўся да панэлі кіравання. Там ён націснуў на нейкую кнопку. Цьмянае, трохі мігатлівае святло ўключылася над намі.

– Добра… Хто ты такі? Адкуль ты ўзяўся? Ты ляцеў са мной? – з спалоханым выглядам я задаў некалькі пытанняў.

Робат выключыў свой ліхтарык і павярнуў галаву да мяне.

– Я робат серыі Ф-11, трэцяга пакалення. Мяне стварылі ў карпарацыі СКР, у дзьве тысячы дзевяцьсот дзевяноста восьмым годзе. Быў…

– Стоп, стоп, стоп! – перабіў яго прамову я. – Які зараз год?

– Тры тысячы сямнаццаты год. Другое чэрвеня, чацвер.

Я моўчкі сеў. Робат прыладзіўся насупраць мяне.

– Ты ведаеш, хто я? – пытанне само сабою вырвалася і перарвала цішыню.

– Прабачце, ваша імя і твар мне незнаёма.

– Значыць, ты не са мной быў…калі карабель пацярпеў крушэнне. Ты хоць бачыў, як я тут апынуўся? – працягваў я.

– Я бачыў, як гэты касмічны карабель быў падбіты пад аблокамі, а затым паваліўся на зямлю. Мне спатрэбілася чатыры гадзіны, каб дасягнуць месца крушэння і аказаць вам медыцынскую дапамогу.