Выбрать главу

— Добра,— радасна згадзілася Ганна.

— Учора на праўленні рашылі адкрыць у калгасе агранамічныя курсы,— паведаміў ён.— Два разы ў тыдзень займацца будзем. Запішашся?

— А як жа,— сказала Ганна.

— Ты колькі класаў скончыла?

— Тры,— беручы чарговы мех, адказала яна.— Не было як хадзіць, дык кінула.

— Сёння ў нас сход, дык прыходзь. Ва ўсім дапаможам — ты дзяўчына працавітая. Возьмеш у мяне статут камсамола.

Вунь колькі паспеў нагаварыць ёй Рыгор Драздоў, пакуль мяхі насілі. Колькі марыла яна пра вучобу, аж тут бач якое будзе рабіцца! Ужо загадзя за яе падумалі, загадзя аб усім патурбаваліся. Яна ўзялася за лейцы, кранула каня.

— Н-но!

Тады Рыгор Драздоў гукнуў:

— Пачакай, Ганна! А хто ж мяхі дапаможа зносіць?

Яна спыніла каня, паціснула плячыма: дапамагчы і сапраўды не было каму...

Невысокага росту, але каранасты, з карычневымі вясёлымі вачыма, у напаўвайсковай форме, у хромавых паношаных ботах, ён ішоў поплеч з ёю, размаўляў і час-ад-часу перабіраў правай рукою валасы на галаве. Парыпвалі аглоблі, рыпела нешта ў хамуце на кані, конь фыркаў, гучэў трохі хрыплаваты, але ласкавы Рыгораў голас, а над усім гэтым стаяў напаўлетні, напаўвосеньскі дзень, што чапляў і на парканы, і на двары, і на каня, і на калёсы з мяхамі, і на саміх іх тонкае павуцінне бабінага лета. Рыгор усё расказваў, але, на вялікае яго здзіўленне, Ганна амаль не слухала цяпер яго. Яна найбольш аглядалася на двары, з якіх выглядалі бабы ды падлеткі, ёй так і хацелася сказаць ім усім: «Бачыце, колькі ў нас хлеба! Во прыйдзе свята, дык так справім — і Яўгена з горада пазавем!» Але ці можна было такое гаварыць, калі поплеч з ёю крочыў Рыгор Драздоў?

Ганна доўга думала над гэтым і раптам сказала Рыгору: ·

— Во ўжо і не так далёка да Кастрычніцкіх свят. Мы таксама спраўляць будзем. Прыдзеце да нас у госці?

— А чаму ж не прыйсці,— адразу згадзіўся ён.

Фурманка апускалася ў лог да мосціка, конь пайшоў подбегам, і абодвы яны заспяшаліся. Рыгор, як узышлі на мосцік, быў памкнуўся зноў памянуць пра Міцьку Тачылу, але перадумаў і змоўчаў. А тут, за мосцікам, адразу і паваротка ў двор. Двор стаіць на ўзгорачку і пабудаваны па даўняму звычаю — амаль у канцы пляца. Пры ім усюды расце бульба і віднеецца яшчэ палоска Адарчынага лёну ды шуміць на ветры ігруша, і ўсё гэта вельмі выразна вырысоўваецца на фоне неба, бо далей, за дваром — спад, поплаў. А пры двары на лавачцы сядзіць Адарка.

«Божачка,— думае яна, калі фурманка зварочвае з вуліцы.— Няўжо гэта да нас? Аж чатыры мяхі!»

I ўпотай Адарка ўжо лае самую сябе, бо сама малавата працавала, быццам ёй усяго гэтага і не хацелася. I ўпотай упершыню нават як бы сорам закрадаецца ў душу. Міжвольна яна падхопліваецца і яшчэ па-старэчаму тупае да частаколавых варот, каб расчыніць іх. I міжвольна прыпамінаюцца спрэчкі з брыгадзірам. Як гэта здарылася, што часам яна адставала ад усіх? Імжыць яшчэ жаўранак у небе. Так, падымецца з пожні, патрапеча крыламі дый і зноў асцярожна апускаецца ў разорыну. I цяжка б’ецца сэрца ў Адаркі, хоць самой ёй і радасна. А калі фурманка падыходзіць да варот, на твары Адаркі з’яўляецца нават нешта накшталт непаразумення. Сакратар камсамола крочыць разам з Ганнаю. Гэта не тое, што той далёкі родзіч Яўген, якога яна і недалюблівала за яго ганарлівасць. А гэты, незнаёмы, бач, цягае з Ганнай мяхі, перагукваецца ды пасмейваецца. I Адарка пачынае крытычна аглядаць дачку: а хто ж яго ведае, чым яно ўсё можа скончыцца!..

6

Дзіва, што пачало рабіцца ў калгасе. Пасля таго, як знікла кампанія Дугі, аграном адкрыў пры клубе курсы, часта адбываліся тут і камсамольскія сходы. I раптам зусім нечаканае: Ганну Жылудовіч праўленне накіравала на прарыў — даручыла звяно па апрацоўцы ільну. А што за звяно! Старая Дадовіч, Адарка, жонка Зорыка Дугі Хіма і яшчэ некалькі такіх жа не надта старанных жанчын. 3 раніцы Ганна бегае па дварах, збірае сваё звяно.

— Хіма! — гукае яна пад акном.— Выходзь на работу!

— Ой, мілая мая, ды я ж толькі ў печы распаліла,— адказвае Хіма праз расчыненае акно. — Пачакай трохі. Збегай спачатку да Дадовічаў.

I Ганна імчыцца да Дадовічаў, а Хіма, пазіраючы ёй услед, цяжка ўздыхае: нядобрыя насталі дні. Каб не гэты аванс, то можна было б і зусім не ісці, а так — куды там. Чаго добрага,— пляц яшчэ адбяруць, во і круціся тады. Дый і Зорыка могуць яшчэ больш зганьбіць — бач, давялося ж уцякаць ажно ў Валжэвічы — гэта за сорак кіламетраў адсюль. Такія, як гэты новы старшыня ды во Ганны розныя,— прыціснуць добранька. Нездарма ж убіраюцца ў сілу. Не, трэба спяшацца. На рабоце зарывацца, канешне, не варта, а так, адбыць дзень трэба.