Нягледзячы на стомленасць ног, я ўсё ж хутка перабіраў імі, тым самым паскараў тэмп хадзьбы.
І калі гэты луг скончыўся, мы зноў зайшлі ў нейкія джунглі. Зайшлі ўглыб новага лесу, так далёка, што пранізлівыя піскі невядомай істоты больш не дакраналіся нашых вушэй.
Тут, з галінкі на галінку пераляталі каляровыя птушкі. Яны шчабяталі, спявалі свае сумныя песні. Ад гэтай мелодыі мне станавілася яшчэ цяжэй ісці. Уся паверхня глебы гарэла ў нейкіх маленькіх сініх кветках. Смачна пахла.
Я ўсё спадзяваўся скінуць заплечнік і сесці адпачыць. Але робат маўчаў аб прывале. А калі я захацеў сам пра гэта загаварыць, то ён спыніўся. Застыў. Я таксама спыніўся і паспяшыў супакоіць сваё дыханне. А вось ногі працягвалі гудзець ад гадзінных прагулак.
– Ну што, тут бяспечней? – раздражняльна спытаў я. – Можам ужо, нарэшце, прывал зладзіць?
Ф-11 па-ранейшаму маўчаў і не рухаўся. І калі я падышоў да яго вельмі блізка, ён рэзка павярнуўся і паваліў мяне на зямлю. Я ў разгубленасці і здзіўленні ляжаў на сырой паверхні. Хацеў хутка ўстаць, але ад стомы тармазіў сваё цела і думкі. Я пацягнуўся за вінтоўкай. А робат тут жа падняў свой паказальны палец і вертыкальна падвёў яго да сваіх штучных шэрых вуснаў. Паказаў мне жэст цішыні і стаў аглядацца па баках. Я не на жарт спалохаўся, гэтае няведанне таго, што адбываецца мяне пужала. Ф-11 роўна стаяў, круціўся ў розныя бакі. Потым я пачуў, як нешта рухалася каля нас. Рэдкія шоргаты блыталі мае думкі, наводзілі на мяне яшчэ большы страх. Здавалася, што хтосьці скрабе кару з дрэў. Я працягваў ляжаць, падрыхтаваў зброю да стральбы. Здалёк, нешта дзіка захрыпела, заравела. Мы абодва замерлі. Услухоўваліся і чагосьці чакалі. А джунглі то застывалі ў маўчанні, то ажывалі ў гэтых гучных танах. Мне падалося, што пара ўжо ўстаць і навесці вінтоўку. Парадкам надакучыла баяцца, пара бы ўжо выпусціць пару куль ад злосці.
І я ўскочыў, прыцэліўся. Наперадзе, у раслінах мільгала нейкая цёмная істота. Холад прабег па ўсім маім целе. Трэба было нешта рабіць. Праявіўшы рашучасць, я націснуў на курок, стрэліў адным патронам у бок гідкага гуку. Нечакана храп пачуўся ўжо за маёй спіной. Я хутка павярнуўся, не раздумваючы, зноў стрэліў у злоснага, ікластага звера, які стаяў перада мной. На гэты раз я паспеў кінуць уніз чатыры гарачыя гільзы. А ў адказ атрымаў па твары звярынай лапай. Кроў тут жа пырснула з маёй шчокі прама ў бок робата, які проста назіраў і не ўмешваўся. Адвёўшы галаву ў бок пасля чапляльнага ўдару звера, я працягваў страляць. Ад шматлікіх агнястрэльных раненняў істота застагнала і прынялася бегчы.
Апоўдні я стаяў з шырока расплюшчанымі вачыма, моцна сціскаў зброю. Я застыў на месцы ў гэтым становішчы. Затым агледзеўся і зноў застыў на месцы. Углядаўся ў кожны рух лісця. Я ледзь не загінуў. У галаве трымаў гэты вобраз: бардовае кудлатае цела, ростам з мяне, але ў некалькі разоў шырэй, падабенства вялікай малпы. Яно мела розныя па велічыні пары пярэдніх канечнасцяў. Вочы яго былі чорныя, як бездань. Вострыя іклы маглі б мяне папросту разарваць. Да такога я відавочна не быў гатовы.
З маёй раны, кроў павольна цякла па шыі, на форму.
– З вамі ўсё ў парадку?! – паспяшаўся спытаць робат. – Вам варта апрацаваць рану.
– Не, не ведаю! – спалохана прамармытаў я. – Ты гэта бачыў?
– Так. Калі ласка, я дапамагу вам! Трэба апрацаваць рану. Дастаньце з заплечніка аптэчку.
– Ды пачакай ты са сваёй дапамогай! Што за пачвара напала на мяне? – горача сказаў я, размахваючы штурмавой вінтоўкай з боку ў бок.
– Гэта быў дзікі звер Скей, людзі яго так празвалі дзесяць гадоў таму. Мутаваная істота. Іх раней было даволі мала, але цяпер становіцца ўсё больш і больш. Калісьці яно адарвала мне руку ў барацьбе за чалавечае жыццё. – распавёў сваю гісторыю робат, а пасля бліжэй падышоў да мяне. – Прашу вас. Давайце апрацуем рану і пойдзем далей.
Я зірнуў у вочы робата, затым на месца адарванай рукі. Апусціў бровы і супакоіў свае рукі. Дула вінтоўкі ўжо глядзела ўніз. Яго гісторыя выклікала ўва мне яшчэ больш пытанняў, але на іх пакуль не было часу. Я адразу ж дастаў з заплечніка аптэчку, выцягнуў з яе балончык і працягнуў яго робату. Ф-11, не губляючы ні секунды, упырснуў на рану празрыстае рэчыва і кроў перастала цекці. Пасля, вярнуўшы назад прадметы ў заплечнік, мы хуткімі крокамі сталі прабірацца наперад. Настрой мой быў трывожны і злы. Я не збіраўся чакаць, пакуль на нас нападзе яшчэ якое-небудзь звяр'ё.